Выбрать главу

Ён даказваў, што Рубенс мае звычку прачынацца ў чатыры раніцы і класціся спаць у тую пару, калі свецкае жыццё толькі пачынаецца.

Але Ворстарман, перакананы ў сваёй праваце, не на жарт устрывожыўся:

— Няўжо пан Рубенс захварэў? — пацікавіўся ён у маладой жанчыны. — Я ведаю яго ўжо даўно і пэўны, што сваім звычкам ён ніколі не здрадзіць.

— Баюся, што захварэў, мэтр, — цяжка ўздыхнуўшы, пацвердзіла яна. — Лекары нават кажуць, што…

Што ж кажуць лекары, ніхто так і не даведаўся, таму што са спальні раптам пачуўся голас Рубенса. Даведаўшыся, хто прыйшоў у госці, хворы катэгарычна патрабаваў прывесці да яго наведнікаў.

— Зусім не змяніўся: такі ж тыран, як і быў, — усміхнуўся Ворстарман, і яны з князем прайшлі ў спальню гаспадара.

Пітэр Паўль Рубенс сапраўды цяжка хварэў. Убачыўшы гасцей, ён зрабіў мужную спробу падняцца насустрач, супраць чаго катэгарычна запратэставалі і лекары, якія дзяжурылі ля яго ложка, і самі наведвальнікі, а потым доўга прасіў прабачэння ў князя, што прымае яго светласць лежучы. Калі ж убачыў Ворстармана, яго зморшчаны ад узросту і пакут бледны твар на імгненне зарумяніўся ледзь прыкметнай чырванню.

— А, гэта ты, няўдзячны чалавек! — закрычаў ён. — Дзякуй табе, што даў мне магчымасць хоць перад смерцю сказаць табе ўсё, што я пра цябе думаю.

І, павярнуўшыся да Багуслава, дадаў:

— Я, прынц, гэтага нягодніка выбраў з больш як сотні прэтэндэнтаў, што ахвотна працавалі ў маёй майстэрні. А ён аддзячыў мне тым, што ўцёк за трыдзевяць зямель шчасце шукаць.

— Вы, сэр Пітэр, не вельмі шчодры гаспадар, — спакойна сказаў Ворстарман.

— Сам ведаю… Тым не менш, я б з радасцю працягнуў табе руку, Лукас, забыўшыся пра нашы спрэчкі, калі б змог хоць паварушыць пальцамі. Спачатку аднялася адна рука, а некалькі тыдняў таму — другая. Каб ужо хутчэй канец, таму што гэта не жыццё для мастака, калі пэндзаль у руцэ трымаць не можаш…

Расчулены Ворстарман узяў яго за руку і паціснуў скручаныя пальцы, чым зусім супакоіў хворага, на бледных вуснах якога нарэшце з’явілася ўсмешка.

— Што прывяло вас у Антверпен, мансеньёр? — звярнуўся ён да Багуслава.

— Імкнуся дагнаць прынца Яна Казіміра, — сказаў Радзівіл. — Ён так прагне хутчэй вярнуцца дамоў, што не стаў затрымлівацца нават у гэтым цудоўным горадзе.

— Я калісьці пісаў партрэт яго брата, польскага караля, — кіўнуў Рубенс. — А прынц так і не ўшанаваў мяне візітам…

— Напэўна, баяўся спустошыць кашалёк, — услых падумаў Багуслаў. — Кажуць жа, што ты бярэш бязбожныя грошы за свае палотны.

— Якую б цану я за іх цяпер не запатрабаваў, усё роўна прадзешаўлю, бо пасля маёй смерці яны будуць каштаваць яшчэ даражэй… Ворстармане, ты памятаеш карціну, якую ты са сваімі таварышамі выпадкова заліў фарбай, а потым дамаляваў, разлічваючы, што я не пазнаю сваю руку?

— Памятаю, — усміхнуўся Лукас. — Толькі дамалёўваў яе не я, а ван Дэйк[158]. Мне б такая дзёрзкасць проста так не прайшла, а свайму ўлюбёнцу вы ўсе выхадкі даравалі.

— Ван Дэйк… — расчулена сказаў хворы, слаба ўсміхаючыся прыемным успамінам, якія навеяла гэтае імя. — Геніяльны хлопец, толькі жанчыны і віно хутка загоняць яго геній у магілу. Але гэта такое… Вось я жыў праведна, трымаўся ўсіх царкоўных пастоў, але хай д’ябал возьме маю душу, калі гэтая праклятая падагра не выправіць мяне на той свет…

Пакінуўшы Ворстармана генію, які паміраў, Багуслаў у суправаджэнні старэйшага сына Рубенса і яго прыгажуні-жонкі прайшоў у майстэрню мастака.

Майстэрня, дзе і цяпер упарта працавалі вучні Рубенса, выконваючы апошнюю замову караля Філіпа Іспанскага, знаходзілася ў акруглым памяшканні. Сонечнае святло залівала яго. Трапляючы праз вялікае круглае акно ў купалападобным, як у саборы, даху. Сцены і падлога былі з белага мармуру, на фоне якога шэрыя нішы, дзе стаялі мармуровыя бюсты рымскіх філосафаў і імператараў, выглядалі асабліва незвычайна і святочна. Бакавыя дзверы вялі ў кабінет гаспадара і ў залу для прыёму наведнікаў, на сценах якой віселі карціны майстра. Імі было асабліва зручна любавацца з невялікага балкона, напэўна, збудаванага менавіта дзеля гэтага. Разглядаючы палотны, Багуслаў час ад часу параўноўваў намаляваных на іх аголеных жанчын з гаспадыняй дома, і кожны раз пераконваўся, што бачыць перад сабой менавіта яе…

Налюбаваўшыся неверагоднай мастацкай калекцыяй майстра, дзе, акрамя яго прац былі карціны і іншых выдатных мастакоў, князь вярнуўся да сябе, развітаўшыся з гаспадаром і пакінуўшы ля яго Ворстармана — таргавацца за ўпадабаныя палотны і ўспамінаць мінулае…

вернуться

158

Ван Дэйк (1599–1641) — вядомы фламандскі жывапісец і графік, майстар прыдворнага партрэта і рэлігійных барочных сюжэтаў.