Саковіч тым часам адправіў князю Крыштафу падрабязную справаздачу адносна рэвізіі спраў Майсеевіча і нават атрымаў за яе падзяку ды значную ўзнагароду. Пан Адам павінен быў даўно з’ехаць дадому (аб чым яго слёзна прасіла маладая жонка), але Багуслаў, які не ўяўляў свайго жыцця без ашмянскага буяна, увесь час знаходзіў нейкую нагоду яго затрымаць. Саковіч таксама не вельмі спяшаўся дамоў і з радасцю гасціў у княжацкім палацы. Дружба пана і слугі кожны дзень мацнела.
Аднак час ад часу бурлівая натура Адама брала сваё: нярэдка вечарам ён кудысьці знікаў і з’яўляўся на досвітку, каб праспаць да абеду. Вядома, Радзівіл у такія дні моцна нудзіўся і быў не ў захапленні.
— Ну і дзе гэта цябе, Саковіч, зноў чэрці насілі? — неяк злосна спытаў ён пасля таго, як слугі не змаглі дабудзіцца пана падкаморага на ранішняе паляванне.
Спачатку Адам хацеў аджартавацца, але, пільна прыгледзеўшыся да абуранага твару княжыча, вырашыў сказаць праўду.
— Начаваў ночку пад крыльцам вясёлай галубкі, — спакойна адказаў ён.
Багуслаў шырока расплюшчыў свае прыгожыя чорныя вочы.
— А як жа твая жонка? — здзівіўся ён. — Ты ж казаў, што яна — найпрыгажэйшая ва ўсёй Літве.
— А што з Мар’ясяю? — таксама здзівіўся Саковіч. — Спадзяюся, жывая-здаровая і вельмі чакае мяне. Але гэта нічога: чым даўжэйшае расстанне, тым саладзейшая будзе сустрэча.
Княжыча, які вырас на рыцарскіх раманах, да якіх яго заахвочваў пан Набароўскі, і на казаннях пастара Дземітровіча, у якіх той часта згадваў сёмы запавет Божы[43], такі адказ не задаволіў.
— Няўжо гэтая твая галубка прыгажэйшая за пані Марыяну, што ты галаву страціў? — спытаў ён.
— Яшчэ чаго! — Адам наўмысна паківаў галавой, каб Багуслаў пераканаўся, што яна ж такі моцна сядзіць у яго на плячах. — І побач з маёй Мар’ясяю не стаяла! Ды што зробіш, калі не магу я доўга без жаночай пяшчоты, бо няма большага задавальнення, чым лашчыць прыгожую кралечку, што палае ў тваіх абдымках, а затым — палаць і самому, дабраўшыся да самых запаветных таямніц жаночай існасці… Але што распавядаць, — спахапіўся ён. — Вось калі паспрабуеш салодзенькага, сам зразумееш.
— Няўжо гэта так прыемна? — не паверыў Багуслаў.
— Гэта найлепшае, дзеля чаго варта жыць на свеце, — упэўнена сказаў Адам і, заўважыўшы, як заблішчалі вочы ў княжыча, засмяяўся.
— Дык што, мон прэнс[44]? — прашаптаў ён на вуха Багуслава. — Знайсці для цябе дзяўчыну?
Радзівіл нядоўга вагаўся і кіўнуў на знак згоды.
Як і меркаваў пан Адам, салодкі смак граху прыйшоўся вельмі да душы Радзівілу, і некаторы час гэтыя недзіцячыя забавы заставаліся незаўважанымі. Вядома, такое шчасце доўга працягвацца не магло, і аднойчы раніцай пан Пуцята, якога нячыстая сіла ўскруціла разам з пеўнямі, убачыў дзяўчыну, якая на світанні выходзіла з княжацкай спачывальні, і падняў вялікі шум. Пад гарачую руку раз’юшанаму выхавацелю трапіў і віленскі падваявода, які прыбег на тыя крыкі.
— Гэта тваіх рук справа! — крычаў пан Самуэль, энергічна размахваючы кулакамі перад носам Саковіча, бо да гэтага часу ў сваіх лістах ніяк не мог пераканаць князя Крыштафа, што ашмянскі буян дрэнна ўплывае на яго пляменніка. — Усё князю-гетману паведамлю!
— Вось ад яго я папрокі і выслухаю, — не прамаўчаў Адам. — З дарогі, пан Пуцята!
І, адштурхнуўшы выхавацеля, зайшоў у княжацкую спачывальню, зачыніўшы дзверы перад яго носам.
— Ну і вые, — вінавата ўздыхнуў Багуслаў, які, седзячы ў ложку, трывожна прыслухваўся да праклёнаў пана Самуэля. — Пэўна, сапраўды дзядзьку наскардзіцца.
— Ды хай сабе, — абыякава махнуў рукой Саковіч. — Што яго міласць можа мне зрабіць? Горш за ўсё — з двара прагоніць. Але мне і так ужо час вяртацца дадому. Іначай уся гаспадарка пылам пойдзе і жонка ад рук адаб’ецца.
Багуслаў цяжка ўздыхнуў, але не запярэчыў.
Напярэдадні ад’езду, каб не мазоліць сабе і княжычу сэрцы ўжо сабранымі рэчамі, пан падваявода прыдумаў пацешыцца на паляванні. Яно прайшло паспяхова, таму, паслаўшы слуг са здабытай дзічынай наперад, Адам і Багуслаў вярталіся дадому павольна, атрымліваючы асалоду ад пагодлівага восеньскага дня і таварыства адзін аднаго. Невяроўскі і Стаброўскі ехалі следам, радуючыся ў думках заўтрашняму ад’езду Саковіча. Самуль выпадкова падслухаў размову пана Пуцяты з панам Набароўскім і расказаў таварышу, што пан Самуэль, які пагражаў расказаць князю Крыштафу аб амурных прыгодах Багуслава, даведаўшыся пра ад’езд Саковіча, вырашыў прамаўчаць, справядліва баючыся, што і сам атрымае за недагляд.