Выбрать главу

У адказ Радзівіл падкінуў уверх кардынальскі кашалёк.

…Паколькі ніякіх перашкодаў для ад’езду ўжо не было, князь са спадарожнікамі пакінуў французскую сталіцу, затрымаўшыся тут толькі на той час, які спатрэбіўся, каб напісаць ліст Мазарыні, у якім Радзівіл рашуча адмаўляўся ад шпіёнскай службы.

Раздзел 17

СВАЯЦКІЯ СУВЯЗІ

Бергеноп-Зом — Дордрэхт — Гаага

(май — чэрвень 1646 года)

Зваротнае падарожжа ў Галандыю была дзіўна спакойным і амаль прыемным — відаць, нябёсы злітаваліся з падарожнікаў і спрабавалі неяк змякчыць дрэнны прысмак мінулых прыгод. У Брусэлі Багуслаў зноў наведаў Беатрысу, але затрымаўся ў яе ложку ненадоўга, і адправіўся далей, даўшы слова, што неўзабаве вернецца разам са сваім початам. Спачатку ён хацеў застацца ў Нідэрландах, паслаўшы пану Пуцяту вестку, каб прыехаў да яго. Але змучаны чарговым прыступам падагры пан Самуэль прыбыць не змог — паслаў да князя былога галоўнага аканома, пана Рэчыцкага, які прывёз з Вялікага Княства трохі грошай, а таксама захапіў ліст ад жонкі штатгальтара, атрыманы за час адсутнасці Радзівіла. Прынцэса прасіла Багуслава хутчэй прыбыць да яе.

— Цікава, навошта я так тэрмінова спатрэбіўся мадам Амаліі? — спытаў сябе князь.

Але паколькі адказу на гэтае пытанне не было, Радзівіл вырашыў паехаць у Гаагу, не затрымліваючыся ў дарозе даўжэй, чым трэба было для вячэры і начлегу. Неба спрыяла яго намерам: да невялікага, але прыгожага галандскага горада Бергеноп-Зом вандроўнікі дабраліся без прыгод і ўжо на наступную раніцу, знішчыўшы сняданак і расплаціўшыся з шынкаром за начлег, ускочылі на коней і рушылі да паўночнае брамы. На вуліцах было людна, і на скрыжаванні Багуслаў ледзь не збіў з ног нейкага маладога чалавека, які з цікавасцю азіраўся вакол.

— Prends garde![183] — крыкнуў князь, прытрымліваючы гнядога, які нервова загарцаваў на месцы. — Que diable faites-vous donc?[184]

Больш злосны, чым спалоханы, юнак павярнуўся. З яго языка таксама зляцела некалькі зняважлівых слоў, якія так і павіслі ў паветры, калі ён убачыў Радзівіла.

— Быць не можа гэтага! — радасна ўсклікнуў разявака. — А я яшчэ не верыў, калі мне казалі, што за мяжой і азірнуцца не паспееш, як сустрэнеш земляка. І якога земляка! Самога Радзівіла!.. Гэй, Ян! — паклікаў ён свайго спадарожніка, які ўжо прапіхваўся да яго праз натоўп. — Ты толькі паглядзі, хто тут: князь Багуслаў уласнай персонай!

Пільней прыгледзеўшыся да прыемнага хударлявага твару юнака, Багуслаў пазнаў у ім Марэка Сабескага — сына рускага ваяводы Якуба, якога бацька пасля заканчэння навучання ў Кракаўскай акадэміі адправіў у традыцыйны для польскай арыстакратыі тур па Еўропе. Яго таварышам аказаўся малодшы Сабескі — Ян, які, аднак, выглядаў больш сталым і моцным за брата.

— Вітаю вас, панове, — павітаўся Радзівіл. — Ад землякоў сапраўды няма куды дзецца, асабліва ад такіх, якія імгненна выбалбачуць усім на свеце тваё інкогніта… Даўно з Польшчы? — дыпламатычна дадаў ён, заўважыўшы, што старэйшы Сабескі трохі зніякавеў.

— Некалькі месяцаў таму з’ехалі, і ўжо паспелі трохі агледзець Галандыю, — сказаў ён. — Зараз кіруемся ў Францыю, таму што больш за ўсё хочам убачыць Парыж.

— Тады вам лепш ехаць баржай проста ў Антверпен, каб не натрапіць на дэзерціраў, — параіў Багуслаў, у якога яшчэ не выветрыліся з галавы непрыемныя ўспаміны аб сустрэчы з гэтым племем. — А ўжо адтуль — у Брусэль.

Гэтай і яшчэ некалькімі карыснымі парадамі кароткая сустрэча і скончылася. Адхіліўшы прапанову Марэка працягнуць зносіны ў бліжэйшым шынку, князь са сваімі людзьмі пайшоў далей.

— Здаецца, Радзівіл лічыць нас нявартымі свайго таварыства, — пакрыўджана кінуў Ян Сабескі ўслед Багуславу. — Яго пажаданне скорай сустрэчы здалося мне няшчырым. І чаго дзівіцца, калі, па чутках, ён з каралямі на кароткай назе.

— У Варшаве князь быў вельмі ветлівым, — сказаў Марэк, які нічога такога не заўважыў. — Можа, тое, што я, як апошні дурань, раскрыў яго інкогніта, так яго збянтэжыла? Я, зрэшты, не думаю, што хтосьці з галандцаў зразумеў нашу польскую… — вінавата дадаў ён, азіраючыся на абыякавыя твары мінакоў, і з палёгкай уздыхнуў, не ўбачыўшы на іх нават цені зацікаўленасці.

Сабескія рушылі далей і яшчэ доўга гаварылі пра дзіўныя паводзіны суайчынніка, не ведаючы, што Багуслаў таксама жыва абмяркоўваў з Невяроўскім гэтую нечаканую сустрэчу.

Наступны прыпынак Радзівіла быў у Дордрэхце, дзе падарожнікаў спасцігла прыкрая нечаканасць. У горадзе быў толькі адзін прыстойны заезны двор, і той перапоўнены.

вернуться

183

Беражыся! (фр.)

вернуться

184

Куды вас чорт нясе? (фр.)