Выбрать главу

— Ты хоць цяпер маўчы, калі раней не ўмеў трымаць язык за зубамі, — абарваў яго Багуслаў, які апусціў шпагу, але не аддаў. — А кардыналу ты ад сэрца падзякаваць мусіш за тое, што тваю скуру выратаваў.

Граф, якога ўзялі пад рукі двое мушкецёраў, гнеўна тузануўся.

— Ты гэта пра што? — з выклікам крыкнуў ён.

— Пра тое, што я двойчы прыязджаў у Францыю, каб біцца з табой, і двойчы трапляў у рукі французскага правасуддзя. І цяпер разумею чаму!

І без таго чырвоны твар дэ Р’е заліўся злым румянцам.

— Ты… ты хочаш сказаць, што гэта я папярэдзіў кардынала пра наш паядынак?! — віскнуў ён.

— Так, менавіта гэта я хачу сказаць, — адрэзаў Багуслаў. — Таму што пра яго ведалі толькі мы з табой і яшчэ нашы секунданты. І калі б я сам хацеў пазбегнуць дуэлі, дык спакойна б мілаваўся з каханкай у Брусэлі, а не ехаў бы ў Парыж, рызыкуючы жыццём, каб потым сарваць дуэль!

— Дайце мне шпагу! — раўнуў француз, вырываючыся з рук мушкецёраў. — Дайце мне шпагу, я… я яму зараз язык адрэжу!

— Супакойцеся, ваша светласць, — грэбліва адгукнуўся лейтэнант Каменж. Прыслухаўшыся да сваркі, ён стаў на бок Багуслава і, да таго ж, недалюбліваў задзіру дэ Р’е. — Лепш ісці ў турму, чым на той свет.

Ён гучна зачыніў дзверцы турэмнай карэты з раз’юшаным вязнем і павольна падышоў да прынца.

— Вашу шпагу, мансеньёр, — сказаў ён са шчырым спачуваннем. — Я як афіцэр, па ўласнай волі ніколі б не перашкодзіў людзям гонару высветліць адносіны, а так, самі разумееце, служба!

Багуслаў неахвотна працягнуў яму зброю.

— Вы за яе жыццём адказваеце, — папярэдзіў ён.

Павярнуўся да ўсхваляванага раззброенага Невяроўскага, каб сказаць яму некалькі супакаяльных слоў, і ўбачыў Нямірыча, які, прымчаўшыся на Каралеўскую плошчу, замест цікавага відовішча стаў міжвольным сведкам арышту ўдзельнікаў і цяпер сціпла трымаўся за спінамі разявак, якія сышліся паглядзець, што адбываецца.

— Стэфан? — здзіўлена ўсклікнуў ён. — А ты што тут робіш?

Нямірыч наблізіўся.

— Дык Ян Сабескі паведаміў аб вашым з дэ Р’е паядынку, — растлумачыў ён. — Вось я і прыйшоў сюды, каб даведацца, ці не магу чым-небудзь паслужыць вашай княжацкай міласці.

— Сабескі? — здзівіўся Багуслаў. — А ён адкуль пра яго даведаўся?

Юнак заміргаў вачыма і збянтэжана паглядзеў на Невяроўскага, які нават скурчыўся пад злосным позіркам Радзівіла. Той, вядома, адразу адгадаў, што значыць гэты абмен позіркамі.

— Добрыя ў мяне слугі, — незадаволена сказаў князь. — Маюць языкі яшчэ даўжэйшыя, чым гандляркі рыбай з Новага моста. А тыя, як жартуюць парыжане, іх у Сене купаюць… Такім чынам, гэта Сабескаму я маю дзякаваць за візіт у… куды вы нас даставіце? — спытаў ён Каменжа.

— Вас, мансеньёр, — у Бастылію, а графа дэ Р’е — у Венсенскі замак, — ахвотна растлумачыў той. — Яго эмінэнцыя пабаяўся, што ў адной турме такім выдатным рыцарам можа быць цеснавата.

Радзівіл засмяяўся.

— Ah! Воn![188] Заўсёды было цікава паглядзець, ці такая грозная Бастылія знутры, як і звонку… Рады быў цябе бачыць, пане Нямірыч, — падміргнуў ён Стэфану. — І перадавай мае вітанні пану Сабескаму.

х х х

Камендантам сумнавядомай Бастыліі, куды Багуслава і Яна Невяроўскага павезлі людзі лейтэнанта Каменжа, быў пан дзю Трамбле — брат таго самога айца Жозэфа[189], які ўвайшоў у гісторыю пад мянушкай «шэры кардынал». Улічваючы высокае паходжанне літоўскага прынца, ён сам выйшаў сустракаць яго ў двор.

— Няхай ваша светласць не турбуецца, — паспрабаваў ён суцешыць Радзівіла, — знаходжанне ў Бастыліі нельга лічыць ганебным. Яе сцены бачылі не менш прынцаў крыві, чым сам Луўр.

І хоць з такім сцвярджэннем можна было і паспрачацца, Багуслаў паслухмяна пайшоў за камендантам у камеру, больш падобную на пакой у прыстойным заездзе.

— Ого! — здзівіўся князь, азірнуўшыся. — І гэта тая страшная нара, якая, па чутках, мае кішэць галоднымі пацукамі?

— Ну што вы, ваша светласць, — засмяяўся камендант. — Кожнаму сваё. Вы ж, прынц, знаходзіцеся на верхнім паверсе, дзе звычайна мы селім вяльмож, напрыклад, вашу міласць. А тыя камеры, пра якія мансеньёр мае ласку гаварыць, — аж на дванаццаць локцяў ніжэй за турэмны двор. Там не тое што святла — паветра не хапае. І калі няшчаснага, якога туды адправілі, не з’ядуць мілыя звяркі, пра якія згадваў мансеньёр, ён можа папросту задыхнуцца.

— Бр-р… — здрыгануўся Радзівіл, адчуваючы, што ад гэтых аповедаў яму самому стала няма чым дыхаць.

вернуться

188

О! Добра! (фр.)

вернуться

189

Жозэф дзю Трамбе (1577–1638) — французскі палітычны дзеяч, быў на дыпламатычнай службе ў кардынала Рышэлье.