— Неверагодная жанчына, — захоплена выдыхнуў ён.
— Так, — пагадзіўся Багуслаў, апошні раз правёўшы поглядам былое каханне. — Непараўнальная!
А ўжо праз тыдзень святкаванні ў сталіцы Нідэрландаў спыніліся — прынамсі, для палякаў. Наведаўшыся аднойчы вечарам у госці да Радзівіла, Сабескія заспелі Багуслава вельмі ўстрывожаным. Князь убраўся ў жалобную вопратку, а яго твар быў нязвыкла змрочным і сумным. У пярэдні пакой за ім нібы цені выслізнулі Любянецкі з Нямірычам — апошнім часам яны з Багуславам былі неразлучныя.
— Ёсць дрэнная навіна, панове, — сказаў Радзівіл, апярэджваючы пытанні. — Сёння раніцай атрымаў ліст ад брадэнбургскага курфюрста. Фрыц піша, што памёр кароль Уладзіслаў.
— Найсвяцейшая Дзева! — разам ахнулі Сабескія. — Калі? Як?
— Дваццатага мая ў Мерачы. Памёр у страшных пакутах на руках у сваёй метрэсы Ядвіжкі….
І дадаў, шчыра дзівячыся паваротам лёсу:
— Так дзіўна — кузэн Януш бачыўся з каралём у Вільні, ледзь не да Мерача яго правёў, і той жывы-здаровы і вясёлы быў. І раптам такая бяда!
— Няўжо вядзмарчыны чары? — ускрыкнуў Марэк. — Кажуць жа, што тая львоўская краля вялікую сілу мела, калі кароль яе аж столькі гадоў у сэрцы трымаў…
— Якія там чары, — уздыхнуў Багуслаў. — Каменная хвароба. Калі зрабілі ўскрыццё, выявілі камень з галубінае яйка.
Наступіла цяжкая цішыня. Марэк павольна перахрысціўся і прашаптаў малітву.
— І хто цяпер узыдзе на пасад? — павольна сказаў яго брат. — Кароль Уладзіслаў па сабе законных спадкаемцаў не пакінуў[195]. Я, вядома, ведаю пра яго сына ад шлёндры з Мерачы, але ніхто ў здаровым глуздзе байструка на трон не пасадзіць. А каралевічы Ян Казімір і Караль Фердынанд — кардыналы[196], іх жыццё царкве, а не дзяржаве належыць.
Любянецкі неяк дзіўна паглядзеў на Багуслава, але той глядзеў на Сабескага.
— Э, — махнуў ён рукой. — Была б карона, а прэтэндэнтаў заўсёды будзе дастаткова. Да таго ж я чуў, што Ян Казімір, абражаны адмовай Папы даць яму прывілеі як прынцу крыві, у Польшчу ў свецкім камзоле прыехаў і пра свой духоўны сан нават не ўспамінае…
Пасля гэтай жудаснай падзеі кепскія навіны пасыпаліся, нібы гарох з дзіравага мяшка. Праз некалькі дзён, атрымаўшы карэспандэнцыю з дома, Сабескія паведамілі Радзівілу аб жахлівым казацкім паўстанні ва Украіне.
— Узяўшы сабе за важака нейкага Хмяльніцкага, казакі з татарамі шляхту рэжуць, — заклапочана казаў Марэк князю. — Пад Корсунню наша армія была разбітая і абодвух каронных гетманаў у палон узялі! Ох, бачу, што нябожчык кароль ведаў, што рабіў, калі вайной з туркам гэтых рыцараў думаў заняць — каб у іншым месцы, а не дома, рабункамі займаліся…
— Маці просіць, каб мы тэрмінова вярталіся дадому, бо пажар, што зараз палае ва Украіне, і на Рускае ваяводства[197] перакінуцца можа, — змрочна адзначыў Ян. — Таму мы з братам развітацца зайшлі.
— Можа, і ты, князь, з намі паедзеш? — спытаў Марэк.
Багуслаў задумаўся. Ён затрымаўся ў Брусэлі толькі з-за прыезду эрцгерцага Леапольда[198] і збіраўся вярнуцца ў Гаагу, каб яшчэ раз паспрабаваць шчасця з мадэмуазэль Аранскай.
— Не цяпер, — вырашыў ён. — Казацкая вайна Літвы ніяк не тычыцца, бо Літва з казакамі заўсёды мірна жыла і нямала гэтых рыцараў ваявала пад рукой майго нябожчыка дзядзькі.
— Ну-ну, — шматзначна сказаў Ян, а Марэк моўчкі паціснуў руку князю на развітанне.
Сабескія паехалі. Хутка дадому заспяшаўся і Нямірыч, што, як і Ян Сабескі, скептычна ўспрыняў заяву Радзівіла пра тое, што казацкае паўстанне — гэта клопат толькі Кароны.
— Свет перавярнуўся, — сказаў ён Багуславу. — Літва разам з казакамі і палякамі Маскву біла, калі маскоўскі цар вырашыў усе рускія землі пад сваёй рукой сабраць, хоць правоў на кіеўскі прастол у яго ніякіх не было: мы, русіны, у Галіцыі свайго караля мелі, калі маскоўскія князі даніну ардынцам плацілі. А Хмяльніцкі праз уласныя крыўды бунт падняў, не думаючы, што гэтым згуляе на руку нашым заклятым ворагам — цару і туркам. З татарамі ён ужо згаварыўся, а што будзе, калі згаворыцца і з царом?
— Ну, да гэтага, дасць бог, не дойдзе, — Багуслаў паспрабаваў супакоіць усхваляванага прыяцеля. — А што да гэтага Хмяльніцкага — дык і да яго казакі не раз за шаблі браліся, і дзе цяпер усе тыя смельчакі? Але, шчыра кажучы, я паўстанцаў разумею, таму што ад польскага нахабства не толькі яны пакутуюць — ад палякаў і Літве нямала дастаецца.
195
Каралевіч Жыгімонт Казімір Ваза — адзіны сын караля Уладзіслава Вазы і каралевы Цэцыліі Рэнаты — памёр 9 жніўня 1647 года.
196
Пасля французскага зняволення і няўдалага ваеннага паходу на аўстрыйскай службе схільны да меланхоліі каралевіч Ян Казімір ў 1643 годзе вырашыў зрачыся свецкага жыцця, уступіў у ордэн езуітаў і стаў кардыналам.
197
Рускае ваяводства — у 1434–1772 гадах адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Кароны Польскай у Рэчы Паспалітай з цэнтрам у Львове. Было створана на аснове зямель Рускага каралеўства.
198
Леапольд Вільгельм Аўстрыйскі (1614–1662) — эрцгерцаг Аўстрыі, імперскі фельдмаршал (1639), 46-ы вялікі магістр Тэўтонскага ордэна, у 1647–1656 гадах — штатгальтар Нідэрландаў.