Выбрать главу

Багуслаў кашлянуў.

— Гэта сапраўды так, — асцярожна пагадзіўся ён, свідруючы вачымі Беатрысу, якая міла яму ўсміхалася. — Але калі вашай высокасці гэта не падабаецца, я вымушаны буду ўскласці віну за маю адсутнасць на вашу непадатлівасць, калі, вядома, не змагу абвінаваціць у гэтым аўстрыйскія кулі.

Кардынал-інфант грозна натапырыў вусы.

— Ваша вытанчанае нахабства, прынц, проста дзівіць, — сказаў ён, падпісаўшы і аддаўшы Радзівілу каштоўны дакумент. — Але я хоць і духоўная асоба, перашкаджаць каханню не буду. І на вайне, калі прыйдзецца сустрэцца на полі бою, паспрабую выбраць для сваіх стрэлаў іншую мішэнь.

— Я таксама буду цэліцца ў іншы бок, мансеньёр, — паабяцаў Багуслаў.

х х х

Развітаўшыся з донам Фердынандам і чароўнай графіняй, якая, здавалася, была шчыра засмучана ад’ездам палюбоўніка, Радзівіл выправіўся ў дарогу. Наступным буйным горадам, дзе яму прыйшлося затрымацца, быў Антверпен. Сталіца Брабанта, якую сто гадоў таму лічылі самым багатым горадам Еўропы, перажывала глыбокі заняпад. Ён пачаўся, калі войскі Аранскага дома перакрылі вусце Шэльды, адрэзаўшы гораду выхад да мора, і, захопліваючы адзін за адным іспанскія заакіянскія калоніі, паступова асушылі залатую плынь, якая забяспечвала Антверпену і Нідэрландам раскошнае жыццё. Вытанчаная архітэктура цэркваў, якія трапляліся тут на кожным кроку, аздобленыя шматлікімі скульптурамі дамы шляхты і багатых купцоў, а таксама выдатная сіне-ружова-белая гарадская ратуша былі своеасаблівым помнікам слаўнаму мінуламу Антверпена. Найлепшым будынкам у горадзе лічылі дом-майстэрню знакамітага жывапісца Рубенса. І Радзівіл, што па падказцы Ворстармана пачаў калекцыянаваць карціны, вядома ж, не мог яго абысці.

Прайшоўшы ў абабітыя жалезам дубовыя дзверы, якія перад ім гасцінна адчыніў сівавалосы слуга, князь трапіў у вымашчаны пліткай утульны «іспанскі дворык», у глыбіні якога віднелася раскошная скульптурная арка, якая аддзяляла двор ад саду. Узброеная дзідай Афіна і Меркурый у крылатым галаўным уборы выцягнуліся перад наведнікамі. На каменнай балюстрадзе былі афарызмы з дзясятай сатыры Ювенала, якія славілі сціплы і здаровы лад жыцця.

— Ведаючы гаспадара, я б дадаў да іх яшчэ адзін, — прашаптаў Варстэрман на вуха князю: «Lucri bonus est odor ex re qualibet»[157].

Прыкрыўшы рот карункавай хусткай, каб схаваць смех, Радзівіл мінуў арку і зацікаўлена паглядзеў у сад. Абсаджаная падстрыжанымі ў форме геаметрычных фігур кустамі кароткая алея ўпіралася ў невялікую капліцу, і перш чым князь паспеў задумацца, ці сведчыць гэта пра моцную рэлігійнасць гаспадара дома, ці ёсць толькі данінай традыцыі, яго дапытлівы погляд ужо паспеў разглядзець садовы павільён, упрыгожаны скульптурамі Геракла, Хонаса, Цэрэры і Бахуса, якія ўвасаблялі сілу, гонар, пладавітасць і п’янства. Справа мірна цурчаў фантан, да якога вёў цэлы пантэон п’яных сіленаў і распусных німфаў.

— Паладзім, — усміхнуўся Багуслаў і з лёгкім сэрцам адправіўся ўслед за слугой у дом.

У адрозненне ад раскошнага саду, які не здаўся б недарэчным побач з любым арыстакратычным палацам, дом вялікага жывапісца быў менавіта тым, чым і павінен быць, — жыллём сціплага мешчаніна, які, атрымаўшы ад двух каралёў шляхецтва і права насіць шпагу, заставаўся для ўсіх і перш за ўсё для сябе самога толькі рыцарам пэндзля і фарбаў. У доме было дзевяць сціплых пакояў — застаўленых грубай мэбляй і ніяк не прыстасаваных для прыёму гасцей. Іх сцены былі абцягнутыя залатой кардоўскай скурай (адзіны намёк на раскошу), а падлога вымашчаная дэльфцкай сіне-белай і бела-чорнай пліткай. Ворстарман, які правёў тут некалькі гадоў залатой маладосці, замілавана азіраўся вакол і жыва абмяркоўваў са слугой змены, якія адбыліся ў доме за гэты час. Багуслаў жа, распісаўшыся ў кнізе ганаровых наведвальнікаў, прайшоў да адзінага прасторнага памяшкання ва ўсім доме — мастацкай галерэі, дзе пачаў захоплена аглядаць карціны гаспадара, прыкідваючы, якая з іх магла б упрыгожыць яго віленскі палац. Марыў і пра ўласны партрэт, які хацеў бы замовіць гаспадару, але размова з жонкай Рубенса Хеленай, якая выйшла насустрач госцю, прымусіла князя адмовіцца ад намеру. Пачуўшы ад жанчыны, што вялікі жывапісец цяпер ніяк не зможа яго прыняць, Радзівіл абурана паглядзеў на Ворстармана.

— Я ж папярэджваў, што зараз не найлепшы час для гасцей, — з прыкрасцю сказаў Багуслаў, бо мэтр Лукас выцягнуў яго з хаты ў ранні час, калі вяльможы звычайна толькі ўставалі з ложкаў.

вернуться

157

Прыбытак пахне прыемна, і ўсё роўна, адкуль ідзе той водар (лац.).