Багуслаў ірвануў пісталет, але разбойнік папераджальна ўзняў руку.
— Папярэджваю, мае людзі добра страляюць, і нават калі вам, сеньёры, удасца ўсадзіць у нашы змучаныя нягодамі целы некалькі куль, тыя з нас, што застануцца жывымі, зробяць з вас рэшата раней, чым вы паспееце вымавіць імя Гасподняе.
— У цябе добрыя манеры як для рабаўніка і забойцы, — пахваліў Радзівіл, не апускаючы зброі. — І твае словы не пазбаўленыя сэнсу. Калі адзавеш сваіх людзей і дазволіш нам праехаць, атрымаеш гэты кашалёк. — Ён паляпаў па паўпустым скураным мяшку, які насіў на поясе. — Калі не, мы будзем абараняцца, і атрымаеш ты не срэбра, а некалькі ўнцый свінцу ў грудзі. Што скажаш?
Альгвасіл пачухаў даўно не голеную бруднюшчую бараду, з якой выскачылі некалькі блох. У яго зводзіла жывот ад голаду, там з раніцы не было і макавай расінкі, а яго бравыя сябры, якімі ён палохаў князя, ледзь трымалася на нагах ад недаядання.
— Es muy temprano que nosotros vayamos al cielo[181], — буркнуў адзін з яго таварышаў — нібы да сябе, аднак свідруючы вострым поглядам спіну камандзіра.
— Bueno[182], — сказаў разбойнік, шумна панюхаўшы паветра. — Толькі да кашалька, высакародныя сеньёры, дадайце і тую смажаную курыцу, якая выглядае з дарожнага мяшка рудога лёкая.
Багуслаў на гэта пагадзіўся. Калі курыца разам з амаль поўнай пляшкай віна перайшла ў рукі аднаго з бандытаў і шлях быў вызвалены, ён адчапіў кашалёк, і, кінуўшы яго правадыру, скамандаваў:
— Наперад!
Кампанія на злом галавы паскакала і не спынялася, пакуль вартавыя вежы антверпенскай брамы не з’явіліся перад імі.
— Каханы, што з табой? — жахнулася Беатрыса, убачыўшы Багуслава ў дзіўнай вопратцы на парозе свайго часовага антверпенскага жытла.
Там яе ўтрымлівала як каштоўную закладніцу нідэрландская ўлада, каб мець уплыў на непрадказальнага Карла Латарынгскага, што цяпер ваяваў на баку Іспаніі, але мог у любы момант зноў стаць на бок Францыі.
Багуслаў атрымаў ад графіні вестку аб гэтай непрыемнасці разам з пасланнем ад прынца дэ Р’е, таму адправіўся на сустрэчу з ворагам тым больш ахвотна, што гэты шлях праходзіў праз ложак каханай. Зразумела, што ні выгляд палюбоўніка, ні аповед пра яго прыгоды не спалохалі Беатрысу так, як паведамленне пра будучы паядынак. Не сказаць пра яго князь не мог, бо як інакш растлумачыць прычыну раптоўнага ад’езду ў Францыю. Насыціўшыся перамяшаным са слязамі каханнем, Радзівіл працягнуў сваё падарожжа хутчэй, чым планаваў, бо не мог спакойна глядзець на жаночыя слёзы.
З меркаванняў бяспекі вырашылі абмінуць Брусэль, дзе было шмат знаёмых, а на начлег спыняліся ў тых заездах, якія звычайна выбіралі падчас падарожжа купцы. Князь хваляваўся за сваё інкогніта, праблема захавання якога станавілася вастрэйшай з кожнай міляй, што набліжала падарожнікаў да французскай мяжы.
— Цікава, як той іспанскі разбойнік адразу ж разглядзеў, што мы шляхцічы? — разважаў ён, аглядаючы сябе ў невялікім люстэрку, якое на яго патрабаванне прынёс гаспадар.
— Не хапала яшчэ, каб ён палічыў прынца Свяшчэннай Рымскай імперыі жабраком, — фыркнуў у адказ Ян.
— Не скажы… — Радзівіл разглядаў сябе з занепакоенасцю свецкай прыгажуні, якая шукае на сваім абліччы чарговую зморшчынку. — Такая праніклівасць французскіх ураднікаў можа абярнуцца для мяне турмой…
— Валасы ў вашай светласці занадта доўгія, — пачаў пералічваць Ян. — І вусы занадта дагледжаныя. Я б не стаў давяраць іх цырульніку раней, чым мы дабярэмся да Францыі.
— Ты маеш рацыю, дружа, — сказаў Багуслаў, спрабуючы схаваць доўгія пасмы валасоў пад шыракаполы капялюш без пяра — такія з задавальненнем насілі фламандскія мяшчане.
Пацёршы рукой няголеную шчаку, скрывіўся.
— Бр-р-р! На якія толькі ахвяры не даводзіцца ісці, каб выглядаць чалавекам гонару ў свецкім таварыстве!
Далей ехалі спакойна. На мяжы з Францыяй Багуслаў з Невяроўскім сустрэлі селяніна з возам збожжа для французскай арміі і выкупілі ў яго ўвесь тавар. З асалодай расцягнуўшыся на возе, Радзівіл адказаў Невяроўскаму, які хацеў ведаць, навошта князь гэта робіць.
— Купец павінен выглядаць купцом, дарагі Ян. Сумняюся, што нават пільным французскім ураднікам прыйдзе ў галаву шукаць прынца Радзівіла сярод гэтых мяшкоў са збожжам… Калі хочаш, кладзіся побач, — прапанаваў ён, пасунуўшыся. — Бо ў мяне ўжо цела ў сядле сцерхла, і я сумняюся, што ты адчуваеш сябе лепш!