Выбрать главу

Звычайна спакойны голас Багуслава цяпер аж звінеў ад гневу. Пан Пуцята, крэкчучы і стогнучы (балела хворая паясніца) накіраваўся ў свой пакой, адкуль вынес і выклаў перад князем лісты, якія паступілі з дома за час адсутнасці князя. Першы быў ад Януша, які скардзіўся, што Багуслаў пасля адбыцця не напісаў яму ні слова. Ён раіўся, як улагодзіць справы з Янкоўскім, які ўжо паспеў паскардзіцца на радзівілавых слуг у суд і нават выйграць працэс. Гэта быў звычайны спосаб правасуддзя ў Рэчы Паспалітай: пазоўнік, не маючы магчымасці прыцягнуць да адказнасці самога замоўцу, спаганяў злосць на яго слугах — выканаўцах.

— Пана Карскага пакаралі інфаміяй[186], — дапоўніў пасланне пан Самуэль. — Дык пан Кураш, адзін з юрыстаў вашай княжацкай міласці, па радзе князя Януша прыдумаў дамовіцца з тым здраднікам Янкоўскім. І пан Сасноўскі, якому вы даверылі займацца гэтай справай, ідэю ўхваліў…

— Ухваліў, напэўна, тады, калі ўбачыў сваё імя ў судовай позве, — сказаў на гэта Багуслаў, бо добра вывучыў характар галоўнага аканома. — Толькі разлічыўся з тым нягоднікам не сваімі, а маімі грашыма, яшчэ і мой гонар пад удар падставіў. Што да мярзотніка Янкоўскага, дык я ўжо бачу, што атрыманая навука яму на карысць не пайшла, калі пагражае маім слугам. А гэта я расцэньваю як пагрозы мне самому!

— Найяснейшы князь, калі шляхціц палачныя ўдары золатам ацэньвае… — пачаў пан Пуцята, але Радзівіл загадаў замаўчаць, і ўзяў у рукі наступны ліст, каб супакоіцца.

Гэта было пасланне ад пана Кураша, якое таксама не дадало князю радасці.

— Цяпер я разумею, чаму Карскага пакаралі інфаміяй! — раззлаваўся ён, прагледзеўшы пасланне. — Таму што, аказваецца, пан Кураш не адаслаў каралю мой ліст, дзе я тлумачыў яго вялікасці, чаму павінен быў так учыніць з Янкоўскім!

— Не даслаў, бо пабаяўся, што караля гэта не пераканае, а пакрыўдзіць, — цярпліва растлумачыў пан Самуэль, які, відавочна, быў лепш знаёмы з тонкасцямі гэтай справы, чым хацеў паказаць. — Ліст быў з братэрскім прывітаннем ад вашай княжацкай светласці. Таму пан юрыст і просіць, каб ваша княжацкая міласць перадаў яму мембрану са сваім подпісам, а ён ужо сам упіша туды ўсё, што трэба… Але ваша міласць дарма злуецца, — заспакойліва працягнуў маршалак, заўважыўшы маланкі ў княжацкіх вачах. — Гэта праўда, што ў вашых жылах цячэ каралеўская кроў, і паходжанне дазваляе вашай светласці быць з каралямі на кароткай назе, але не пераступаць праз шляхецкія звычаі і парадкі! І князь Януш каралеўскім падданым пішацца, і нават сам нябожчык князь-гетман у лістах да караля сябе так тытулаваў. А калі казаць па шчырасці, пісацца можна як і кім заўгодна, абы на карысць справе, якую вельмі трэба ўлагодзіць, — і лепш з самім Янкоўскім, чым з суддзямі. Так танней і прасцей будзе! Калі б судзілі літвіны, прысуд быў бы справядлівым, а каля каронных за гэтую справядлівасць трэба добра золатам патрэсці…

— Пан Пуцята, — рашуча абарваў яго Радзівіл, бо не меў ахвоты да дыспутаў. — Я дарую табе гэтыя словы толькі з любові да цябе, але ў далейшым думай, што кажаш. Ніякія выгады не прымусяць мяне паступіцца гонарам… Маўчы, — ён папераджальна ўзняў уверх палец, бо маршалак яшчэ парываўся нешта сказаць. — І падай мне пісьмовыя прыналежнасці, буду пісаць лісты.

— Каралю? — з надзеяй спытаў пан Самуэль, падсоўваючы князю пяро і атрамант.

Багуслаў адказаў не адразу — ён з такой злосцю выводзіў літары, што ў некалькіх месцах парваў паперу востра заточаным пяром.

— Саковічу, — усё ж прызнаўся ён, паставіўшы апошнюю кропку. — Калі Янкоўскі зусім сумленне згубіў, хай мае справу з чалавекам, які ў сваіх учынках кіруецца не законам, а справядлівасцю.

Багуслаў быў такі сярдзіты, што не стаў слухаць спалоханых пратэстаў пана маршалка, які даказваў, што нічога добрага з гэтага не выйдзе. Не падняў настрой князя нават дасланы каралём прывілей каралеўскага канюшага, які ён са злосці ледзь не парваў на кавалкі, але потым з вялікай неахвотай прыняў — толькі каб не крыўдзіць манарха і атрымліваць прыбыткі з двух старостваў, якія ішлі ў дадатку.

х х х

За час адсутнасці Радзівіла Галандыю спасцігла гора — цяжка захварэў штатгальтар Фрыдрых Генрых. Пакуль галандскія чыноўнікі і генералы, жадаючы забяспечыць сваю будучыню, мітусіліся вакол яго дваццацігадовага сына і спадкаемца Вільгельма, улада нечакана апынулася ў руках прынцэсы Амаліі фон Сольмс. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, якія леглі на яе крохкія плечы, розум гэтай амбітнай жанчыны быў як ніколі ясны, а жалезная воля патрабавала дзеянняў. Князя Багуслава яна сустрэла з раскрытымі абдымкамі, як блізкага прыяцеля сям’і, і пачала дзяліцца цяжарам, які ляжаў у яе на душы. Клопатаў і сапраўды хапала. Старэйшы сын Вільгельм пераважна бавіў час не з маладой жонкай, а са шматлікімі палюбоўніцамі. Па дарозе сюды Радзівіл сустрэў прынцэсу Марыю, якая плакала, але тады вырашыў, што яе слёзы выкліканыя цяжкім становішчам у Англіі яе бацькі-караля, які крок за крокам прайграваў у крывавай барацьбе з Кромвелем[187]. Цяпер ён шчыра здзівіўся вытрымцы маладой жанчыны, якая прыветна яго вітала і мела досыць такту, каб далей быць добрай жонкай для здрадніка.

вернуться

186

Інфамія (ад лац. infamia — ганьба) — пазбаўленне шляхецкага гонару, якім суправаджаўся прыгавор пра баніцыю — пазбаўленне грамадзянскіх праў і дзяржаўнай абароны за здзяйсненне асабліва цяжкіх злачынстваў.

вернуться

187

Олівер Кромвель (1599–1658) — англійскі дзяржаўны дзеяч, палкаводзец, кіраўнік Англійскай рэвалюцыі, у 1643–1650 гадах — генерал-лейтэнант парламенцкай арміі, у 1650–1653 гадах — лорд-генерал, у 1653–1658 гадах — лорд-пратэктар Англіі, Шатландыі і Ірландыі.