Выбрать главу

— Словам, граф, — падсумаваў Багуслаў, ваяўніча скрыжаваўшы рукі на грудзях, — як кажуць у нас на Літве, трымай язык за зубамі, пакуль маеш зубы ў роце.

Французскаму забіяку вельмі хацелася годна адказаць на гэтую дзёрзкасць, але, заўважыўшы моцна сціснутыя кулакі палякаў, дэ Р’е ўсё ж спыніў аповед пра любоўныя прыгоды Марыі Ганзага. Аднак супакойвацца і не думаў. Скарыстаўшыся тым, што Радзівіл адышоў да каралеўскай ложы, граф, каб адпомсціць князю за ўмяшанне, стаў заляцацца да адной з прыдворных дам Ганны Аўстрыйскай, якая была каханкай Багуслава. Паколькі мадэмуазэль не вылучалася цнотай і ў каралеўскім палацы хапала цёмных закуткоў, прынц дэ Р’е хутка дасягнуў мэты. Вярнуўшыся ў тэатр, ён гучна распавёў пра здарэнне, з помслівай радасцю заўважыўшы, як змяніўся твар Радзівіла.

— Што здарылася, прынц? — кпліва пацікавіўся граф. — Пачуў, што мне ўдалося асядлаць тваю кабылку? Але не хвалюйся так, у гэтай шлёндры паміж ног агонь гарыць, на ўсіх хопіць.

— Ды я й не хвалююся, — запэўніў яго Багуслаў, якому трэба было замольваць свае грахі. — Але ўсё ж успомню табе словы графа Сэн-Люка, якія той сказаў маркізу дэ Бёўрон, калі выцягваў шпагу з яго нерухомага цела: «Маю каханку шлёндрай называць магу толькі я!»

І князь на ўсю моц заехаў крыўдзіцелю кулаком у твар, так што няўдачлівы жартаўнік расцягнуўся на падлозе пад гучныя войканні сведкаў гэтай размовы.

— Вось чорт, — уздыхнуў князь, гледзячы, як дэ Р’е, стогнучы і праклінаючы ўсё на свеце, а перш за ўсё Радзівіла, павольна ўстае. — Здаецца, хутка буду мець магчымасць папрактыкавацца ў фехтаванні.

І, вядома, не памыліўся.

Раз’юшаны француз выхапіў шпагу і кінуўся на Багуслава, але трапіў у моцныя абдымкі сяброў Радзівіла — графа дэ Ламота і герцага Шатыёна. Боўтаючыся ў іх руках, дэ Р’е аблаяў і самога князя, і ўсю яго радзіну, завяршыўшы ўрачыстым выклікам на паядынак.

— Я хутка прышлю да цябе секундантаў, — кіўнуў князь. — А зараз закрый рот, я паскудзіць свой язык не жадаю, але за кожную абразу аддзячу дзіркай у тваім целе!

Сказаўшы так, Багуслаў развярнуўся і пайшоў. На паўдарогі да выхаду яго дагнаў граф Ітан, разам з якім Радзівіл ваяваў у Нідэрландах пад сцягамі прынца Аранскага.

— Добра ж ты, мансеньёр, правучыў гэтага нахабніка! — захоплена сказаў ён.

— Яшчэ не да канца, — усміхнуўся Багуслаў. — Будзеш маім секундантам?

Па звычаі тых часоў секунданты біліся на дуэлі нароўні з самымі сапернікамі, а эдыкт супраць паядынкаў, уведзены кардыналам Рышэлье, гарантаваў смяротны прысуд і тым, і другім. Бясспрэчна, трэба было мець адвагу, каб прыняць такую «ласкавую» прапанову. Але граф Ітан, у якога з прынцам Латарынгскім былі свае рахункі, не вагаўся.

— Буду, — кіўнуў ён. — Твае ўмовы, мансеньёр?

— Шпага. А час і месца паядынку хай дэ Р’е прызначае сам.

Ітан кіўнуў і пайшоў дамаўляцца пра паядынак.

х х х

Калі на наступны дзень граф Ітан наведаў Багуслава, той ужо паспеў паснедаць, паабедаць і якраз сеў вячэраць у кампаніі герцага дэ Шатыёна і графа дэ Ламота.

— Ты своечасова, mon cher ami[178], — весела сустрэў яго Радзівіл. — Але чаму так доўга? Я ўжо двойчы па цябе слугу пасылаў, і той двойчы не заспеў цябе дома.

— Я якраз ад прынца дэ Р’е, — выдыхнуў граф і, выпіўшы келіх віна, таксама сеў да стала. — Ну што тут скажаш? Граф — вядомы забіяка, і ўчора ў яго аж рукі свярбелі, так хацеў да твайго горла дарвацца. Але сябры яму, відаць, патлумачылі, з якім непераўзыдзеным фехтавальшчыкам ён будзе біцца. Сёння прынц загадаў перадаць, што на гэтую сустрэчу возьме з сабой дванаццаць сяброў.

Шатыён і Ламот пераглянуліся і гучна зарагаталі.

— Дванаццаць секундантаў? — здзіўлена перапытаў Радзівіл. — Дык гэты адважны рыцар вырашыў схавацца ад мяне за спінамі больш спрытных дуэлянтаў?

— Напэўна, — сказаў Ітан. — Я ўжо з твайго дазволу, мансеньёр, запрасіў свайго сябра графа Шаваньяка[179] скласці нам кампанію…

— Вельмі добра! — Багуслаў перавёў погляд на Ламота і Шатыёна, і тыя, пераглянуўшыся, згодна кіўнулі.

Астатніх удзельнікаў дуэлі, таксама выхадцаў з самых знакамітых сем’яў Францыі, яны разам выбралі сярод сваякоў і сяброў. Граф дэ Пары падахвоціўся сам, пачуўшы пра свайго заклятага ворага, які мусіў біцца на варожым баку.

Размовы пра неверагодны паядынак, дзе ў смяротнай сутычцы павінны былі сысціся вярхі французскай арыстакратыі, перапалохалі каралеўскі двор. На вышук і арышт дуэлянтаў ужо не было часу, таму кардынал Мазарыні разаслаў па ўсіх парыжскіх дарогах конныя раз’езды каралеўскіх гвардзейцаў, якія і затрымалі дуэлянтаў.

вернуться

178

Мой дарагі дружа (фр.).

вернуться

179

Дзякуючы мемуарам Шаваньяка падрабязнасці пра гэты выпадак дайшлі да нашых дзён.