Пакінуўшы Ганну Аўстрыйскую разважаць, ці не памылілася яна з асобай пасланца, прыгожы твар якога прыхоўваў востры розум, Радзівіл адправіўся ў дарогу.
Брусэль, былая сталіца Вялікага герцагства Бургундскага і цяперашняя — Іспанскіх Нідэрландаў, з былой жамчужыны Габсбургскай імперыі ператварылася ў сімвал яе павольнай гібелі. Вайна з Аб’яднанымі Правінцыямі амаль знішчыла гандаль гэтай дзяржавы, падкасіла асновы яе дабрабыту. Хоць знешне нішто не прадказвала апакаліпсісу — выдатная архітэктура сталіцы, дзе фламандская чысціня ядналася з французскай вытанчанасцю і іспанскай пышнасцю, была прасякнутая духам строгай рэлігійнасці, якая ўпарта навявала гасцям думкі аб вечнасці. Горад сустрэў Багуслава з пашанай, як князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. Яна Казіміра ў Брусэлі ўжо не было, і ўся ўвага мясцовай арыстакратыі была адрасаваная толькі Радзівілу.
Брат іспанскага караля і намеснік Нідэрландаў, дон Фердынанд Аўстрыйскі, належаў да той ваяўнічай духоўнай браціі, якая служыць імшу хіба на полі бою і адпускае грахі ўжо пасля таго, як прапора шпагай варожае цела. На яго прыналежнасць да кардынальскага сану намякаў толькі чырвоны свецкі камзол і ўпрыгожаны цэлым пукам страусавых пёраў чырвоны капялюш, якія павінны былі замяніць яму пурпуровую мантыю і бірэту. Бялявыя валасы дона Фердынанда былі старанна завітыя, грозна адтапыраным вусам мог пазайздросціць любы афіцэр, а на прыемным, хоць і хваравітым твары яшчэ нельга было заўважыць выраджэння, характэрнага ці не для ўсіх членаў пакуль яшчэ магутнага роду Габсбургаў[154]. Нягледзячы на малады век (кардынал-інфанту яшчэ не споўнілася і трыццаці), дон Фердынанд паспеў праславіцца выдатнымі перамогамі, а чатыры гады таму напалохаў караля Людовіка XIII, калі ўзяў французскую крэпасць Корб, адкрыўшы сабе дарогу на Парыж. Багуслава ён сустрэў ветліва, хоць з-за суровасці іспанскага этыкету яго прывітанням бракавала сапраўднай шчырасці. Удзячна прыняў падарунак сястры і, запрасіўшы князя на абед, знік за дзвярыма кабінета, захапіўшы падораную кнігу.
На ўрачыстым абедзе, які даў дон Фердынанд у яго гонар, Багуслаў пазнаёміўся з іспанскімі грандамі і фламандскімі арыстакратамі. Яго суседам за сталом быў генерал Андрэа Кантэльма, які пазней стаў іспанскім намеснікам у Каталоніі. Памятаючы павучанні Януша, якому давялося быць паслом пры двары былой гаспадыні Нідэрландаў — інфанты Ізабелы, князь імкнуўся не дужа афішаваць сваё пратэстанцкае веравызнанне і спакойна ўзяўся за трапезу, блаславёную гаспадаром. Ён быў удзячны ганарлівым іспанцам ужо за тое, што ў яго прысутнасці пазбягалі рэлігійных дыспутаў, надаўшы ўвагу ваеннай кампаніі супраць галандцаў. Цяпер, калі галандцы цалкам разграмілі іспанскі флот, дон Фердынанд не меў ніякіх ілюзій наконт дапамогі Мадрыда і ў далейшай барацьбе за крэпасці на Шэльдзе спадзяваўся толькі на бога і на сябе.
— Нічога, — казаў ён, падкручваючы маладзецкія вусы. — Мы з божай дапамогай ужо білі гэтых едакоў селядцоў і яшчэ паб’ём. З намі святы Якуб і Найсвяцейшая Дзева Гвадэлупская!
— Рады буду сустрэць вашу высокасць на полі бою, — сказаў на гэта Багуслаў. — Я якраз еду ў лагер прынца Аранскага.
Няёмкая цішыня, якая запанавала за сталом па гэтых словах, раптам зазвінела гучным жаночым смехам. Багуслаў зацікаўлена павярнуў галаву: каля губернатара Дзюнкерка, маркіза дэ Велада, сядзела жанчына гадоў дваццаці шасці — такой неверагоднай прыгажосці, што аж дыханне спынялася. Пасля непрыемнага развітання з Ганнай Ганзага князь быў больш чым абыякавы да ўсіх жанчын на свеце, таму ён трохі здзівіўся, калі прыгажуня, перастаўшы смяяцца, падміргнула яму сваім светла-карым вокам.
— Хто гэтая пані? — пацікавіўся ён у Андрэа Кантэльма, які таксама не зводзіў з жанчыны закаханых вачэй.
— Удава графа Кантэкруа Беатрыса Кюзанс. Яна ці то жонка, ці то палюбоўніца герцага Латарынгіі Карла, які, страціўшы сваё герцагства, служыць Іспаніі, — ахвотна растлумачыў той. — Герцаг «ажаніўся» з ёй некалькі год таму пры жывой жонцы ды так і не зрабіў нічога, каб разарваць першы шлюб.
Багуслаў добра памятаў нязграбную герцагіню Ніколь Латарынгскую, якая, жывучы ў Парыжы, не пераставала пасылаць праклёны на галаву нявернага мужа і яго шлёндры. Усміхнуўшыся, Радзівіл сказаў, што добра разумее герцага Карла. Беатрыса пачула гэтыя словы і ўдзячна яму ўсміхнулася.
— А дзе ж сам герцаг? — спытаў князь у дона Кантэльма.
— Прыедзе, як толькі прыбудзе мадам дэ Шэўрэз, — адказаў той з нейкай дзіўнай усмешкай. — Не ведаю толькі, што атрымаецца, калі пад дахам кардынала-інфанта збяруцца абедзве герцагскія палюбоўніцы… Па праўдзе кажучы, дон Фердынанд мусіў быць асцярожнейшы, бо яго пратэжаванне чароўнай графіні ўжо выклікала незадаволенасць Папы.
154
Па палітычных матывах Габсбургі звычайна заключалі шлюбы з блізкімі сваякамі. Гэта абярнулася трагедыяй для дынастыі, паколькі яе прадстаўнікі часта мелі фізічныя і псіхічныя хваробы.