Выбрать главу

— Я, панове, магу прапанаваць вам толькі два пакоі — адзін для вас, другі для вашых слуг, — паведаміў заклапочаны гаспадар Невяроўскаму, якога Радзівіл паслаў дамаўляцца пра жыллё. — Чвэрць гадзіны таму імі ўжо цікавіўся нейкі слуга для свайго гаспадара. Толькі ён кудысьці знік… мабыць, пайшоў па грошы.

Гаспадар азірнуўся, шукаючы позіркам слугу, але, не знайшоўшы, разгублена развёў рукамі.

— Скажы, а слуга пакінуў табе задатак за пакой? — задумаўся Ян, якому не хацелася бадзяцца па горадзе, шукаючы начлег.

— Кажу ж, што грошай не даваў, — пачаў злавацца гаспадар заезду.

— Тады я плачу загадзя двайную цану, — вырашыў Невяроўскі. — І пакой мой.

Гаспадар ахвотна прыняў такую шчодрую прапанову. Задаволены сабой, Ян выйшаў на гарадскую плошчу і, адшукаўшы поглядам князя, радасна памахаў яму рукой, паказаўшы жэстам, што ўсё добра.

Але Ян паспяшаўся. Калі яны з Радзівілам і Рэчыцкім вярнуліся ў заезд, заспелі там вялікі гармідар. Некалькі мужчын, па выглядзе немцаў, заціснуўшы ў кут беднага карчмара, дзікай сумессю нямецкай і французскай патрабавалі адказу — як так здарылася, што іх пакоі былі занятыя. Гаспадар гасцініцы, які ўжо зразумеў, што выгадная здзелка можа дорага яму абысціся, апраўдваючыся, упарта гойсаў вачыма па баках, шукаючы шлях да выратавання, і падскочыў ад радасці, убачыўшы Невяроўскага.

— Вось гэтыя паны занялі вашы пакоі, — паведаміў ён нападнікам, тыцнуўшы пальцам у бок Яна.

А калі немцы павярнулі галовы, хутка ўцёк.

Немцаў было пяцёра. Верхаводзіў добра апрануты юнак, які падышоў да Невяроўскага так блізка, што Ян адчуў пах піва, якім той пачаставаўся за абедам. Пляскаты твар нахабніка з вялікім кручкаватым носам і чорнымі як ноч вострымі вачыма аж гарэў гневам.

— Гэтыя пакоі наняў для мяне слуга, — злосна сказаў ён. — Так што вам, панове, прыйдзецца саступіць месца. Бо, як вядома, prior tempore — potior jurex![185]

— Жыць будзе той, хто заплаціў, — адрэзаў Невяроўскі, у якога лаціна яшчэ не паспела выветрыцца з галавы. — І заплаціў шчодра!

Ян наўмысна біў у самае балючае месца — кішэні нямецкіх шляхцічаў былі спустошаныя вайной, а юнак, падобна, быў з заможнай сям’і і прыбыў у Галандыю на вучобу. Заўважыўшы, як перакрывіўся твар нахабніка, Невяроўскі павіншаваў сябе, што патрапіў у цэль.

— Вам лепш адступіцца, панове, — пачаў гарачыцца немец. — Таму што я паклічу слуг, і яны растлумачаць вам, хто з нас мае больш правоў на начлег.

Пачуўшы такую пагрозу, Багуслаў, які стаяў у баку, не жадаючы ўмешвацца ў спрэчку, падышоў бліжэй.

— Такія пагрозы не пасуюць шляхцічу, які носіць на баку шпагу, — адзначыў ён. — Большасць маіх людзей чакаюць мяне ў Гаазе. Але калі б і былі тут, я б не стаў прыцягваць іх да спрэчкі шляхцічаў.

Юнак сумеўся. Простая вопратка князя і яго слуг спачатку ўвяла яго ў зман, і ён падумаў, што мае справу з камерсантамі. Але ўзважаныя словы Радзівіла, яго паводзіны, выправа, бездакорная французская і, галоўнае, упэўненасць ва ўласных дзеяннях сведчылі, што той з’яўляецца шляхцічам, і не проста шляхцічам, а арыстакратам з добрага дому.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — немец ваяўніча паклаў руку на эфес сваёй рапіры.

— Тое, што раю вам быць больш асцярожным са словамі і з рухамі, якія можна памылкова вытлумачыць, — спакойна паясніў князь, і яго суразмоўца адразу ж пакінуў зброю ў спакоі. — Запэўніваю вас, што мы з прыяцелем таксама нядрэнна валодаем шпагамі, але не хочам пускаць іх у справу з такой нязначнай прычыны.

Юнак, які ўжо ад злосці пакусаў сабе вусны да крыві, пачаў грызці кончыкі пальцаў. Убачыўшы, што справа павярнула ў дрэнны бок, у спрэчку ўмяшаўся прадстаўнічы мужчына — напэўна, выхавацель юнага задзіры.

— Вам прыйдзецца саступіць, панове, — звярнуўся ён да Радзівіла і, панізіўшы голас, дадаў: — Вы размаўляеце з прынцам.

Багуслаў не змог стрымаць усмешкі, а Невяроўскі і Рэчыцкі гучна зарагаталі.

Выхавацель не чакаў такіх паводзін, таму разгублена заміргаў вачыма і выцер з ілба пот, які заліваў твар. Затым зняў парык, пад якім аказалася лысая, як калена, галава з характэрнай стракатай плямай на цемені, і памахаў ім перад тварам. Гэта яшчэ больш рассмяшыла князя, і ён уважліва паглядзеў на суразмоўцу, знешнасць якога падалася знаёмай.

— Быць не можа гэтага, — здзіўлена сказаў ён, калі сумневаў больш не засталося. — Мечаны Ганс!

Немец ад нечаканасці выпусціў парык. Затым падняў яго і ўтаропіўся на Багуслава, дзівячыся, адкуль гэты прыгожы незнаёмец яго ведае.

вернуться

185

Хто першы — той і мае рацыю! (лац.)