Выбрать главу

— Напэўна, прыдворная дама, — радасна сказаў Невяроўскі.

— Угу, — грэбліва зморшчыўся Багуслаў, які сваім чэпкім вокам ужо паспеў заўважыць дэталі, на якія слуга не звярнуў увагі. — 3 Двара Цудаў[190]. Сукенка з чужога пляча, і жэмчуг на шыі фальшывы.

— Затое вабноты напэўна сапраўдныя, — сказаў Ян, не зводзячы прагных вачэй з яе грудзей.

— Шлёндра, — упэўнена адрэзаў Радзівіл. — Радуйся, сябар, калі за ноч не горлам, а толькі кашальком заплаціш.

— Цьфу, — Ян з агідай плюнуў у бок спакусніцы, і тая, заўважыўшы гэта, вылаялася так, што ёй бы пазайздросцілі нават каралеўскія швейцарцы.

— А што я табе казаў, — смяяўся Багуслаў, цягнучы далей прыгаломшанага Невяроўскага. — Чым не арыстакратка?

— Хай ёй абы-што, — цяжка дыхаючы, прамармытаў чырвоны як вараны рак Ян. — Я ад тваёй міласці больш ні на крок. Мне гэтыя парыжскія шлёндры ўжо вось тут, — ён пастукаў сябе па горле. — Кожная хоча ў кашалёк зазірнуць, а каб падступіцца да каторай з пустымі рукамі — і думаць няма чаго… Яшчэ і хустак за гарсаж панапіхаюць, каб грудзі большымі здаваліся. А здымеш з такой красуні кашулю — цьфу, глядзець няма на што! Вось у Галандыі — іншая справа…

Ён летуценна закаціў вочы, на імгненне аддаўся салодкім успамінам, і, вярнуўшыся ў невясёлыя рэаліі, тужліва ўздыхнуў.

— Не журыся, Ян, — Багуслаў паляпаў яго па плячы. — Некалькі нудных абедаў у кампаніі герцага дэ ла Форса і яго прыгажуні-дачкі — і наперад, у Гаагу! Але папярэджваю, што і там не варта чакаць забавак — прынц Аранскі памёр некалькі тыдняў таму.

Нягледзячы на дрэнную вестку, Невяроўскі падскочыў ад радасці.

— А я ўжо думаў, што мне прысніўся той ліст з Брусэля, якога тваёй міласці ўручыў Ферх…

— А гэта ўжо цябе не тычыцца, — князь трохі нахмурыўся, і Невяроўскі, які добра ведаў, што Радзівіл не трывае ўмяшання ў сваё асабістае жыццё, прыкусіў язык. — У Галандыю я вяртаюся таму, што павінен правесці нябожчыка штатгальтара ў апошні шлях.

Ян адвярнуўся, каб схаваць збянтэжанасць, і нават прысвіснуў, убачыўшы, што за дзеўкай, якая яго ледзь не звабіла, ідзе нейкі шляхціч.

— О, знайшла сабе дурня, — весела сказаў ён, падміргваючы Багуславу, каб той таксама пасмяяўся.

Але Радзівіл не знайшоў тут нічога вясёлага.

— Папярэдзь гэтага небараку, — загадаў ён Невяроўскаму, і той памкнуўся выконваць загад, але шляхціч ужо знік, распусціўшыся ў натоўпе.

— Давядзецца даганяць, — вырашыў князь. — Іначай плаваць яму гэтай ноччу ў Сене з перарэзаным горлам: я гатовы паспрачацца, што непадалёк прытаіліся бандыты. Закінуўшы прынаду, яны цяпер чакаюць здабычу.

Дапамагаючы сабе локцямі, яны пачалі прасоўвацца да дзвярэй, і калі нарэшце выйшлі на вуліцу і іх грудзі прагна хапнулі свежага паветра, прыгажуня з кавалерам ужо зніклі. Усё ж Ян пайшоў распытваць лёкаяў, якія сумавалі каля карэт, чакаючы гаспадароў, і праз хвіліну даведаўся, у якім кірунку яны пайшлі. Не губляючы часу, яны з князем кінуліся туды. Але, прабегшы некалькі крокаў, разгублена спыніліся — вуліца была абсалютна пустая.

— І што цяпер? — спытаў Невяроўскі. Не дачакаўшыся адказу, дадаў: — Трэба вяртацца. Бо самі на разбойнікаў наткнёмся.

Прыглушаны крык недзе наперадзе пацвердзіў яго словы.

— Хутчэй! — упэўнена сказаў Багуслаў, выцягваючы шпагу.

…Да статуі Святога Варфаламея, якую ўдзячныя каталікі паставілі недалёка ад дома, дзе памятнай ночы ад іх рук загінуў правадыр гугенотаў адмірал Каліньі, Ян з Радзівілам прыбеглі ў час. Некалькі абадранцаў, атачыўшы нейкага бедака, ужо паспелі яго абяззброіць і прыставіць да горла нож. Багуслаў гучна і пранізліва свіснуў, і рабаўнікі імгненна збеглі, пакінуўшы ахвяру. Ёй аказаўся ўжо знаёмы князю юны шляхціч.

— Ah! Messieurs! — выдыхнуў той, удзячна прыклаўшы руку да сэрца, — C’est vous qui m’avez sauvee! Permettez — moi que je vous remercie…[191]

— Monsieur, — усміхнуўся Багуслаў, — je n’аі fait que ce que tout gentilhomme eut fait a ma place, vous ne me devez donc aucun remerciement[192]. Ян, ты таксама так лічыш? — звярнуўся ён да Невяроўскага, які пачціва адышоў убок, не патрабуючы сваёй долі падзякі.

вернуться

190

Двор цудаў (фр. La Cour des Miracles) — у Сярэднявеччы назва некалькіх кварталаў Парыжа, заселеных жабракамі, разбойнікамі і прастытуткамі.

вернуться

191

Ох, панове! Вы мяне выратавалі!.. Дазвольце мне падзякаваць вам… (фр.)

вернуться

192

Месье… я не зрабіў нічога такога, чаго б не зрабіў любы шляхціч на маім месцы, вы нічым мне не абавязаныя (фр.).