Сведкамі ўрачыстасцей нечакана для сябе сталі браты Сабескія, якія напярэдадні прыбылі ў Брусэль. Горад ярка ззяў святочнымі агнямі, быццам у ім пачаўся пажар, і так гучна грукатаў салютамі, што, здавалася, зноў у свае правы ўступае вайна, а не мір…
У сталіцы Фландрыі вандроўнікі сустрэлі многа высокапастаўленых палякаў, у тым ліку і Багуслава Радзівіла. З самім князем, як заўсёды занятым або любоўнымі, або палітычнымі інтрыгамі, ім удалося перамовіцца толькі некалькімі словамі, затое яго маладыя слугі і Стэфан Нямірыч, які таксама знаходзіўся ў таварыстве Радзівіла, вельмі ўзрадаваліся старым знаёмым. І ўжо назаўтра за сяброўскай вячэрай яны слухалі апавяданні аб падарожжы па Англіі і Галандыі і абменьваліся ўражаннямі.
— Справы караля Карла зусім дрэнныя, — усхвалявана распавядаў Марэк. — Пасля таго, як падкупленыя Кромвелем шатландскія змоўшчыкі арыштавалі свайго валадара і перадалі парламенцкім войскам, яго вялікасці застаецца спадзявацца хіба на выратаванне ўласнага жыцця, але зусім не на захаванне кароны.
— Кажуць, што ён і сам не супраць перадаць сталец старэйшаму сыну, — дадаў Ян Сабескі. — Вось толькі Кромвель ніколі не пагодзіцца, бо рыхтуе яго для сябе.
— Але ж ён не адважыцца замахнуцца на жыццё свайго караля? — спытаў Невяроўскі.
Сабескі быў у гэтым не ўпэўнены.
— Калі мы ўжо былі ў Галандыі, другі сын караля герцаг Ёркскі, якога Кромвель таксама трымаў пад арыштам, дзякуй богу, уцёк у Галандыю. Калі б яшчэ і каралю гэта ўдалося!
— А ў Брусэлі зараз гасцюе прынц Уэльскі, — пахваліўся ў адказ Ян. — Пазаўчора яны з нашым князем да ночы забаўлялі сябе віном і вясёлымі дзяўчатамі!
— Але ж, кажуць, што князь Багуслаў жэніцца? — здзівіўся Марэк. — Сам кароль Уладзіслаў неяк за сталом пра гэта гаварыў.
Невяроўскі з Ферхам пераглянуліся і звонка засмяяліся.
— Вядома, жэніцца, — фыркнуў Ян.
— …ці не кожны дзень…
— …і кожны раз з новай прыгажуняй!
— А як жа чароўная графіня дэ Кюзанс? — залыпаў вачыма Марэк.
— Дык Багуслаў жа цяпер у яе, — паціснуў плячыма Невяроўскі. — Толькі здаецца, яна нашаму князю ўжо надакучаць пачынае…
Багуслаў і сапраўды быў у графіні. Цяпер ён наведваў яе хутчэй па звычцы, чым па закліку сэрца, таму што трымалі яго ў Брусэлі не амурныя, а палітычныя справы. Ён таксама прыклаў руку да заключэння міру, але ўсё-такі адчуваў сябе чужым на гэтым свяце. Грызла яго крыўда на прынцэсу Аранскую: яна зноў адмовіла, калі Радзівіл папрасіў рукі яе дачкі. Князь паабяцаў сабе сур’ёзна разгледзець прапанову кардынала Мазарыні, які, здаецца, быў гатовы на ўсё, каб прыцягнуць яго на французскую службу.
Багуслаў яшчэ вагаўся. Ён добра ведаў пра незадаволенасць французскіх арыстакратаў сваім міністрам, бо быў жаданым госцем у доме знакамітай змоўшчыцы мадам дэ Шэўрэз, якая пасля таго, як Мазарыні ў каторы раз вытурыў яе з Францыі, зноў пасялілася ў Брусэлі. Там яна прыкладала ўсе сілы, каб нянавісць французаў да хітрага і прагнага італьянца з палацаў вяльможаў перакінулася на вуліцы Парыжа.
Фронда![193] Пакуль парыжане толькі спявалі жартаўлівыя песенькі пра тое, што «камень, пушчаны з прашчы, неадменна трапіць у цэль», але ўжо зусім хутка гэтыя камяні стануць падмуркамі барыкад на вуліцах французскай сталіцы.
У Багуслава не было жадання ні падаўляць паўсталых французаў, ні ваяваць супраць той самай арыстакратыі, у таварыстве якой ён сам нядаўна распіваў віны французскага Поўдня. З іншага боку, князю падабаўся хітры італьянец: Багуслаў шчыра лічыў яго адным з самых разумных людзей, з якімі яго калі-небудзь зводзіла жыццё. Да таго ж Мазарыні, запрашаючы Радзівіла на французскую службу, дэманстраваў нябачаную шчодрасць, а стан фінансаў князя праз сур’ёзныя выдаткі на польска-турэцкую вайну, якой так і не адбылося, быў не найлепшы.
— Пра што ты задумаўся, мілы? — падала голас Беатрыса, якая, вядома, заўважыла незвычайную маўклівасць каханка.
Багуслаў незадаволена паглядзеў на яе. Цяпер, калі спальню напоўніла дзённае святло, яе прыгажосць ужо не здавалася такой асляпляльнай, як уначы. Князь разглядзеў тонкія як павуцінне зморшчынкі, што хаваліся ў кутках яе цёмных вачэй і глыбокімі барознамі заляглі між чорных сабаліных броваў. Дзявочы румянец, які звычайна ўпрыгожваў шчокі, таксама бясследна знік. І нават грудзі ўжо не выглядалі так панадна, як раней. Беатрыса заклапочана сачыла за князем. Ёй хапіла праніклівасці, каб адгадаць яго думкі.
193
Фронда (фр.