Выбрать главу

— Божа мой, Анры! — усхліпваў жаночы голас, які, несумненна, належаў Марыі Луізе. — Я ўпэўнена, што можна было знайсці спосаб застацца ў Парыжы цяпер, калі вырашаецца наш лёс.

— Я галоўны канюшы караля, мадам, — горда заўважыў яе суразмоўца, якім, вядома, быў Сэн-Мар. — Але я абяцаю, што скарыстаюся гэтай паездкай, каб пазбавіцца ад чалавека, які перашкодзіў нашаму шчасцю.

— Гэта як? — спытала герцагіня.

— Я даб’юся ў караля дазволу скончыць з Рышэлье так, як гэта зрабіў па яго загадзе Вітры з Канчыні[167]. Калі трэба будзе, закалю кардынала сваёй шпагай. З намі дэ Трэвіль — капітан каралеўскіх мушкецёраў, Дэзесар — капітан гвардзейцаў, Цілада, ла Саль… І галоўнае — ён панізіў голас так, што Багуславу прыйшлося прыкласці намаганні, каб пачуць. — Я, як нам раіць герцагіня дэ Шэўрэз, неадкладна адпраўлю ў Іспанію віконта Фантрая, каб той дамогся ў Аліварэса гарантый, што іспанцы пры неабходнасці падтрымаюць нас войскамі.

Багуслаў ледзьве стрымаўся ад спакусы засунуць галаву ў камінную трубу, з дапамогай якой мог чуць размову.

— Ты ўпэўнены, што кароль на гэта пагодзіцца? — сумнявалася прынцэса Марыя.

— Пагодзіцца, — запэўніў яе фаварыт. — Людовік часта скардзіцца мне, як яму надакучылі павучанні Рышэлье. Ды і я сам неяк ўбачыў, што, праходзячы ў сваю спачывальню, яго вялікасць прапусціў наперад міністра, адзначыўшы яму: «Ідзіце наперадзе, ваша правялебнасць, бо ўсе гавораць, што вы і ёсць сапраўдным каралём Францыі».

Кароткі смяшок герцагіні пацвердзіў тое, што заўвага фаварыта ёй спадабалася.

— А чаму прынц Арлеанскі ўпэўнены, што Аліварэс падтрымае яго замах на французскі трон? — спытала яна.

— Іспанцы пойдуць на што заўгодна, абы Францыя разарвала саюз з Галандыяй і вярнула Іспаніі ўсе заваяваныя землі…

Пасля гэтых слоў наступіла цішыня, якая сведчыла, што каханне выцесніла палітыку з галоў палюбоўнікаў. Радзівіл ляпнуў рукой па каменнай плітцы і з драўлянай ухмылкай павярнуўся да Ганны Ганзага, якая гучна патрабавала, каб князь неадкладна звярнуў на яе ўвагу…

Паколькі пачутая размова не выходзіла ў Багуслава з галавы, у той вечар ён быў не найлепшым кавалерам. Але калі ўсе госці нарэшце разышліся і князь устаў, каб развітацца, замест маленькай ручкі прынцэсы Ганны ён са здзіўленнем убачыў проста перад сабой яе напаўадкрытыя вусны. Радзівіл не верыў, што цяпер яму так лёгка прапануюць тое, у чым так доўга адмаўлялі, але паслухмяна ўзнагародзіў сябе за цярпенне палкім пацалункам. Прыціснуўшы жанчыну, ён адчуў, як яе рукі абвілі яго шыю. На імгненне князю здалося, што прыгажуню ахапіла такая ж жарсць, як і яго самога, але раптам яна рашуча выслізнула з абдымкаў.

— О, мой дарагі сябар, — прашаптала яна. — Гэта вялікі грэх, які абавязкова спапяліць нашы душы на Страшным судзе.

— Маё беднае сэрца і так ператварылася ў попел, — змрочна пажартаваў Радзівіл.

Прынцэса Ганна радасна засмяялася. Такое небывалае ў Францыі пастаянства з боку прыгажуна-прынца моцна цешыла яе жаночае самалюбства і выклікала зайздросныя погляды абдзеленых яго ўвагай сябровак. Багуслаў жа зусім не смяяўся. Хоць прынцэса ўсім сваім выглядам дэманстравала вечнае жаночае «магчыма, іншым разам», ён ужо зразумеў, што палкіх любоўных пяшчот ад былой манастырскай выхаванкі можа і не дачакацца.

Зрэшты, цяпер Радзівіл гэтым і не пераймаўся — падслуханая сёння размова цалкам захапіла яго думкі.

х х х

Пры першай жа магчымасці Багуслаў паведаміў Амаліі Аранскай пра змову, што пагражае французска-галандскаму саюзу, і, упэўнены, што выканаў свой абавязак перад пратэстанцкім светам, вырашыў, што зараз з чыстым сумленнем можа пра яе забыцца.

вернуться

167

Гаворка ідзе пра Канчына Канчыні (1575–1617), які ўвайшоў у французскую гісторыю пад іменем маршала д’Анкра. Быў забіты па загадзе караля Людовіка XIII.