Выбрать главу

Багуслаў і не думаў спрачацца, таму Саковіч хутка ўзяўся за справу. Ён ужо амаль скончыў, калі на парозе з’явіўся доктар, які, вядома, нарабіў крыку, убачыўшы такое лячэнне.

— А ты хочаш, каб ён, калі ачуняе, быў падобны да цябе? — абурыўся Саковіч. — Калі я сам воспай хварэў, мяне адна вядзьмарка з таго свету выцягнула, і, дзякуючы яе зеллю, я цяпер ад люстэрка не адварочваюся.

Лекар, чый твар быў густа пасечаны глыбокімі шнарамі, адступіўся, аднак яшчэ некалькі дзён незадаволена бурчаў, наведваючы хворага, і супакоіўся толькі калі княжычу стала значна лепш, а пухіры палопаліся, і з іх пачаў выцякаць гной. Узброіўшыся корпіяй і гарэлачнай настойкай, ён праціраў струпы, радуючыся, што тыя былі невялікія і неглыбокія. Калі лекар скончыў гэтую працэдуру, Адам, што, як на злосць, быў побач, да жаху эскулапа дастаў яшчэ адну бутэлечку і адкаркаваў яе.

— А гэта што? — княжыч зацікаўлена прынюхаўся, але тут жа скрывіўся ад невыноснага смуроду.

— Ты яго адчуваеш? — Саковіч пераможна зіркнуў на лекара, які глыбокім уздыхам прызнаў сваю паразу[47], і задаволена звярнуўся да Багуслава. — А гэтым зеллем, мон прэнс, я буду штодня мазаць твае болькі, каб хутчэй падсохлі і не пакінулі слядоў, калі адпадуць. Прыгажуном быў і ім жа застанешся, гэта я табе кажу.

Радзівіл слаба ўсміхнуўся і працягнуў прыяцелю руку, на якой таксама сям-там былі пухіры, але, абдумаўшыся, адхапіў яе. Адам накрыў яго руку сваёй далонню.

х х х

Ці то падзейнічала дзіўная мазь, ці то Багуслаў сапраўды нарадзіўся пад шчаслівай зоркай, аднак хвароба сапраўды прайшла амаль бясследна. Калі нарэшце прынеслі люстэрка, якое лекар мудра забараняў даваць хвораму да поўнага выздараўлення, Багуслаў убачыў свой прыгожы твар, на якім яшчэ дзе-нідзе відаць былі ссохлыя болькі, але і тыя, як абяцаў пан Саковіч, хутка мусілі адпасці.

Аднак, адвёўшы погляд ад люстэрка, Радзівіл аж у твары змяніўся, убачыўшы Стаброўскага. Той, таксама адужаўшы, з’явіўся яго прывітаць. Калісьці гладкі твар Самуля цяпер быў так пасечаны страшнымі слядамі хваробы, што Багуслаў адвярнуўся, каб той не ўбачыў жаху ў вачах. Стаброўскі, аднак, усё заўважыў і сумна ўсміхнуўся:

— Добра ўжо тое, што ачуняў. А твар… Я ж не дзяўчына, каб з-за прыгажосці пераймацца… Але бачу, што на тваю прыгажосць, князь, нават хвароба не адважылася паквапіцца?

— Дзе там, — Багуслаў з невыказнай удзячнасцю азірнуўся на Адама. — Калі б не пан Саковіч, былі б мы з табой, Самуль, зараз падобныя як Ромул і Рэм[48].

Слухаючы аповед князя аб цудадзейнай мазі, Стаброўскі адчуваў, як яго некалькі разоў кідала то ў жар, то ў холад.

— Чаму ж ты, пан падваявода, і мне гэтай мазі не даў? — прытворна спакойна пацікавіўся ён.

— А чаго ж ты, Самуль, загадзя не папярэдзіў мяне, што збіраешся захварэць? — скрывіўся ў адказ Саковіч. — Таго зелля, што я ад ведзьмы прывёз, на вас абодвух не хапіла б. Таму павінен быў выбіраць. Я думаю, ты пагодзішся са мной, што я зрабіў слушны выбар?

