Выбрать главу

— З клецкіх і нясвіжскіх Радзівілаў так ніхто і не прыехаў? — спытаў ён. — І князь Альбрэхт таксама? Ты ж запрашэнні ім пасылаў?

— Пасылаў, улічваючы сваяцтва і гонар нашага дома, — адазваўся Януш. — Усе, адгаварыўшыся важнымі справамі, замест сябе паслоў даслалі, у Бізунах нас чакаюць. Не адважыліся асабіста паказацца нам на вочы пасля таго, як сваімі дбаннямі бацьку на той свет адправілі. Я б нашым сваякам зараз і рукі пры сустрэчы не падаў. Але цяпер нам як ніколі варта трымацца разам, таму што Асалінскі[165], якому забаранілі выкарыстоўваць тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі (яго ён ад імператара атрымаў за тое, што нашага караля з аўстрыячкай жаніў), кіпячы ад злосці, стаў дамагацца, каб у Рэчы Паспалітай княжацкіх тытулаў ніхто не ўжываў. Гэта, бачыце, супярэчыць шляхецкім вольнасцям!

Ад нечаканасці Багуслаў выпусціў повад, і яго конь, падаўшыся ўбок, наляцеў на жарабца менскага кашталяна Гедэона Раецкага. Жарабец ад нечаканасці стаў на дыбкі, ледзь не скінуўшы з сябе вершніка. Нейкі час супакойвалі коней, але потым раз’ехаліся, і князь вярнуўся да перарванай размовы.

— Гэта паны сенатары хочуць, каб мы, Радзівілы, браталіся з галапузай шляхтай? — абурыўся ён. — Гэта мяне, Багуслава Радзівіла, сына прынцэсы з правячага дома, нашчадка Гагенцолернаў, Ягелонаў і Габсбургаў, нейкі пан Падсвінскі са свінскага ж роду роўняй сабе лічыць?

— Яшчэ ж нічога не вырашана, — нахмурыўся Януш, якога гэтая думка таксама мучыла.

— Не вырашана? Апошняе рашэнне сената даказала, што ў Рэчы Паспалітай нейкі дробны клірык важыць больш за сенатара, за віленскага ваяводу, за Радзівіла…

— Князь, напрамілы бог, цішэй, — умяшаўся пан Глябовіч.

— Цішэй… Калі я быў дзіцём, мне слугі ў доме майго дзядзькі-маркграфа на каленях ежу падавалі! У Еўропе шляхта сваё месца ведае, гэта тут, лішняга гроша за душой не маючы, гонарам багацее…

Багуслаў змоўк, таму што радзвілаўскі маршалак, што кіраваў жалобнымі імпрэзамі, падаў знак спыніцца, каб пастары маглі памаліцца, ганаровыя госці — успомніць нябожчыка разумным словам, а стомленыя людзі — адпачыць.

Малітвы і ўрачыстыя прамовы трохі адтапілі ганарлівыя княжацкія сэрцы, і далей поезд крануўся спакойна — без сварак і калатнечы. Шлях ляжаў праз іншыя радзівілаўскія ўладанні, дзе стомленых дарогай людзей чакаў пачастунак, а нябожчыка — памінальныя службы. Па двух днях урачыстых цырымоній поезд нарэшце прыбыў у Бізуны, дзе цела князя-гетмана знайшло вечны супакой у мясцовым храме, дзе мела ляжаць, пакуль не завершыцца будаўніцтва каменнага сабора ў Кейданах — там Януш Радзівіл збіраўся ўладкаваць сямейны склеп. Надышла пара памінальнага абеду. З-за вялікай колькасці гасцей селі проста ў двары, крыжападобна выставіўшы сталы з ежай і напоямі. Перад тым як заняць свае месцы, Радзівілы абышлі іх, каб яшчэ раз прывітаць прысутных і выслухаць спачуванні ад слуг і кліентаў, на якіх абапіралася моц іх дому. Некаторых гасцей Багуслаў асабліва быў рады бачыць. Абняў пана Пуцяту, які, заліваючыся слязьмі, кінуўся яму на шыю, падышоў да шумнага гурту сваёй моладзі, з якой усё не было часу і словам перамовіцца. Спакойнае жыццё на Літве іх не змяніла, толькі Стаброўскі ўмудрыўся патаўсцець на хатніх харчах, а лоб Яна Цадроўскага «ўпрыгожыў» ярка-чырвоны след ад рапіры.

— Што з табой, Ян? — здзівіўся Багуслаў, убачыўшы шнар. — Ты ж, здаецца, не падобны да чалавека, які будзе ад няма чаго рабіць зброяй махаць.

— Махаў не я, мансеньёр, а Стаброўскі, калі мы ў Кёнігсберг з Галандыі вярталіся, — паскардзіўся бедны юнак. — Я да гэтага часу здзіўляюся, як ён мне сп’яну галаву не знёс…

Юнак абражана зірнуў на крыўдзіцеля.

— Не знёс, бо п’яны быў, — пажартаваў Самуль. — А ты, Цадроўскі, сам вінаваты, што разнімаць нас з Ферхам палез. Ведаеш жа, калі двое б’юцца — трэці не ўмешваецца!

На яго круглым твары ззяла ўсмешка, якая выклікала немалое абурэнне ў пана Пуцяты. Стары лічыў, што тут не час і не месца для радасных эмоцый і не ўтрымаўся ад папрокаў.

— Вось нават у таго чорта Саковіча, з якога слёз і катаваннямі не выб’еш, вочы на мокрым месцы, — сказаў ён.

Змрочны выгляд ашмянскага падкаморага сапраўды як найлепш падыходзіў для жалобных урачыстасцей.

— Але ён не па князю-гетману так зажурыўся, а па віленскім падваяводстве, — не прамаўчаў Стаброўскі. — Бо скончылася яго панаванне са смерцю міласцівага князя.

Самуль зарагатаў, але смех перайшоў у надрыўны хрып, бо Саковіч, пачуўшы гэтыя словы, падскочыў да яго і схапіў за горла сваёй жалезнай рукой. Яго прыгожы твар аж перакрывіўся ад лютасці.

вернуться

165

Юрый Асалінскі (1595–1650) — польскі дзяржаўны дзеяч, у 1643–1650 гадах — вялікі каронны канцлер.