Выбрать главу
х х х

А потым у Францыю прыбыў нечаканы госць.

Багуслаў сустрэўся з ім у гатэлі дэ Раган на вуліцы Сэнт-Антуан у арыстакратычным квартале Марэ. Радзівіл прыехаў туды, каб наведаць герцагіню Маргарыту і ўзяць удзел у пасяджэнні аднаго з літаратурных гурткоў, мода на якія з лёгкай рукі маркізы Рамбуе ўвайшла ў вітальні французскай шляхты. Нягледзячы на тое, што сёння меў дэкламаваць свае стансы сам Вуацюр, гасцей было няшмат. Каля Маргарыты, якая сёння выглядала асабліва чароўна, Радзівіл убачыў Ганну Ганзага, якая адхіснулася ад яго як ад ворага, нават не адказаўшы на галантны паклон. Марыя Луіза таксама была не нашмат ветлівейшая. Зрэшты, Багуслаў хутка зразумеў, што дрэнны настрой старэйшай Ганзага выкліканы не яго з’яўленнем, а прысутнасцю мадэмуазэль дэ Шамро, якая таксама была палюбоўніцай нябожчыка Сэн-Мара. Сёння мадэмуазэль прынесла ў гатэль дэ Раган лісты ле Грана, якія ахвотна паказвала ўсім ахвочым.

— Ваша высокасць можа пераканацца, што бедны Анры не толькі кляўся мне ў вечным каханні. Ён абяцаў са мною ажаніцца! — лаялася яна з Марыяй Луізай, якая ўпарта адмаўлялася прызнаваць здраду былога фаварыта. — Калі хто і мае права аплакваць яго, дык толькі я!

— Мне ён таксама пра гэта казаў… — пярэчыла прынцэса, на чыёй сукенцы да гэтага часу красавалася жалобная стужка.

— Калі і казаў, дык не вам, а вашаму тытулу…

Перамога была бясспрэчна на баку мадэмуазэль дэ Шамро, і, каб спыніць сварку, Багуслаў далучыўся да патрабаванняў гаспадыні дома, якая настойліва заклікала месье Вуацюра адарвацца ад картаў і нарэшце прачытаць свае геніяльныя вершы.

Славуты паэт, які пасля смерці Сэн-Мара атрымаў ганаровую пасаду каралеўскага метрдатэля, неахвотна падняўся з-за картачнага стала (ён быў заўзятым гульцом). Пачуліся апладысменты, якія не далі мадэмуазэль дэ Шамро і герцагіні Ганзага ўчапіцца адна адной у валасы. Паэт выйшаў на сярэдзіну вітальні і, адкашляўшыся, пачаў:

Адзін ад рэўнасці палае — Жыццё сваё ён праклінае. Другога сум-нуда зжырае. Я ж ад кахання паміраю. Скавалі Праметэю рукі, Арлом заклёваны, пакутуе, Ды не памёр ад гэтай мукі, Я ж ад кахання паміраю. Так сказаў Тырсыс, і адразу У гаі салаўі змаўкалі, Калі пачулі толькі фразу: «Я ж ад кахання паміраю». У статуй сэрцы разрываліся, Месяц сумны за небакраем Журботна, сумна адклікаўся: «Я ж ад кахання паміраю»[171].

Скарыстаўшыся тым, што ў пакоі пачуліся гучныя апладысменты ўдзячных слухачоў, Багуслаў нахіліўся да Маргарыты дэ Раган.

— «Я ад кахання паміраю», — з асаблівым прыдыханнем прашаптаў ён ёй на вуха.

Герцагіня рэзка адхілілася і неяк дзіўна паглядзела на яго.

— Зусім нядаўна вы, мансеньёр, казалі гэта прынцэсе Ганне, — незадаволена прамовіла яна.

— Гэта было яшчэ да таго, як я меў шчасце сустрэцца з вамі, — сказаў Радзівіл. — 3 таго часу ўсе мае думкі толькі пра вас.

Маргарыта хацела нешта сказаць, але яе перапыніў гучны голас лёкая, які якраз з’явіўся на парозе:

— Шарль Анры Трэмуйль, прынц Тарэнт! — гучна сказаў ён.

Пачуўшы імя саперніка, Багуслаў забыўся пра герцагіню дэ Раган і разам з усімі гасцямі павярнуўся яму насустрач. Спінай ён адчуваў погляды ласых на скандалы плеткароў, якія, ведаючы падрабязнасці іх паядынку, спяшаліся падысці бліжэй, каб стаць сведкамі сустрэчы двух былых ворагаў.

Тарэнт увайшоў у вітальню са звыклай самаўпэўненай усмешкай. Падышоўшы да герцагіні, ён здаровай левай рукой зняў капялюш і, пакланіўшыся, пераклаў яго ў скалечаную правую, заціснуўшы двума здаровымі пальцамі.

— Мая цудоўная стрыечніца, — горача сказаў ён. — Няма на гэтай зямлі шчаслівейшага за мяне чалавека, бо маю магчымасць бачыць вас.

Такія словы пераходзілі межы звычайнай ветлівасці, і Багуслаў, зразумеўшы, з-за чаго, а дакладней, з-за каго Тарэнт так нечакана наведаў Францыю, зусім не ўзрадаваўся саперніку. Але герцагіню дэ Раган з’яўленне прынца ўзрадавала яшчэ менш. Яна холадна працягнула кузэну руку для пацалунку і, гэтак жа холадна пацікавіўшыся, ці добра ён даехаў, абыякава адвярнулася да Вуацюра, каб прапанаваць яму працягнуць выступ. Азадачаны такой неласкавасцю, Тарэнт разгублена азірнуўся. Ён выглядаў знаёмых, каб без страты для гонару пакінуць кузіну, і аж падскочыў на месцы, убачыўшы Радзівіла.

вернуться

171

Пераклад І. Данеўскай.