У любым рыцарскім рамане пасля гэтых слоў высакародны кавалер павінен са слязамі на вачах пажадаць саперніку шчасця і, пакляўшыся жорсткай даме ў вечным каханні, адправіцца на вайну. Там бы ён склаў сваю закаханую галаву ў першым жа баі, забіўшы пры гэтым мноства ворагаў. Але жыццё — зусім не раман, таму Багуслаў, адчуваючы сябе дурнем, толькі холадна пакланіўся герцагіні і выйшаў. Хутка ён ужо скакаў з Янам Невяроўскім соннымі вуліцамі Парыжа. Шалёны галоп пайшоў на карысць — у галаве прасвятлела. Пусціўшы каня вольным крокам, князь падставіў твар прахалоднаму ветру, які дзьмуў з Сены. Вецер астудзіў яго злосць і вярнуў добры настрой.
— Чаго ты скіс, Яне? — звярнуўся ён да Невяроўскага, які трымаўся ззаду, не жадаючы трапляць Радзівілу пад гарачую руку ці вострае слоўца. — Тут радавацца трэба, што я шлюбнай пятлі сабе на шыю заўчасна не надзеў… Хоць таму французскаму пеўню трэба было ўсё ж пёркі пашчыпаць, таму што заўтра ўвесь Парыж будзе ведаць, як Маргарыта дэ Раган мне на дзверы паказала.
— Пра што ты кажаш, князь? — абурыўся Ян. — Што ўжо за дурны народ гэтыя французы, праз кожную драбязу за шпагу хапаюцца, але і яны кажуць, што піць можна з кожным, а біцца на дуэлі — толькі з роўняй. І калі б ты, мансеньёр, усё ж вырашыў зганьбіць свой гонар, я б першым стаў гэтаму перашкодай.
— Ну, як будзе трымаць язык за зубамі, хай ходзіць здаровы, — сказаў Багуслаў. — Але як пачне званіць на ўвесь свет пра сваё шчасце, герцагіня яго пад сваёй спадніцай не схавае…
Аднак шэвалье дэ Шабо выявіўся чалавекам рэдкай сціпласці і вялікага поспеху, таму што праз некаторы час Маргарыце дэ Раган нарэшце ўдалося пераканаць упартых сваякоў даць дазвол на шлюб, і закаханая пара заручылася.
Нават у неверагодных гісторый кахання бывае шчаслівы канец.
Раздзел 8
УЛЬТЫМАТУМ
Ракруа — Філіпвіль — Брусэль — Гаага
(май 1643 года — верасень 1644 года)
Пакуль Багуслаў быў заняты любоўнай інтрыгай з Маргарытай дэ Раган, увага ўсёй Еўропы была прыцягнутая да невялікага мястэчка Ракруа ў французскай правінцыі Шампань. Яго трымала ў аблозе амаль дваццацітысячнае іспанскае войска, якое ўзначальваў добры знаёмы Багуслава — дон Франсіска дэ Мела. Намеснік Іспанскіх Нідэрландаў вырашыў скарыстацца хаосам, у які звычайна трапляе краіна пасля смерці ўладара, і раптоўным ударам адваяваць страчаныя Іспаніяй уладанні. Здавалася, фартуна спрыяе іспанцам — французскую армію ўзначальваў малады і недасведчаны герцаг Энгіенскі[174] (яму было ўсяго дваццаць два гады). Хоць сілы французскіх і іспанскіх войскаў былі прыкладна роўныя, дон Франсіска быў пэўны, што баявы вопыт, які абапіраўся на моц непераможнай іспанскай пяхоты, нарэшце прынясе краіне жаданую перамогу…
Радзівіл паехаў у Ракруа на наступны дзень пасля размовы з Маргарытай. Князь яшчэ не вырашыў, ці будзе біцца на баку французаў, ці проста паназірае збоку, каб не псаваць адносін з донам Франсіска.
— Зрэшты, што мне да іспанцаў і іх камандзіра? — спытаў ён сам сябе. — Я меў патрэбу ў яго дапамозе хіба для таго, каб наведваць Беатрысу ў Брусэлі, але цяпер, калі яна мяне і ведаць не жадае…
Багуслаў горка ўздыхнуў. Пакідаючы Парыж, ён бесперапынна думаў пра Маргарыту дэ Раган, але цяпер, набліжаючыся да мяжы з Нідэрландамі, аддаўся ўспамінам аб графіні дэ Кюзанс, якія не магла вытрасці з галавы нават выбоістая дарога. Пан Пуцята, які сядзеў побач з князем, трывожна паглядаў на яго.
— Наперадзе іспанцы, мансеньёр. Спадзяюся, вы не будзеце нарывацца на небяспеку? У рэшце рэшт, жанчын на свеце многа, а жыццё адно.
— Ты, пане Самуэль, ужо мусіў прывыкнуць да маіх эскапад, — меланхалічна азваўся князь, разумеючы, што выхавацель бурчыць толькі для парадку.
— Адкаркуй лепш віно, пан Пуцята, — пазяхнуў Стаброўскі, які забаўляўся, вычышчаючы бруд з-пад пазногцяў. — Сумна ж, чорт пабяры! Вось каб цяпер падстрэліць пару іспанцаў хаця б дзеля забавы.
— Не адкаркую, — упёрся маршалак. — Таму што калі ты, Самуль, хочаш паляваць на іспанцаў, лепш рабі гэта на цвярозую галаву, каб самому забітым не быць.
Усё ж паляванне давялося адкласці — навіна аб поўным разгроме іспанскага войска пад Ракруа, што радасна шырылася Францыяй, заспела Багуслава і яго почат у дарозе.
— Спазніліся толькі на два дні! — Радзівіл нават не стрымліваў прыкрасці, якая паглыблялася ўсведамленнем таго, што трыумфатар гэтай бітвы, герцаг Энгіенскі, гадамі маладзейшы за яго.
174
Людовік дэ Бурбон-Кандэ (1621–1686) — французскі палкаводзец, вядомы як «Вялікі Кандэ», у 1646 годзе насіў тытул герцага Энгіенскага.