— На той самай, у якой маланка гадоў пятнаццаць назад верхавіну апякла? — усміхнуўся Багуслаў, бо малым часта хаваўся на гэтым дрэве ад непрыемных нянек.
— На ёй… Бачу, ты сапраўды з Ліхтэнберга. Дык які ж чорт цябе, добрага каталіка, закінуў да ерэтыкоў?
Багуслаў паціснуў плячыма.
— У галандцаў плацяць хоць і не больш, затое часцей. А ў кардынала-інфанта хіба на ўласную фартуну даводзіцца спадзявацца.
— Праўду кажаш, — сказаў здаравяк. — У мяне ад недаядання ўжо кішкі да спіны прыраслі!
— Ды і я на салёных селядцах не надта выгуляўся, — сказаў Радзівіл.
Немец засмяяўся і па-сяброўску ляпнуў князя па плячы.
— А на службу да нас пойдзеш? Ты не думай, зямляк, я і сам шляхціч, і калі ўжо пачысціў твае кішэні, дык заўтра ж паручуся за цябе перад нашым палкоўнікам. А што да прысягі — цябе ад яе каплан за малую плату вызваліць. Тым больш, што ты не каталікам, а ерэтыкам на вернасць прысягаў.
— Ну, калі дасць індульгенцыю, то чаму б і не пайсці, — лёгка пагадзіўся Багуслаў, ведаючы, што нічым не рызыкуе, даючы такое абяцанне. — Тым больш, перамога зараз на вашым боку.
Так і вырашылі.
— О, ледзьве не забыўся! — немец ляпнуў сябе па лобе. — А золата ў цябе адкуль? І даспехі такія — хоць бы і для прынца гадзіліся, і быццам толькі што з рук збройніка…
— А адкуль яшчэ нашаму брату такое дабро дастаецца, як не са шчодрых рук матухны-вайны, — паціснуў плячыма Багуслаў. — Слухай, зямляк, развяжы мне рукі, таму што мача ўжо ў галаву б’е. А як баішся, што ўцяку, то сам мне патрымай, каб я штаноў не намачыў.
Воіны, якія прыслухоўваліся да гутаркі, гучна зарагаталі.
— Ну, ты і нахабнік, хлопец! — здзіўлена ўсклікнуў немец, але рукі развязаў, і калі Радзівіл зрабіў сваю справу, зноў звязваць не стаў, толькі загадаў сядзець ціха.
Багуслаў паглядзеў на неба: дзень ужо хіліўся да вечара.
«Як сцямнее, толькі мяне тут і бачылі», — паабяцаў сабе.
Але вечарэла сёння чамусьці вельмі павольна. Нямала жаўнераў, і з імі Багуславаў немец, пайшлі аглядаць трупы, пакінуўшы Радзівіла каля вартавых, якія меліся ахоўваць князя і іншых палонных афіцэраў, што сядзелі воддаль. Затым міма прайшоў той самы айцец Франсіска, які павінен быў вызваліць княжацкую душу ад пакаяння. Ён, відавочна, толькі што абыходзіў памерлых, таму што да гэтага часу мармытаў: «Requiem aeternam dona eis, Domine…»[162], раз-пораз прыкладваючыся да пляшкі з херасам.
Затым наступіла нудная цішыня.
— Можа, перакінемся ў косці? — прапанаваў Багуслаў аднаму з вартавых, які разумеў нямецкую мову. — Сумна ж…
— А ставіць што будзеш? — спытаў той, пільна аглядаючы палоннага.
— Сваю ваенную ўдачу… Мне зямляк сказаў, што заўтра ў вашым войску буду служыць, таму з першай здабычы ўсё і аддам, слова шляхціча!
Хоць здзелка і была не занадта выгаднай, вартавы, якому сапраўды сумна было стаяць на варце, пагадзіўся. Падсунуў бліжэй барабан, выцягнуў косці і дастаў з вялікага скуранога кашалька на поясе манету коштам паў-эскуда. Праз хвіліну манета перайшла ва ўласнасць Радзівіла.
— Хачу адыграцца, — пачырванеў ад злосці няўдачнік і, атрымаўшы яшчэ адну манету, зноў кінуў косці.
Выпала пяць ачкоў. Багуслаў узяў косці і кінуў сам.
— Шэсць, — паведаміў ён, падсунуўшы грошы да сябе.
На беднага аўстрыйца было шкада глядзець. Зноў і зноў ён кідаў косці, і тыя, як зачараваныя, неслі выйгрыш Радзівілу. У рэшце рэшт, цалкам апаражніўшы кашалёк, няшчасны гулец затаптаў косці ў зямлю і адмовіўся працягваць гульню.
— Слухай, — буркнуў ён. — Калі ты збіраешся ваяваць, табе, напэўна ж, трэба зброя?
— Яшчэ як, — сказаў князь. — Галандцаў голымі рукамі не пераможаш.
— Тады чакай, — вырашыў аўстрыец. — Я зараз прыйду.
— Бедны дон Мігель, — казаў адзін, успамінаючы нябожчыка прыяцеля, які загінуў у баі. — Хацеў разжыцца грашыма, а наўзамен атрымаў сем п’е праклятага фламандскага балота… Але мёртваму целу ўсё роўна, дзе ляжаць, а мы жывыя гніём у гэтай дрыгве, марачы аб мілай сэрцу Іспаніі. Там зямля хоць і выпаленая сонцам, але прынамсі сухая.
— Хай д’ябал забярэ гэтую праклятую Фландрыю, — сказаў яго таварыш.
Багуслаў з надзеяй паглядзеў на неба, дзе сонца знікла за гарызонтам. Павольна змяркалася, і ў лагеры ўжо пачалі паліць вогнішчы. Вярнуўся вартавы і ўручыў князю цалкам прыстойную рапіру. Сціснуўшы ў руках зброю, Радзівіл з радасцю аддаў гора-гульцу свой выйгрыш. Цяпер засталося дачакацца зручнага моманту…