Выбрать главу

Пасля таго як Радзівіл напісаў і перадаў каменданту змацаваныя асабістай пячаткай лісты ўсім названым асобам, арыштаваных перавялі ў іншае памяшканне. Яно было вялікім і сухім, з камінам, дзе весела гарэлі дровы (Невяроўскі, у якога ад холаду зуб на зуб не трапляў, з радасным крыкам кінуўся грэць рукі), а на драўляным памосце, які служыў ложкам, ляжалі нават два чыстыя матрацы, набітыя свежай саломай.

— Каралеўскія пакоі, — не стрымаў іроніі Багуслаў, але, звярнуўшыся да вартавых, папрасіў перадаць удзячнасць каменданту.

Удзячнасць стала яшчэ большай, калі сэр Элмерз даслаў ім ежу са свайго стала. Вячэра была не надта смачнай, але, паеўшы і выцягнуўшы стомленыя целы на цвёрдых ложках, вандроўнікі адчувалі сябе амаль шчаслівымі.

Праз тыдзень камендант наведаў Радзівіла з выбачэннямі. Аддаў арыштаваным іх рапіры, Багуславу — адабраныя каштоўнасці, але трохі сумеўся, вяртаючы князю кашалёк.

— Здаецца, мае людзі ўжо паспелі нешта выдаткаваць, але, на шчасце, не ўсё… — сказаў ён.

Усплыла і прычына ветлівасці — атрымаўшы пасланне ад Радзівіла, кароль Карл паслаў сэру Элмерзу не толькі загад неадкладна вызваліць літоўскага князя і яго людзей, але і даручыў графу Голанду асабіста суправаджаць Багуслава ў Лондан і насварыцца на каменданта за памылку. Другую частку каралеўскага загада Генры Рыч ужо паспеў выканаць, і ў каменданта ўсё яшчэ трэсліся рукі і дрыжаў голас, калі ён маліў Радзівіла засведчыць перад каралём, што яго светласць хоць і трымалі пад вартай, але ставіліся да яго як да прынца.

— Я скажу яго вялікасці, што знаходзіўся пад апекай самага гасціннага наглядчыка ва ўсёй Англіі, — запэўніў яго Багуслаў.

Пры выхадзе з турмы Радзівіла чакала яшчэ адна прыемная неспадзяванка — пан Марцін Аборскі, які з усімі рэчамі і людзьмі сапраўды ўжо паспяхова быў дабраўся да Кале, пакінуў іх у Францыі, а сам вярнуўся ў Англію на пошукі князя.

Раздзел 12

БЕАТРЫСА

Парыж — Брусэль — Антверпен — Ольдэнбург

(сакавік — май 1640 года)

Калі Радзівіл нарэшце трапіў у Парыж, трохі затрымаўшыся пры англійскім двары (Карл І захацеў абавязкова пабачыць князя), місія Гасеўскага ўжо скончылася поспехам, і Ян Казімір нарэшце выйшаў на волю. Французскую сталіцу аж ліхаманіла ад святочных урачыстасцей — брата польскага караля цяпер віталі так, быццам ён не прасядзеў паўтара года ў французскай турме, а толькі цяпер наведаў Францыю.

Багуслаў убачыўся з прынцам у Люксембургскім палацы, які выдзелілі польскай дэлегацыі, бо палац стаяў пусты ад часу ўцёкаў каралевы-маці. Каралевіча князь заспеў у таварыстве Марыі Луізы Ганзага і зусім не здзівіўся, бо пра іх сувязь пляткарыў увесь Парыж.

Трыццацігадовы Ян Казімір быў высокага росту і добрага целаскладу, але яго твар нельга было назваць прыемным. Ён быў пасечаны глыбокімі шнарамі ад воспы, якія каралевіч старанна замазваў бяліламі. Яшчэ каралевіч мог пахваліцца вялікім носам, лупатымі вачыма і тонкімі вуснамі, якія пры з’яўленні князя расплыліся ў амаль прыемнай усмешцы.

— А я ўжо і не думаў, княжа, убачыць цябе тут, — заявіў ён адразу ж. — Па праўдзе кажучы, ты не надта спяшаўся…

— Ляцеў, як на крылах, як праўдзівы сябар вашай высокасці, — сказаў Багуслаў. — Толькі не думаў, што стану яшчэ і таварышам па няшчасці — мяне ж арыштавалі ў Дуўры як французскага шпіёна!

Каралевіч гучна зарагатаў, але, выслухаўшы гісторыю вызвалення князя, не стрымаў горкай іроніі:

— Я рады, што Радзівілы ў Еўропе маюць большую вагу, чым польскі каралевіч!

Марыі Луізе надакучыла слухаць размову на незнаёмай мове, і яна гучным пакашліваннем нагадала аб сваёй прысутнасці.

— Як там у Англіі, мансеньёр? — спытала яна ў Багуслава.

— Герцагіня дэ Шэўрэз перадае вітанні вашай высокасці, — сказаў князь. — Здаецца, мае намер выправіцца ў Фландрыю на спатканне з кардыналам-інфантам і Карлам Латарынгскім, і прасіла даслаць у Брусэль спрытнага чалавека…

Прынцэса ўхвальна кіўнула, а Ян Казімір гучна пазяхнуў — размовы пра палітыку выклікалі ў яго галаўны боль.

Знаходжанне ў таварыстве нелюдзімага каралевіча ператварылася для Багуслава ў вытанчанае катаванне. Задаволены тым, што мае пры сабе Радзівіла, гучныя тытулы і агульныя сваяцкія сувязі[153] якога дадавалі бляску і яго асобе, Ян Казімір цягаў князя з сабой на ўсе вячэры, якія спяшаліся даць у яго гонар французскія вяльможы. Парыжскія забавы і жарты Багуслава ўсё ж знялі кіслую міну з твару каралевіча. Яго стаўленне да князя, прадстаўніка ненавісных біржанскіх Радзівілаў, якія не далі яму атрымаць польскую і курляндскую кароны, адмовілі ў руцэ каханай Катарыны і наогул былі ерэтыкамі, значна палепшылася. У рэшце рэшт, гэты юнак быў ці не адзіным з палякаў, хто прыімчаўся на дапамогу. Ён нават адмовіўся ад чыну палкоўніка, і, у адрозненне ад Гасеўскага, які ва ўзнагароду за сваё пасольства выпрасіў у караля Уладзіслава некалькі багатых старостваў, не патрабаваў за паслугі нават падзякі… Вядома, Багуслаў быў бязбожна прыгожым, і побач з ім непрыемны твар каралевіча выглядаў яшчэ менш прывабна. Затое ён так весела смяяўся з яго няўклюдных жартаў, — а калі жартаваў сам, то ўсе вакол, нават Ян Казімір, аж жываты рвалі ад смеху. Ох, калі б гэты мілы князь быў добрым каталіком, здаецца, у яго асобе ён, Ян Казімір, мог бы мець добрага сябра — адзінага ва ўсёй ненавіснай Польшчы!..

вернуться

153

Яны былі прамымі нашчадкамі польскага караля Казіміра IV Ягайлавіча (1427–1492).