Пан Адам усміхаўся. Багуслаў не бачыў гэтай злой усмешкі, таму што не зводзіў напружанага позірку з закамянелага слугі.

— Так, — ледзь чутна прамармытаў бедны шляхціц.

А што ён яшчэ мог сказаць?

Раздзел 6

ЛЕЎ У ЛЬВОВЕ

Львоў — Варшава

(верасень — лістапад 1634 года)

Па заканчэнні трыумфальнай Смаленскай кампаніі кароль Уладзіслаў абвясціў аб падрыхтоўцы да вайны з туркамі і склікаў паспалітае рушанне, якое павінна было сабрацца пад Львовам. Прыезд суверэна не мог не выклікаць усеагульнай радасці, якую гарадскі магістрат з усяе сілы дэманстраваў пасланцам манарха, прадбачліва камандзіраваным яго вялікасцю, каб папярэдзіць каралеўскі горад аб знамянальнай падзеі. Але для ўважлівых вачэй усе гэтыя ўсмешкі «ад вуха да вуха» хутчэй нагадвалі журботныя грымасы, і толькі за ганцамі зачыніліся дзверы, як гарадская ратуша поўнілася гучнымі ўздыхамі і бедаваннем, пакуль падлічваліся выдаткі на будучыя ўрачыстасці. Падбіўшы каштарыс, паны радцы яшчэ доўга грызліся з яўрэйскім кагалам, старшыні якога сумняваліся ў справядлівасці размеркавання складчыны. Але ўрэшце памірыліся: плаціць так ці інакш даводзілася ўсім. Магістрат засеў за вырашэнне не менш важных і надзённых пытанняў. Найважнейшым і самым балючым з іх быў клопат, дзе б размясціць караля, прынцаў і мноства вяльможных паноў з каралеўскай світы. Ніжні замак, каралеўская рэзідэнцыя, ужо невядома колькі часу не рамантаваўся, і быў у такім вартым жалю стане, што мог служыць хіба стайняй для коней найяснейшага панства. І хоць некаторыя паважныя месцічы горача пераконвалі, што, як след прыбраўшы, трохі падрыхтаваўшы ды прыкрыўшы аблупленыя сцены габеленамі, будынку можна было надаць амаль прыстойны выгляд, каралеўскі кватармайстар, агледзеўшы замак, рашуча адхіліў гэтую прапанову. Бо сцены яшчэ сяк-так можна было давесці да ладу, але пазбавіцца жахлівага гнілога смуроду ракі Полтвы, у якую стагоддзямі зліваўся ўвесь гарадскі бруд, было немагчыма. Палац арцыбіскупа якраз рамантаваўся і фактычна ляжаў у руінах. Адзіным выйсцем было пасяліць ганаровых гасцей у самых багатых камяніцах на плошчы Рынак, што дазваляла ашчадзіць на аздабленні пакояў, бо Карнякты, Шамбекі і Бернатовічы, на дамы якіх упаў выбар, славіліся сваёй любоўю да раскошы. Да таго ж іх будынкі стаялі побач, і, спехам прабіўшы ўнутраныя дзверы, прадпрымальныя радцы ператварылі іх у адну вялікую рэзідэнцыю, годную караля і яго братоў — Яна Казіміра і каралевіча Аляксандра. Вяльможныя паны павінны былі размясціцца ў камяніцах іншых паважаных месцічаў, а астатнім прыйшлося кватараваць у Ніжнім замку, дзе кожны мог у поўнай меры адвесці душу, праклінаючы і гарадскую каналізацыю пад сценамі, і мясцовы гарнізон, што дзесяцігоддзямі прывык спраўляць свае натуральныя патрэбы ў вежах палаца.

вернуться

47

Воспа звычайна шкодзіла слізістую абалонку носа, таму хворы губляў здольнасць адрозніваць пахі.

вернуться

48

Браты-блізняты, па рымскай міфалогіі сыны Марса. Ромула лічаць заснавальнікам Рыма.