Выбрать главу

— Каб гэты разбойнік мне чырвонага пеўня пусціў? — усхліпнуў гаспадар. — Хай есць ды ідзе прэч на ўсе чатыры бакі свету.

Паколькі мэтр Бокстал быў здаравяком і Радзівіл сам бачыў, як той голымі рукамі мог суцішыць любога занадта шумнага наведніка, князь неверагодна зацікавіўся яго грозным госцем. Адсунуўшы ўбок карчмара, Багуслаў зазірнуў усярэдзіну. У гасцявой зале, звычайна перапоўненай, было пуста. Немец сядзеў спінай да дзвярэй і хоць не мог пахваліцца волатаўскім целаскладам, выглядаў сапраўды грозным. Хоць ён і вячэраў у адзіноце, але ўсе слугі мэтра Бокстала стаялі ўздоўж сцяны, чакаючы яго загадаў. Стол перад немцам быў цалкам застаўлены рознымі стравамі, і здавалася неверагодным, каб усе гэтыя стравы змог з’есці адзін чалавек. Яго почат (чацвёра магутных мужчынаў) харчаваўся за асобным сталом. Пачуўшы, што адчыніліся дзверы, яны змералі князя змрочнымі поглядамі.

— Можа, нейкі пераапрануты прынц? — выказаў меркаванне Невяроўскі, які таксама ўсадзіў галаву ў дзверы.

— Ды хто б ён ні быў — прынц або д’ябал, — толькі б заплаціў за ўсё, што замовіў, — усхліпнуў гаспадар і выцер нос белым рукавом кашулі. — Інакш, ласкавыя паны, я спустошаны, цалкам спустошаны!

— Чорт пабірай! Мне хочацца з ім пазнаёміцца, — сказаў Багуслаў і перш, чым Ян паспеў яму перашкодзіць, адсунуў карчмара і смела ўвайшоў, нягледзячы на грамілаў, якія грозна падняліся.

— Ich grube Euch, Euer Wohlgeboren! — гучна сказаў ён. — Наben Sie nichts dagegen, wenn wir mit meinem Kameraden Eure langweilige Einsamkeit vertreiben und die Spesen furs Abendessen teilen?[170]

«Прынц» павольна павярнуў галаву, і Багуслаў аж замёр ад нечаканасці, сутыкнуўшыся са знаёмымі зялёнымі д’ябалятамі ў вострых чорных вачах і крывой усмешкай, якая зрабілася раптам шырокай і радаснай.

— Адам, — не верачы вачам, прашаптаў ён, але затым голас узмацніўся, каб выказаць радасць, якую ён адчуў, убачыўшы сябра. — Адам! Ты?

— Мон прэнс!

Радасць ад сустрэчы пана і слугі, якія абдымаліся, нібы родныя браты пасля доўгага расстання, перакінулася на ўсю карчму. Карчмар выціраў вільготныя вочы не ад замілавання — ад шчасця, што можа зноў запоўніць сваю ўстанову наведнікамі, і тут жа вынес гасцям віна з асаблівых запасаў. Не радаваўся з’яўленню ворага толькі Невяроўскі, але ўсё ж сеў разам з князем да стала даядаць вячэру, так шчодра замоўленую панам Саковічам.

Запіваючы казіны сыр іспанскім віном, той адказваў на пытанні Радзівіла, як тут апынуўся:

— …і расказваць няма чаго. У моры, як Цадроўскі, я не тануў, з піратамі не ваяваў, а самая вялікая непрыемнасць, якую меў падчас падарожжа — у Кілі мае слугі прымудрыліся ўтапіць куфар з адзеннем, таму прыйшлося на скорую руку набыць сабе сёе-тое з адзежы, — ён паківаў галавой, бо шыю непрывычна сціскаў высокі і жорсткі палатняны каўнерык. — А што да падарожжа… Я страшна засумаваў па табе! Калі атрымаў ліст тваёй княжацкай міласці, дзе ты мне ўсімі магчымымі карамі пагражаеш, дык і вырашыў прыбыць да цябе асабіста, каб атрымаць тое, што мне належыць.

Багуслаў з цяжкасцю стрымаў усмешку.

— …Ды і Сасноўскі шукаў разумнага чалавека, каб паслаць да цябе з грашыма, таму я вырашыў не адкладаць падарожжа і, скарыстаўшыся добрай нагодай, заадно паслужыць табе хоць бы малой справай…

— Гэта ты добра прыдумаў, — пахваліў яго князь, які ўжо дараваў прыяцелю ранейшыя грахі, але не згадаць пра іх не мог. — Ну, расказвай, якога нячыстага табе спатрэбілася шпіёніць за Рэчыцкім?

Саковіча гэтая паказная строгасць не спалохала.

— Я гэта зрабіў, памятаючы пра твайго былога аканома, які таксама паспяхова маскіраваўся пад сумленнага чалавека, — спакойна сказаў ён, адпраўляючы ў рот кавалак кураціны. — Калі б Рэчыцкі выявіўся злодзеем, то адказаў бы за свае ўчынкі, а як не — дык няхай ходзіць здаровы і працуе табе на карысць.

Вядома, Адам быў не да канца шчырым, але такое тлумачэнне задаволіла князя, які так узрадаваўся прыяцелю, што дараваў бы яму і куды больш цяжкую віну. Але насамрэч вестка аб прызначэнні Сасноўскага галоўным аканомам уразіла Саковіча ў самае сэрца. Грозны ліст ад Багуслава, які прыйшоў потым, і жаласнае пасланне Цадроўскага, у якім той падрабязна распісаў пану падкамораму, як князь абрынуўся на яго за ўмяшанне ў справы Рэчыцкага, таксама не парадавалі. У рэшце рэшт, упэўнены, што да ўсіх яго няшчасцяў прыклаў руку новы пан галоўны аканом, Саковіч са злосці выклікаў яго на паядынак.

— Ідзі да д’ябла, пане Адам, — сказаў на гэта здаравяк. — Я не баязлівец, але і не дурань, каб біцца з табой сам-насам, бо што там ні балбоча духавенства, але бог заўсёды на баку мацнейшага. Ганьбай ты мяне таксама не спалохаеш, таму што калі хто-небудзь здуру і назаве мяне баязліўцам, я гэтага гарлапана за шкірку схаплю, і, будзь пэўны, іншыя імгненна супакояцца. А калі гвалтам дзейнічаць хочаш, у мяне таксама сіла знойдзецца, — ён кіўнуў на ўзброеных да зубоў слуг, якіх па прыкладзе ашмянскага падкаморага паўсюль цягаў за сабой.

вернуться

170

Вітаю вас, пане! Ці не хочаце, каб мы з прыяцелем трохі развеялі вашу сумную адзіноту і падзялілі выдаткі на вячэру? (ням.)