Януш ужо выпіў досыць, каб маленькі папрок у яго п’янай галаве здаваўся вялізнай абразай. Ён злосна паглядзеў на кузэна.
— А твайго меркавання ніхто і не пытаецца, — адрэзаў. — Сваім жанчынам я і сам дам рады.
— Спадзяюся, не так, як даваў рады першай жонцы, — не ўтрымаўся Багуслаў, якога таксама зачапіў такі адказ.
Цёмна-сінія вочы Януша наліліся крывёю.
— Зараз жа растлумач, што ты маеш на ўвазе! — ускочыў ён з месца.
— Князь, князь, — пан Глябовіч, які добра ведаў швагра, амаль сілаю пасадзіў яго назад у крэсла, угаворваючы зараз жа разам выпіць.
— Не, хай растлумачыць, што ён хацеў сказаць, — злосна бурчаў Януш, але, паддаўшыся на ўгаворы Юрыя, апаражніў з ім яшчэ келіх віна.
Гэтага не варта было рабіць, таму што віно, выпітае князем, і без таго добра гуляла ў яго ў галаве.
— Думаеш, я не заўважыў, як ты ўпадаў за жонкай гаспадара? — раптам крыкнуў ён, нешта ўспомніўшы. — Дзеля свайго капрызу напляваў і на звычаі гасціннасці, і на той саюз, што нашай дзяржаве патрэбны.
— А гэта ўжо цябе не датычыць! — падхапіўся Багуслаў.
— Гойсаеш па светах, за чужых валадароў кроў праліваеш, на паядынках, нібы ландскнехт, б’ешся, за чужымі жанчынамі бегаеш… Мала гэтага дабра ў Рэчы Паспалітай? І тут шлёндраў хапае.
Багуслаў, які таксама добра кульнуў вугорскага, сціснуў кулакі.
— Я ўжо ў дваццаць гадоў фарты браў, пакуль ты дома штаны праціраў або на каралеўскім двары куранту[177] танцаваў! — крыкнуў ён.
— Лепш танцаваць, чым дарэмна галаву пад кулі падстаўляць, без карысці для сябе, для нашага дому і Айчыны, — адрэзаў Януш.
І, адштурхнуўшы пана Глябовіча, які, убачыўшы, што добрая вячэра можа дрэнна скончыцца, спрабаваў супакоіць захмялелага швагра, закончыў:
— Ганьба роду Радзівілаў, вось ты хто, кузэн!
— Што ты сказаў? — ускіпеў Багуслаў.
— Што чуў. І не скачы перада мной, не спалохаеш.
Януш так адчайна размахваў рукамі, каб сэнс яго п’яных слоў хутчэй дайшоў да свядомасці кузэна, што неспадзявана закрануў яго кулаком. У адказ той у сэрцах адштурхнуў князя і той адляцеў да сцяны, стукнуўся галавой аб драўляную паліцу. Каштоўны посуд, што стаяў там, пасыпаўся на галаву. П’яная шляхта зарагатала, і Багуслаў разам з ёй.
Ганарлівае сэрца Януша напоўнілася лютасцю, твар ад злосці скрывіўся так, што, здавалася, сталёва-сінія вочы вось-вось выскачаць з арбіт.
— Я цябе зараз заб’ю! — раўнуў ён, трымаючыся адной рукой за галаву і мацаючы другой па сцяне, дзе вісела вялікая калекцыя баявой зброі.
Намацаўшы крывую турэцкую шаблю, Радзівіл сарваў яе са сцяны і махнуў так, што калі б Багуслаў, папярэджаны гучным крыкам Глябовіча, не прысеў, то стаў бы карацейшым на цэлую галаву. Усвядоміўшы гэта, ён збялеў, як смерць, а яго вочы пагрозліва заблішчалі. Не помнячы сябе, князь выхапіў шпагу — і як раз своечасова, каб скрыжаваць яе з шабляй Януша, што ўжо рассякала паветра з гучным свістам.
— Давай, давай, князь! — насмешліва крыкнуў ён. — Зараз я ўбачу, ці ўмееш ты зброю ў руках трымаць! Ці толькі языком мянціць здольны?
Януша, добра разагрэтага віном, двойчы прасіць не трэба было. Пераскочыўшы праз лаўку, якая трапілася на шляху, і, размахваючы зброяй, ён кінуўся на кузэна. І тут яго чакала неспадзяванка. Літоўскі маршалак быў умелы рубака, але даўно не практыкаваўся ў двубоях, тады як яго стрыечны брат апошні час толькі і рабіў, што біўся. У Багуслава, здавалася, шпага прырасла да рукі. Ён арудаваў ёю так умела, што сведкі толькі здзіўлена войкалі і ахкалі. Спрабавалі і разняць праціўнікаў, ды дзе там! Радзівілы разышліся так, што і сам апостал Павел іх бы не спыніў.
Біліся, як шляхта ў карчме — так, што іскры ляцелі, — спрабуючы аглушыць саперніка «падручнай артылерыяй», якая складалася ў асноўным з ежы на стале. Самім ваякам удавалася ўхіляцца ад «ядраў», але ахвярай іх баявога запалу стаў канцлер Альбрэхт, які за кароткі час прымудрыўся «пакаштаваць» смажанага гусака, смажаніну на мядзведжым сале і «выпіць» келіх вугорскага, які набіў небараку гузака на лбе. Каб засцерагчыся ад «шалёнай» ежы, прадстаўнічы мужчына залез на лаву, адкуль гучна клікаў на дапамогу.
І тут падаспеў Саковіч. Убачыўшы, што адбываецца, ён не разгубіўся, выхапіў шаблю і кінуўся разнімаць ашалелых князёў. Адштурхнуўшы Януша, скрыжаваў зброю з Багуславам. Убачыўшы гэта, Глябовіч і Патоцкі з Мяржынскім нарэшце ачомаліся і павіслі на плячах старэйшага Радзівіла, намагаючыся яго суцішыць.
— Адыдзі, бо яшчэ заб’ю! — крыкнуў Багуслаў, які на гэты раз зусім не ўзрадаваўся прыяцелю.