— Ну трымайся, князь! — весела крыкнуў ён. — Таму што жарты ўжо скончыліся.
На гэты раз Багуслаў і апамятацца не паспеў, як затупленае лязо шаблі кранулася яго шыі.
— Як ты гэта зрабіў? — здзіўлена пацікавіўся княжыч, ужо з павагай гледзячы на настаўніка.
— Зараз пакажу.
І Саковіч павольна паўтарыў свой падступны ўдар. У Радзівіла ўспыхнулі вочы.
— Цяпер я, — прапанаваў ён. — En garde![42]
І закусіў губу ад прыкрасці, калі Саковіч лёгка адбіў яго атаку.
— Пакажы, — папрасіў ён, і Адам яшчэ раз прадэманстраваў сваю абарону.
Пасля некалькіх практыкаванняў Радзівіл ужо ўмела адбіваў удары, а ў Невяроўскага і Стаброўскага ваяўнічы настрой зусім знік: біцца на шаблях супраць такога майстра было самагубствам.
— Стаміўся, найяснейшы князь? — мякка спытаў Саковіч, калі ўжо прайшла добрая гадзіна іх заняткаў.
— Не, — выдыхнуў княжыч, з якога на самай справе ўжо сёмы пот сходзіў. — А ты?
— Трохі задыхаўся, — схлусіў Адам. — Можа, працягнем заўтра? Я, шчыра кажучы, так спяшаўся прывітаць тваю міласць, што не паабедаў.
— Чаму ж адразу не сказаў? — страпянуўся Багуслаў. — Хадзем. Бо, па праўдзе кажучы, і ў мяне ў жываце бурчыць.
Ужо седзячы за сталом і ўпісваючы смажаную гуску, Адам сказаў:
— Ну, князь, шчыра табе скажу — добрая ў цябе рука, і будзе яшчэ лепшай, калі ты ў поўную сілу ўвойдзеш. Гора тады тваім ворагам. Ды чаго там — я сам праз некалькі гадоў не хацеў бы мець цябе праціўнікам!
Ён не мог знайсці лепшых слоў, каб дабіцца прыхільнасці падлетка, да якога нечакана для сябе самога прыкіпеў усёй душой. З тых часоў так і павялося: дзе Багуслаў, там і Адам, дзе Адам, там і Багуслаў. Вядома, Невяроўскага і Стаброўскага не цешыла такое сяброўства, аднак ні Радзівіла, ні Саковіча іх меркаванне не абыходзіла. Ды і было яно хутчэй у галаве, чым на языку, бо грозная слава пана падваяводы затыкала раты і мацнейшым сапернікам. Крыўду хлопцаў абвастрала і тое, што цяпер княжыч усё больш часу бавіў у кампаніі старэйшага таварыша, які не толькі быў добрым настаўнікам у рыцарскіх забавах, але і адкрываў яму вочы на рэчы, пра якія паны Набароўскі і Пуцята лічылі за лепшае маўчаць.
Аднойчы пан падваявода нечакана знайшоў у сваім пакоі гадзюку. Змяя, згарнуўшыся ў клубок, мірна спала на чобаце, таму пан Саковіч імгненна засек яе шабляй, пазбыўшыся такім чынам не толькі змяі, але і новенькага абутку. Шуму падымаць не стаў — распытаўшы слуг, хто і калі заходзіў у пакой, тым і задаволіўся.
Хацеў думаць пра больш прыемныя рэчы. Разумеючы, якія выгоды можа яму даць прыхільнасць Багуслава, якому праз бліскучы розум, лідарскі характар і высокае паходжанне ўсе вакол варажылі вялікую будучыню, Саковіч радаваўся сяброўству з ім. Ведаў, што каля панскай фартуны і яго лёс шчасліва складзецца. Праўда, князь Крыштаф таксама вельмі любіў Саковіча і як мог спрыяў яго кар’еры, але ягоны адзіны сын і спадкаемца не пераняў бацькавай прыхільнасці. Князь Януш быў ганарлівым і любіў, калі яму ліслівілі. Слугі наперабой практыкаваліся ў гэтым, але ўсіх пераплюнуў пан Набароўскі: адказваючы на ліст маладога князя, ён надрапаў цэлую вершаваную оду, што гучна ўсхваляла сапраўдныя і выдуманыя Янушавы цноты. Саковіч не любіў і не ўмеў ліслівіць, часта казаў у твар тое, пра што варта было і прамаўчаць. Зважаючы на выбуховы радзівілаўскі характар, гэта было проста небяспечна. Ужо пад Смаленскам узаемная непрыязь маладога князя і яго кліента перарасла ў адкрытую варожасць, і Адам, молячы бога паслаць князю Крыштафу «многія лета», усё ж не мог не задумвацца пра ўласную будучыню.
Багуслаў ліслівасці адкрыта не любіў, наскрозь бачыў яе гнілую сярэдзіну. Няма чаго было нават спрабаваць падлізвацца да яго. З падхалімаў ён адкрыта смяяўся, і не адзін небарака, спрабуючы такім чынам наблізіцца да князя, быў незваротна адрынуты. Дзікаваты нораў новага слугі прыйшоўся да душы юнаму Радзівілу ўжо тым, што Саковіч моцна вылучаўся сярод яго ліслівага атачэння. Княжыч і сам быў востры на язык, але спакойнага характару, і яго незласліва-натуральная дасціпнасць знайшла годнага саперніка ў з’едлівым сарказме Саковіча. Той нават у сяброўскай гутарцы даводзіў да шаленства суразмоўцаў. Словам, пан і слуга сапраўды знайшлі адзін аднаго.
У вясёлым таварыстве пана Адама Багуслаў і не заўважыў, як лета падышло да канца. Прыйшоў час зноў сядаць за кнігі. Тым часам Вільню ахапіла эпідэмія воспы, і было вырашана, што княжыч працягне навучанне ў кейданскай гімназіі. Там разам з прафесарамі Янам Юрскім і Фрыдрыхам Старкам, якія ўжо мелі гонар навучаць князя, яго чакалі і новыя прафесары, якіх запрасіў у Літву Януш падчас сваіх падарожжаў па Еўропе.