Выбрать главу

— Да гэтага часу не верыш, што я цябе люблю? — з дакорам спытала яна. — Нават пасля гэтай ночы?

— Пасля гэтай ночы я ў што заўгодна паверу, толькі не ў адкрытую хлусню, — засмяяўся князь і, прысеўшы побач, сказаў: — Расказвай, што здарылася, я павінен разумець, ад чаго абараняць твой і свой гонар, калі давядзецца.

Прыгажуня, якая не чакала такой размовы, трохі збянтэжылася, але, пераканаўшыся, што няшчырасцю толькі адштурхне палюбоўніка, вырашыла сказаць праўду.

— Гэта Карл мяне кінуў, — прызналася яна. — Мяне і нашу дачку, Ганну, таму што герцагіня Ніколь намовіла Папу Рымскага, і той прыгразіў Карлу, што адлучыць яго ад царквы.

— Вялікая страта, — не стрымаўся Радзівіл, але, заўважыўшы дакорлівы погляд палюбоўніцы, адразу ж выбачыўся.

— Мяне святы айцец таксама збіраўся адлучыць, — паведаміла графіня. — Прыйшлося ехаць у Рым і змагацца за выратаванне душы… і, вядома, за шлюб. Не для сябе, для дачкі, бо якая ж маці дазволіць, каб яе дзіця пазашлюбным лічылі… Папа як мяне ўбачыў, адразу даў поўнае адпушчэнне грахоў, абвясціў самай цудоўнай жанчынай у свеце, а яго прыдворны мастак з мяне Марыю Магдаліну напісаў…

— Вось што значыць сапраўдная святасць, — ізноў не прамаўчаў Багуслаў, якога раздражняла крывадушнасць царкоўнікаў. — Я хоць і евангелік, але такую ікону нават у сваёй спачывальні б павесіў!

— Аднак шлюб законным не прызнаў, — расчаравана скончыла жанчына, вырашыўшы ігнараваць кпіны палюбоўніка, якія спісвала на рэўнасць.

Багуслаў абняў яе за напаўаголеныя плечы.

— Але ты ведала, што ў яго ёсць законная жонка? — зноў спытаў ён.

Беатрыса яшчэ раз уздыхнула.

— Я пазнаёмілася з Карлам, калі была яшчэ юнай. Убачыла і адразу ж закахалася. Але ён ужо быў жанаты са сваёй стрыечнай сястрой Ніколь, вядома, з разліку, каб гэтым шлюбам умацаваць свае правы на латарынгскі сталец. Маці, турбуючыся за мой гонар, сілай выдала мяне за графа Кантэкруа, і я пасялілася з мужам у Безансоне, каб ніколі больш не бачыць герцага. Але ён не пакідаў мяне ў спакоі, пераследаваў, казаў, што кахае, што хутчэй памрэ, чым будзе жыць без мяне… А калі я аўдавела, заявіў, што герцагіня Ніколь памерла ў Парыжы. Нават жалобу насіў, — яна горка ўздыхнула. — А потым прыехаў да мяне ў Безансон. Сказаў, што кахае, што не можа чакаць сканчэння жалобы. Настойваў на таемным шлюбе, каб не раздражняць царкву і сваякоў, якія спяць і бачаць, каб забраць у яго герцагства.

— Які вынаходлівы хлопец, — прысвіснуў Багуслаў, якому чамусьці ўспомніўся герцаг Гіз. — А што было потым?

— Я пагадзілася, — прызнала графіня. — Ён прывёў святара, нас абвянчалі, і герцаг публічна пачаў называць мяне жонкай. Калі гэты жудасны падман адкрыўся, я ўжо была цяжарная нашым першынцам. Хлопчык памёр, ледзь з’явіўся на свет. Але Карл працягваў настойваць, што я яго жонка, што яго вымушаны шлюб з герцагіняй Ніколь як з блізкай сваячкай не мае сілы і што ён абавязкова з ёй развядзецца.

Яна горка ўсхліпнула.

— А цяпер, пакідаючы мяне, ён нарэшце прызнаўся, што святар, які нас вянчаў, быў вулічным акцёрам… Падлюка!

— Шлюб in fraudem legis et honestatis[169], — кіўнуў Багуслаў. — Але ты яго кахала? — ён пільна паглядзеў на жанчыну.

— Вядома, кахала, — уздыхнула Беатрыса. — Таму што толькі закаханыя вочы слепнуць, каб не бачыць такой хлусні.

— А цяпер?

— Цяпер, — яна ўсміхнулася. — Цяпер ёсць ты…

Князь не хацеў разбірацца, колькі ў гэтых словах праўды. Яго неверагодна цягнула да гэтай жанчыны з тварам святой і палымянай душой вакханкі, якая аддавалася каханню бессаромна, як распусніца — грошам кліента…

Прайшло некалькі шчаслівых тыдняў, поўных жарсці. Але доўга шчасце працягвацца не магло: чуткі аб сварцы Радзівіла з Тарэнтам дакаціліся да Гаагі, а адтуль — у Францыю. Прыдворныя кавалеры, якія, вядома, былі на баку земляка, усяляк віталі нахабства Тарэнта і смяяліся з паляка, які так лёгка праглынуў крыўду, якую кожны французскі шляхціч лічыў магчымым змыць толькі крывёю крыўдзіцеля.

Дакаціліся чуткі і да графіні Кюзанс. Аднойчы ўвечары, калі Багуслаў вячэраў у Беатрысы, слуга паклаў яму на талерку курыную ножку.

Пажаваўшы жылістае жорсткае мяса, князь адсунуў страву.

— Гэта птушка, мусіць, памерла ад старасці, а не ад кухарскага нажа, — весела сказаў ён.

— Гэтая курыца, можа, і старая, але маладзейшая за тваю галандскую палюбоўніцу, — адрэзала Беатрыса, якая ў гэты вечар была не ў гуморы.

— Гэта ты пра каго? — здзівіўся князь.

— Вядома, пра Лізавету Сцюарт, якая сябе каралевай Багеміі называе… Мы з табой, мой дарагі прынц, вядома, не прысягалі адно аднаму на вернасць, але такая жанчына, як я, можа сабе дазволіць не дзяліць палюбоўніка з трухлявым бервяном, што ад старасці ўжо і мохам парасло!

вернуться

169

Без закона і гонару (лац.).