— Як думаеш, Ян, сказаць мне пра гэта Багуславу ці не? — спытаў ён. — Баюся, як прызнаюся, дык таго ашмянскага чорта з княжацкага двара і сам д’ябал не выпрэ.
Невяроўскі пачухаў патыліцу.
— Раскажы праз дзень ці праз два, каб яго міласць супакоіць, — вырашыў ён. — Але не раней, чым пан Саковіч адсюль з’едзе.
Так і вырашылі, і якраз своечасова, бо звярнулі на шырокі, выбрукаваны каменнем шлях, які вёў проста да замка. Багуслаў, які ехаў наперадзе, першым убачыў чалавека, што няўпэўнена цягнуўся па ўзбочыне насустрач, але раптам пахіснуўся і ўпаў. Радзівіл прышпорыў каня і, імгненна дамчаўшы да небаракі, спешыўся, каб паглядзець, што з ім. Адам пад’ехаў следам.
— Не падыходзь, твая міласць! — спалохана крыкнуў ён, першым убачыўшы выродлівыя струпы, якія пакрывалі твар і цела вандроўніка.
— Што? — не зразумеў Багуслаў, нахіляючыся да хворага.
— Не чапай яго, — паўтарыў Саковіч. — І паехалі адсюль. Хутчэй!
Радзівіл ужо і сам зразумеў, з чым сутыкнуўся, таму адразу ж ускочыў на каня і панёсся прэч, далей ад бяды.
Аднак ужо назаўтра выпадковая сустрэча дала пра сябе знаць. Раніцай Багуслаў адчуў сябе так дрэнна, што не змог устаць з ложка. Ліхаманка трэсла яго, у галава круцілася. Увесь час хацелася піць, але прынесенае спалоханым Стаброўскім пітво не гасіла жар, што палаў у целе. Нутро гарэла, ад чаго хворы неапісальна моцна пакутаваў. Пан Набароўскі, што знаўся ў медыцыне, зірнуўшы на княжыча, аж збялеў.
— Variola vera[45], — адразу вызначыў ён і, выгнаўшы слуг, забараніў ім і блізка падыходзіць да княжацкіх пакояў, дзе застаўся дзяжурыць разам з радзівілаўскім лекарам.
Назаўтра словы пана Набароўскага пацвердзіліся — на целе прынца пачалі з’яўляцца пухіры. Гэта сапраўды была воспа — люты і падступны вораг, які неміласэрна нішчыў людзей, не зважаючы на паходжанне і тытулы. Мала хто ў тыя часы здолеў пазбегнуць сустрэчы з ёй, і не ўсе з тых, хто застаўся жывы, змаглі захаваць ранейшае аблічча.
Некаторыя слугі, у тым ліку і Стаброўскі, таксама паспелі падчапіць хваробу, таму ў княжацкага лекара хапала працы. Паклікаўшы на дапамогу гарадскога эскулапа, ён увёў жорсткія меры бяспекі, каб эпідэмія не пашырылася па горадзе. Напэўна, яго распараджэнні напалохалі пана Саковіча: толькі пачуўшы пра хваробу, падкаморы ўскочыў на свайго Буцафала і паехаў прэч, нават не развітаўшыся.
Аднак Адам вярнуўся праз некалькі дзён і адразу ж прайшоў у княжацкія пакоі, дзе наткнуўся на пана Набароўскага. Той, хоць і здзівіўся яго з’яўленню, рашуча заступіў дарогу.
— Куды, дурань! — крыкнуў пан Даніэль. — Жыццём рызыкуеш.
— Не болей, чым ты сам. — Саковіч рашуча адхіліў яго рукой. — Мы разам з Богусем таго няшчаснага хворага сустрэлі, і калі хвароба мяне да гэтага часу не кранула, дык, напэўна, ужо і не прыстане. І хварэў я ўжо на гэтую заразу.
Пан Набароўскі недаверліва паглядзеў на прыгожы твар пана падваяводы, на якім не было і следу воспы, аднак прапусціў Саковіча ўсярэдзіну і сам увайшоў следам. Зірнуўшы на Багуслава, Адам закусіў вус, каб схаваць пакутлівы ўскрык: пакрыты струпамі княжыч сапраўды выглядаў жудасна. Спаў, але дыхаў цяжка, натужліва і мармытаў нешта незразумелае.
— Як ён? — ціха спытаў у выхавацеля пан падкаморы.
— Яшчэ пазаўчора меў такую страшную ліхаманку, што пастар з суседняга пакоя суткі не выходзіў, баючыся найгоршага. Цяпер лекар кажа, што крызіс ужо мінуўся. Але, — усхліпнуў пан Набароўскі, — ён быў такі прыгожы хлопчык…
— Прыгожым і застанецца, — рашуча сказаў Саковіч. — Ты б адпачыў, пане Даніэль, а я з нашым князем пабуду. Богам клянуся, вачэй не заплюшчу, — прапанаваў ён, спачувальна абняўшы за плечы знясіленага выхавацеля.
Пан Набароўскі, які ўжо ледзь стаяў на нагах, стаў горача дзякаваць.
— Вось тут дзве настойкі, — ён паказаў на стол, дзе стаялі шкляныя бутэлькі з нейкім зеллем. — Давай яму па чарзе кожную гадзіну, каб збіць ліхаманку. А я пайду пасплю трохі, а то і сябе не помню ад стомы…
Калі Багуслаў расплюшчыў вочы, то ўбачыў Саковіча, які цярпліва сядзеў ля ложка. Паспрабаваў усміхнуцца, але не змог расцягнуць распухлыя вусны.
— Што гэта ты сабе надумаў? — усё ж шапнуў ён. — Са мной сабраўся на той свет сысці?
— І сам не збіраюся, і цябе не пушчу, — сказаў Адам, радуючыся ўжо, што княжыч яго пазнаў.
Ён выцягнуў з-за пазухі збанок з нейкім цёмна-зялёным варывам.
— Цяпер ты, мон прэнс, вып’еш настойку, якую пакінуў твой эскулап, — звярнуўся Саковіч да хворага. — А потым я змажу твае болькі вось гэтай маззю. Яна выцягне хваробу навонкі лепш, чым тая чырвоная кашуля, якую на цябе надзелі[46].
46
Па народных забабонах, хворага на воспу адзявалі ў чырвоную кашулю, каб «хвароба выйшла вонкі».