Выбрать главу

Па ад’ездзе Радзівіла ў Еўропу і так кепскі нораў ашмянскага падкаморага стаў яшчэ горшым, і для гэтага былі падставы. Новым віленскім ваяводам стаў пан Тышкевіч — дзядзька Адамавай жонкі Марыяны. Але ён відавочна не хацеў мець нічога супольнага са сваяком, адхіліўшы ўсе яго спробы пакінуць за сабой пасаду падваяводы. Моц біржанскіх Радзівілаў развальвалася проста на вачах, нават нягледзячы на тое, што новым польным гетманам літоўскім стаў Януш Кішка — былы евангелік і родны брат удавы князя Крыштафа княгіні Ганны, а вялікая гетманская булава дагэтуль заставалася вольнай. Князь Януш пасля смерці бацькі быў у апазіцыі да двара. Каталіцкае духавенства Вільні зусім расперазалася: на пратэстанцкіх слуг Радзівіла быў здзейснены шэраг гвалтоўных нападаў. Януш спрабаваў шукаць праўды ў караля, але Уладзіслаў, хоць і жадаў прымірыцца з маладым князем, не мог нічога зрабіць: каралеўскіх загадаў знайсці і пакараць вінаватых віленскі біскуп проста не слухаў, а з пратэстаў Януша смяяўся. Багуслаў, які павінен быў бы абараняць радзівілаўскую годнасць пры каралеўскім двары, цяпер ваяваў на чужыне з іспанцамі, і хоць сам князь верыў у сваю фартуну, але не ўсе яго слугі былі пэўныя, што іх пан вернецца дадому жывым і здаровым. Таму, задумляючыся пра ўласную будучыню, славалюбны пан Саковіч у роспачы меркаваў, ці не пашукаць заступнікаў сярод іншых літоўскіх магнатаў… Хаця б сярод Сапегаў, якія пасля смерці свайго вялікага сваяка[168] засталіся на задворках палітычнага жыцця, але паступова вярталі ранейшыя пазіцыі… Але з любові да Багуслава ён загадаў сабе пакуль пра гэта забыцца.

Нягледзячы на маркотныя думкі, якія займалі яго галаву ў апошні час, сёння пан Адам усміхаўся. Пасадзіў Цадроўскага за стол і, перамяжоўваючы пачастунак сваімі з’едлівымі жартамі, выслухоўваў навіны, якія згаладалы Ян выкладаў яму, адначасова набіваючы рот ежай.

— Пан Рэчыцкі пасылае мяне ў Галандыю да князя Багуслава, — паведаміў хлопец. — Мансеньёр вельмі мае патрэбу ў грошах, і я павінен быць кур’ерам, які іх прывязе.

І дадаў, цяжка ўздыхнуўшы:

— Хоць я нават не ўяўляю, як праскочу да яго праз ахопленую вайной Еўропу.

Адам ляпнуў яго па плячы.

— Вышэй нос, Ян, — сказаў ён. — Ты здаешся мне смялейшым прынамсі за некалькіх чарвякоў з атачэння нашага князя, якія сябе смельчакамі лічаць. Такім чынам, — дадаў ён, калі ўражаны нечуванай пахвалой юнак змог выціснуць з сябе ўдзячную ўсмешку, — я павінен знайсці каго-небудзь, хто зможа цябе замяніць каля Рэчыцкага?

Ян кіўнуў.

— Ну, добра, — сказаў Саковіч. — Я што-небудзь прыдумаю.

Пасля гэтага пан Адам захацеў напісаць ліст Багуславу, і пакуль пісаў, Цадроўскі азіраўся вакол.

— А ты, пан падкаморы, таксама тут прывід бачыў? — спытаў ён, успомніўшы дрэнную славу гэтага дома.

— Так, — спакойна адказаў Адам, змацаваўшы пасланне сваёй пячаткай. — Пры жыцці сам сабе пятлю на шыю накінуў, таму і пасля смерці супакоіцца не можа…

І, тыцнуўшы пальцам убок, дадаў:

— Калі я ў апошні раз з ім сутыкнуўся, вісеў ён вунь на той крокве з высунутым языком. Відовішча, вядома, малапрыемнае, але за тую цану, якую я за гэты дом заплаціў, я гатовы жыць у таварыстве хоць нябожчыкаў, хоць іх ценяў.

Пасля такога адкрыцця Цадроўскаму, які цяпер стаяў пад гэтымі ж кроквамі, больш за ўсё на свеце захацелася кінуцца з праклятага дома куды вочы глядзяць. Але страх падацца баязліўцам у вачах Саковіча, які вылучаўся выключнай адвагай і некалькі хвілін таму назваў яго, Яна, смелым, прымусіў юнака стрымаць ганебнае жаданне. Амаль цвёрдай рукой ён узяў ліст і, пацікавіўшыся ў Адама, ці той не мае якіх пажаданняў і ці не жадае сам паехаць у Галандыю, куды яго настойліва запрашаў Багуслаў, ветліва развітаўся.

— Малайчына, Ян, — сказаў яму ўслед Саковіч. — 3 богам!

х х х

Еўропа яшчэ не выбралася з крывавага віру вайны, і бяспечней дабрацца да Галандыі можна было толькі морам. Цадроўскі ўжо меў горкі досвед марскіх падарожжаў, але ўсё-такі выправіўся ў Гданьск, дзе збіраўся сесці на карабель. Зрабіў ён гэта не без унутранай барацьбы, некалькі начэй запар прачынаючыся ад кашмараў: яму сніліся высокія марскія хвалі, якія люта кідаліся на карабель, спрабуючы яго патапіць.

вернуться

168

Г. зн. Льва Сапегі.