Гарадскі кат, які наглядаў яшчэ і за прыборкай вуліц, нарэшце ўзяўся выконваць і гэтыя свае абавязкі, што трохі не вязаліся са звыклым уяўленнем пра яго паважнае рамяство, узяўшы сабе ў помач зняволеных і салдатаў. Месцічы ліхаманкава хавалі жывёлу ў хлявах, каб не гадзіла на толькі што вычышчаных вуліцах і не псавала сваім іржаннем, рыканнем, бляяннем ды рохканнем агульны святочны настрой. Сумеснымі намаганнямі старажытны горад нібы зноў на свет нарадзіўся. Упрыгожаны харугвамі, святочнымі аркамі, папяровымі гірляндамі і, галоўнае, шчырымі ўсмешкамі жыхароў, ён быў гатовы сустрэць свайго ўладара.
26 верасня 1634 года апоўдні кароль меўся ўрачыста ўехаць у Львоў, і ўжо з раніцы вакол галоўных варот просты люд і радцы магістрата чакалі прыбыцця гаспадара. Салідныя месцічы займалі месцы на шляху каралеўскага картэжу, а самыя салідныя абляпілі вокны дамоў на самой плошчы Рынак, дзе мелася адбыцца кульмінацыя святочнай дзеі.
Каля акна адной з камяніц, з якога звісала гіганцкая чырвоная харугва з вышытым белым арлом, сядзелі дзве жанчыны. Нягледзячы на свята, старэйшая была ў простай чорнай удовінай адзежы, а малодшая — у святочнай сукенцы, пашытай з недарагога жоўтага камлоту, які так любілі насіць людзі сярэдняга дастатку, і ў сіняй палярыне, падбітай лісіным футрам. Тонкую шыю абвівалі дзве ніткі фальшывых жамчужын, на вырабе якіх набілі руку мясцовыя ўмельцы, выкарыстоўваючы для гэтага шкляныя шарыкі, пакрытыя клейкай сумессю з экстрактам рыбінай лускі. Але ў гэтай сціплай абгортцы хавалася цудоўная дзявочая прыгажосць, на якую захоплена глядзелі і сталыя мужчыны з пышнымі бародамі, і бязвусыя юнакі. Пэўнае знешняе падабенства жанчын сведчыла аб тым, што гэта былі маці і дачка. Нягледзячы на агульны святочны настрой, размова, якую яны ціха вялі між сабой, была невясёлая. Сабраўшы разам урыўкі іх фразаў, старонні слухач мог бы зразумець, што жанчыны знаходзяцца ў цяжкім становішчы пасля смерці іх мужа і бацькі — львоўскага купца Лушкоўскага.
Небарака Ян Лушкоўскі яшчэ за год да смерці быў паважаным купцом. Вазіў сукно з Гданьска, перапрадаваў яго ў Львове і ў меншых гарадах, дзе яно мела добры попыт. Гэтая праца дала яму магчымасць сабраць сякі-такі капіталец, набыць частку дома на плошчы Рынак, заняць пасаду гарадскога радцы і нават увайсці ў львоўскую Калегію сарака мужоў[49]. Гэта аднак, быў канец паспяховай кар’еры Лушкоўскага, бо аднойчы вялікая партыя тканін, якую ён прывёз для продажу ў Яраслаўль, згарэла на гарадскім рынку падчас пажару. Тавар быў набыты ў складчыну са львоўскім купцом Брыннікам, і той, вядома, запатрабаваў у былога таварыша, які адразу ператварыўся ў ворага, кампенсаваць страты. Лушкоўскі не змог гэтага зрабіць, і суд абвясціў яго банкрутам, пазбавіўшы добрага імя і рэпутацыі. Гандлёвы люд, які больш за ўсё цэніць і першае, і другое, ужо не хацеў мець з бедаком супольных спраў. У дадатак, усе гандлёвыя галеры, якімі Лушкоўскі плаваў па Вісле ў Гданьск, адной сатанінскай ноччу пайшлі на дно. Такім чынам, няшчасны пазбавіўся не толькі ўсёй маёмасці, але і сродкаў, з дапамогай якіх ён яшчэ мог неяк паправіць сваё становішча. Гора яго зламала, і небарака развітаўся з жыццём, пакінуўшы ўдавой жонку Ганну і сіратой дачку Ядвігу.
49
Калегія сарака мужоў — выбарны орган гарадскога самакіравання Львова, які кантраляваў фінансавыя справы магістрата. Створаная ў 1577 годзе з прычыны судовай спрэчкі гарадской абшчыны і цэхаў Львова з мясцовымі ўладамі з-за самавольнага накладання магістратам падаткаў і іншых злоўжыванняў.