— Гіз, як і бедны Суасон, улез у гэтую змову, паверыўшы месье ле Грану, які сцвярджаў, быццам сам кароль сказаў яму, што быў бы шчаслівы, каб хто ўратаваў яго ад агіднага міністра, — казала яна. — І я яму веру.
— Месье ле Гран?[166] — здзіўлена перапытаў Багуслаў.
— Каралеўскі фаварыт Сэн-Мар, якога кароль зрабіў сваім галоўным канюшым. У яго шалёна закаханая мая сястра, якая, нягледзячы на яго бясконцыя здрады, гатовая нават выйсці за яго замуж! І гэта, нягледзячы на яго жалю вартае паходжанне…
Успомніўшы ганарлівы твар герцагіні Марыі Луізы, які аж гарэў прагай улады, Багуслаў яшчэ раз здзівіўся непераможнай сіле кахання.
«Што ж, — сказаў ён сабе. — Імя галоўнага змоўшчыка я цяпер ведаю, але мяне пасылалі ў Парыж не за гэтым. І я ўпэўнены, што, пацягнуўшы за гэтую нітку, разматаю спляценне інтрыг да канца».
Раздзел 2
СЭН-МАР
Фантэнбло — Парыж — Безансон
(снежань 1641 года — сакавік 1642 года)
Французскі каралеўскі двор знаходзіўся ў Фантэнбло — старажытнай каралеўскай рэзідэнцыі, дзе сорак гадоў таму нарадзіўся Людовік XIII. Гэтым разам прыдворнае жыццё здалося Багуславу трохі весялейшым, чым раней, несумненна, дзякуючы ўплыву новага каралеўскага фаварыта Сэн-Мара, сярод сяброў якога князь заўважыў сваіх даўніх знаёмцаў — Гастона Арлеанскага і яго прыяцеляў. Каралева Ганна Аўстрыйская была занятая дзецьмі, дафінам Луі і прынцам Філіпам, але Багуслаў скарыстаўся першай жа магчымасцю, каб выказаць яе вялікасці спачуванні ў сувязі са смерцю брата — дона Фердынанда. У князя палягчэла на душы, калі ён убачыў, што нават двор каралевы, несумненна, з палітычных меркаванняў, не носіць жалобы. З гэтага можна было зрабіць выснову, што замежная палітыка Францыі дагэтуль рухаецца ў патрэбным пратэстанцкаму свету кірунку.
Каралеўскі фаварыт выглядаў самаўпэўнена. Адзяваўся як прынц, нават французскі кароль побач з ім выглядаў жабраком. Скупасць Людовіка стала прымаўкай пры французскім двары, і, памятаючы каралеўскія законы супраць раскошы, якія даводзілі да роспачы прыдворных франтаў, Радзівіл выказаў здагадку, што месье ле Гран можа пахваліцца хіба добрым густам, але не бліскучым розумам. Хутка Багуслаў знайшоў пацверджанне сваім здагадкам, выпадкова пачуўшы размову караля з кардыналам Рышэлье, якому французскі манарх скардзіўся на фаварыта.
— Няўдзячны, сапсаваны хлапчук, — абураўся Людовік. — Каб хто толькі ведаў, як дорага мне каштуюць усе яго капрызы. У яго гардэробе адных ботаў тры сотні пар, і хай бог ад мяне адвернецца, калі ён на гэтым спыніцца.
— Мяне больш турбуе, што ваша вялікасць паабяцалі ле Грану месца ў каралеўскай радзе, — сказаў на гэта Рышэлье. — Няма нічога горшага для дзяржаўнай палітыкі, чым калі ёю займаецца неспрактыкаваны малады чалавек, якому дзеля забавы захацелася пагуляць у дзяржаўнага мужа!
Кароль пагаджаўся з кардыналам, але варта было Сэн-Мару з’явіцца побач, як яго змораны хваробай жоўты твар пачынаў напаўняцца жыццём, а пахмуры погляд прамяніўся шчасцем, якое ў ім да гэтага часу не магла запаліць ні адна жанчына. Багуслаў ніяк не мог прывыкнуць да таго, што так могуць паводзіцца двое мужчын, і звычайна з няёмкасцю адварочваўся, сустракаючы гэтую дзіўную пару. Аднойчы, спаткаўшы іх на шпацыры ў паркавай алеі, прынц наўмысна збочыў у адзін з куткоў вечназялёнага самшытавага лабірынта і нечакана сутыкнуўся там з былым папскім легатам, якога часта бачыў у таварыстве то каралевы, то кардынала Рышэлье. Паколькі гэтыя непрымірымыя ворагі былі з італьянцам аднолькава ветлівыя, князь не мог не звярнуць на яго ўвагі. Тым больш наслухаўшыся плётак, што пасля смерці знакамітага айца Жазэфа, які займаўся французскай дыпламатыяй, Рышэлье прызнаў яго пераемнікам гэтага замежніка, у асобе якога бачыў і свайго палітычнага нашчадка.
— Сеньёр Мазарыні, — ласкава кіўнуў князь, падумаўшы, што занадта свецкай асобе дзіўнага святара зусім не пасуе ўпрыгожаная старымі пацёртымі карункамі сціплая сутана.
— Мансеньёр?
Прывабны твар італьянца і яго станістая фігура выпраменьвалі дзіўную сумесь ліслівасці, паслужлівасці і розуму. Ён падышоў бліжэй, і Багуслаў адчуў тонкі фіялкавы водар, які сыходзііў ад яго вопраткі, што мела б пахнуць ладанам і мірам.