Выбрать главу

Лёгкі шэпт прыдворных паведаміў, што кароль занадта слабы, каб прыбыць асабіста. Арганіст, які чакаў толькі з’яўлення яго вялікасці, даў першыя акорды ўрачыстай імшы. Яе пачаў біскуп з епархіі Мо — Дамінік Сег’е, які ўжо хрысціў дафіна малой цырымоніяй і зараз павінен быў завяршыць сакрамент перадачы будучага караля Францыі пад апеку каталіцкай царквы. Спевы падхапіла духавенства — біскупы Бавэ, Вів’е, Рые, Сэн-Поль, Кутанс і Пюі са сваім шматлікім суправаджэннем. Калі гадзіннік пачаў выбіваць чацвёртую, у капліцы з’явіўся апрануты ў робу[172] са срэбнай тафты маленькі дафін, якога вяла за руку нянька — мадам дэ Лансак. За імі ішлі каралева, прынцэса Кандэ, графіня Суасон, герцагіня дэ Лангвіль і кардынал Мазарыні. Багуслаў спакойна назіраў, як біскуп Сег’е чытае малітву, як кропіць дафіна святой вадой, як запальвае свечку, як хросная маці, прынцэса Кандэ, і кардынал Мазарыні адзяваюць на маленькага Луі белую кашулю — сімвал ачышчэння і святла Хрыстова, і, нарэшце, як біскуп, сказаўшы «Accipe signaculum doni Spiritus Sancti»[173], ставіць мірам на добе будучага караля Францыі крыж…

Пасля цырымоніі, не занадта доўгай, каб не стаміць дзіця і гасцей, Радзівіл з арыстакратычнай публікай услед за духавенствам адправіліся ў каралеўскую спальню, каб паказаць ахрышчанага каталіка шчасліваму бацьку.

Людовік XIII ляжаў на парадным ложку, бяссільна адкінуўшыся на высока ўзнятыя падушкі. Яго васковы твар у цьмяным святле свечак адліваў мёртвай зеленню. Коратка прывітаўшы працэсію, яго вялікасць зрабіў дафіну знак падысці.

— Ну, сынку, як цябе завуць? — спытаў ён, любоўна правёўшы рукою па яго кучаравых валасах.

— Луі XIV, бацька, — ліха адрапартаваў малы.

На бяскроўных вуснах караля з’явілася слабая ўсмешка.

— Не, сынку, — толькі і сказаў ён. — Але ўжо скора…

14 мая Людовік XIII памёр. Ужо на наступны дзень Ганна Аўстрыйская распарадзілася адправіць мэблю і рэчы ў Луўр, дзе з гэтага часу павінен быў жыць каралеўскі двор. Цырымонію ўезду юнага караля Людовіка XIV у Парыж зладзілі з усёй магчымай пышнасцю. Яго вялікасць сядзеў у карэце з маці, братам Філіпам, дзядзькам Бастонам Арлеанскім і прынцам Кандэ. Наперадзе маршыравалі французскія і швейцарскія гвардзейцы; на вымуштраваных конях ехалі каралеўскія мушкецёры і кавалерыя, крочылі збройнікі каралевы, асабістая ахова юнага караля і сотні швейцарцаў. Ззаду выступала каралеўская гвардыя, ехалі карэты прыдворных дам каралевы, за імі ішлі шатландскія і французскія гвардзейцы, а затым зноў швейцарцы, якія атачалі пустую карэту нябожчыка манарха, якую цягнулі яго любімыя коні. Услед доўгай чарадой цягнуліся карэты арыстакратаў, а ў хвасце картэжу — натоўп слуг, да якіх заляцаліся прастытуткі з Новага моста і не абыходзілі ўвагай парыжскія злодзеі. Парыжане хацелі бачыць свайго юнага валадара і сустракалі працэсію радаснымі крыкамі. Людовіку падабалася такая мітусня, час ад часу ён высоўваўся ў акно і весела махаў мінакам, нягледзячы на засцярогі маці, якая баялася, каб сын не падхапіў якой хваробы.

Багуслаў назіраў за каралеўскім поездам з верхняга акна гатэлю дэ Раган. Маргарыта сёння зноў былі не ў гуморы, і князь не мог вінаваціць у гэтым Тарэнта, бо, страціўшы надзею заваяваць сэрца герцагіні, ён адправіўся ў Галандыю. Правёўшы вачыма апошні воз з паклажай, што якраз знікаў за вуглом, князь пацягнуўся за капялюшам і, пераканаўшыся, што яго намер сысці чароўная дама ўспрымае больш чым станоўча, адкланяўся з дрэнна прыхаванай прыкрасцю.

х х х

Багуслаў вярнуўся дадому сярдзіты і раздражнёны.

— Гэты парыжскі бруд, мабыць, д’ябал з пекла прыпёр, — бурчаў ён, грэбліва аглядаючы заляпаныя едкімі чорнымі пырскамі батфорты, якія слугі знялі з яго, каб пачысціць. — Тут на каня трэба з ганку садзіцца, каб ботаў не забрудзіць, а пра бальныя туфлі і казаць няма чаго. Я б на такую драбязу, вядома, увагі не звяртаў, ды жанчыны насамі круцяць…

— А смурод! — падхапіў Невяроўскі, які ледзь не адзіны з усёй княжацкай моладзі не баяўся дрэннага настрою Радзівіла. — У гэтым Парыжы пахне, як з памыйнай ямы. Хоць бы і з ног да галавы духамі заліўся, усё адно чуваць.

Багуслаў пакасіўся на яго.

— А я як раз думаю, чаму ў флаконе з лавандавай вадой, якую ты, Яне, пазаўчора ад каралеўскага парфумера прынёс, ужо дно відаць! — з’едліва заўважыў ён.

вернуться

172

Размоўнае. Ад фр. Ia robe — сукенка.

вернуться

173

«Прымі знакі дару святога Духа» (лац.).