Выбрать главу
х х х

У Антверпене Радзівіл затрымаўся роўна на столькі часу, колькі спатрэбілася мэтру Лукасу, каб набыць для князя некалькі карцін, а затым зноў адправіўся ў дарогу. Яна Казіміра ён дагнаў толькі ў Амстэрдаме. Правёўшы каралевіча да галандскай мяжы, князь з палёгкай уздыхнуў — зараз ён мог ехаць на вайну!

Раздзел 13

GOTT МІТ UNS![159]

Малдэгем — Хюлст — Гельдэрн

(чэрвень — верасень 1640 года)

Ваенныя дзеянні ў Фландрыі звычайна актывізаваліся з прыходам вясны. Цёплае вясновае сонца не магло высушыць багністыя глебы краіны, значная тэрыторыя якой ляжала ніжэй за ўзровень мора, затое пакрыла яе тарфяністыя землі маладой зялёнай травой, забяспечыўшы харчаваннем прынамсі коней, калі не жаўнераў.

— Цёплыя дні абудзілі вайну, — казаў Лукас Ворстарман, які, як і кожны галандзец, добра разбіраўся ў такіх законах прыроды.

Ворстарман разам з Радзівілам ехаў у лагер прынца Аранскага. Вядома, Багуслаў усімі сіламі пераконваў хоць і адважнага, але ўжо немаладога гравёра чакаць яго ў Амстэрдаме, але той спакойнага жыцця не захацеў.

— І што я там буду рабіць, мансеньёр? — сказаў ён на гэта. — Ад нуды паміраць? Ці я рапіры ў руках не трымаў? Ці з мушкетам спраўляцца не ўмею? Памятаю, як нейкіх дзесяць гадоў таму…

— Заставайся ўжо, — смяяўся ў адказ князь. — Толькі, напрамілы бог, ні слова пра свае прыгоды. Таму што калі ў нейкага іспанца і не пацэліш, дык загаворыш яго да смерці.

Багуслаў быў у добрым настроі — яго мары аб выбітнай вайсковай кар’еры пачыналі спраўджвацца! Княжацкі почат таксама з усяе моцы стараўся адпавядаць чаканням патрона, хоць той і быў больш стрыманы, чым звычайна. Незвычайна засяроджаны Кажэўскі раз-пораз аглядаў пісталеты, Невяроўскі, нервова сціскаючы эфес шпагі, ліхаманкава згадваў навуку месье Сэнт-Анжа, а пан Аборскі быў занадта заняты клопатамі пра абоз, каб пераймацца ўласным жыццём.

Ужо за Шэльдай, якая служыла ўмоўнай мяжой з іспанскімі Нідэрландамі, падарожнікам сталі трапляцца перадавыя раз’езды галандцаў, якія сведчылі пра тое, што канец іх падарожжа блізка. Вытаптаная тысячамі конскіх капытоў дарога таксама не пуставала: да сваіх палкоў спяшаліся шляхцічы, з тэрміновымі дэпешамі несліся кур’еры, на шматлікіх вазах перасоўваўся мітуслівы гандлёвы люд, які лічыў справай гонару узбагаціцца на забеспячэнні войска, рухаліся перасоўныя палаткі маркітантаў, дзе прадавалася ўсё — ад харчаў да баявой амуніцыі. І ў іх жа, сярод купаў паношанага адзення, сядзелі прастытуткі, каб расквеціць нялёгкія будні жаўнераў. Усе яны, як і Радзівіл, ішлі насустрач лёсу — ехалі на вайну.

Лагер прынца Аранскага раскінуўся правільным чатырохкутнікам на зялёнай раўніне непадалёк ад фламандскага Малдэгема на месцы спаленага іспанцамі сяла. Яго яшчэ не прыгнечаны паразамі баявы дух быў прасякнуты мірным дымам ад вогнішчаў, на якіх варылася няхітрая ежа, смуродам нямытых чалавечых целаў, мачы, конскага поту, скуры, жалеза, пораху і смалы. Ён гучаў іржаннем коней і салёнымі воінскімі жартамі, звінеў яшчэ не выдаткаванымі манетамі ў кашальках жаўнераў, што спяшаліся пратранжырыць іх сёння на ежу, піва ці вясёлых дзяўчат, таму што заўтрашняга дня можна было і не дачакацца; адгукаўся лаянкай камандзіраў і гарачай казанню пастыраў, якія развейвалі страх навабранцаў перад лютай смерцю аповедамі пра вечнае жыццё. Каля рознакаляровых афіцэрскіх намётаў трапяталі харугвы іх палкоў, ржалі сытыя коні, а каля карэт павольна прахаджваліся прыгожыя жанчыны — некаторыя прывезлі з сабой жонку ці палюбоўніцу. Дасведчаныя воіны думалі не пра забаўкі, а пра ўласную будучыню: паздымаўшы даспехі і адставіўшы дзіды, яны старанна, да люстранога бляску паліравалі шлемы і кірасы, тачылі зброю або набівалі порахам парахаўніцы — вайсковая дысцыпліна перш за ўсё!

Прынц Аранскі, што якраз склікаў ваенны савет, радасна сустрэў Радзівіла. Багуслаў таксама ўзрадаваўся, што знайшоў у стаўцы галоўнакамандуючага сваіх прыяцеляў, з якімі весела бавіў час у Гаазе. Абняў фрысландскага штатгальтара Генрыха Казіміра, яго брата Вільгельма, графа Сольмс-Браўнфельса і аж сагнуўся пад цяжарам Карла Людвіга Пфальцскага, які ў баявой амуніцыі па-хлапечы абхапіў яго ззаду за шыю.

— Ты для мяне, браце, толькі што выйграў дзесяць гульдэнаў, — весела паведаміў ён, размыкаючы абдымкі. — Мы з Тарэнтам паспрачаліся, ці ты прыйдзеш у лагер, ці вернешся ў Польшчу разам з прынцам Янам Казімірам.

Радзівіл ужо заўважыў сярод афіцэраў пысу нахабнага француза, якога не бачыў з моманту іх агульных амстэрдамскіх прыгод. Прывітаўшы Багуслава кіслай усмешкай, той сумленна адлічыў курфюрсту прайграныя грошы і сказаў:

вернуться

159

3 намі бог! (ням.)