Выбрать главу

На наступны дзень на каралеўскую аўдыенцыю з’явіліся ўсе важныя львоўскія ўраднікі. Яны неслі падарункі для караля — два залатыя збаны; для яго братоў — залатыя келіхі, а таксама падарункі для кароннага і літоўскага канцлераў і самых значных паноў з каралеўскага почату. Прыняўшы падарункі, Уладзіслаў запрасіў усіх на святочны банкет у камяніцы Гросваера, за які, вядома ж, заплаціў горад. Львоўцы не паскупіліся на пачастунак. Акрамя велізарных збаноў старога віна, лікёраў і моцных напояў, рыбы, мяса, гародніны, усходніх ласункаў, а таксама прысмакаў, прыгатаваных гарадскімі кандытарамі, былі талеркі з экзатычнай садавіной з Новага Свету — ананасамі, апельсінамі і бананамі, каб задаволіць апетыты самых патрабавальных гасцей. І задаволілі! Нават князь-канцлер Альбрэхт, які падчас урачыстасцяў усё круціў носам, ганячы то ўбогі прыём, то занадта нізкую трыумфальную арку, то пыл на дарогах, нарэшце супакоіўся: проста не было да чаго прычапіцца. Размова, якая пачалася млява, весялела з кожным узнятым келіхам. Пілі за здароўе караля, каралевічаў, абодвух канцлераў і ўсіх ганаровых гасцей пайменна. У рэшце рэшт гаспадары і госці так упіліся, што калі загаварылі аб будучай вайне з туркам, на якую так спадзяваўся кароль і ад якой яго настойліва адгаворвалі сенатары, ніхто з прысутных не адмовіўся выпіць за будучую пагібель асманаў. Пасля закранулі і вайну са Швецыяй, якая павінна была вярнуць Польшчы страчаныя па Альтмаркскім замірэнні[50] землі… Уладзіслаў, які жадаў увайсці ў гісторыю каралём-пераможцам, адчуваў сябе зусім шчаслівым.

— Хадзем на турка, а потым, дасць бог, і на шведа! — аб’явіў ён і пацалаваў Януша Радзівіла, які кляўся, што літоўскі гетман, хай толькі выбухне новая вайна, напэўна адваюе ў шведаў Інфлянты[51] разам з Рыгай.

Кароль паабяцаў на бліжэйшым сойме нарэшце ўзнагародзіць князя Крыштафа вялікай гетманскай булавой і адмахнуўся ад кароннага канцлера, які пачаў маліць яго вялікасць не даваць абяцанняў, якія дапамогуць узвелічэнню не толькі радзівілаўскага дому, але і ўсіх ерэтыкаў Рэчы Паспалітай. Пачуўшы гэта, абражаны Януш ускочыў на ногі, каб заступіцца за бацьку, але яго апярэдзіў дзядзька Альбрэхт. Літоўскі канцлер, добра пад’еўшы, быў у добрым настроі, таму папракнуў калегу, што той балбоча за сталом пра палітыку, а не пра галантныя рэчы, што было б больш дарэчна.

— Князь мае рацыю! — п’яна ікнуўшы, падтрымаў яго Казаноўскі. — Вось я заўсёды гатовы падтрымаць галантныя размовы не толькі словам, але і справай!

Каб пацвердзіць рашучасць сваіх намераў, ён схапіў за руку адну з дзяўчын, якія прыслужвалі за сталом, і ўпіўся ёй у вусны моцным пацалункам.

З яго лёгкай рукі мірнае застолле ператварылася ў рымскую оргію. Распаленыя віном вяльможныя паны, стомленыя ад вымушанага гавення на вайне, пачалі заляцацца да служанак, якія з віскатам і рогатам разбягаліся ад п’яных кавалераў. Кароль праз сваё высокае становішча павінен быў захоўваць твар, аднак не перашкаджаў весяліцца прыдворным. Тужліва зірнуўшы на Казаноўскага, які ўжо запусціў руку пад спадніцу дзеўцы, што села да яго на калені, ён павярнуўся да Януша і сказаў, секануўшы рукой у паветры, нібы хацеў разам рассекчы ўсе вузлы:

— Я хачу, каб князь-гетман прыбыў у Варшаву з князёўнай Катарынай. Чуеш, князь? Абавязкова з князёўнай.

— Скараюся волі караля, — пакланіўся Януш і нават не спрабаваў схаваць шалёную радасць.

Каралевіч Ян Казімір, які сядзеў побач, ажно змяніўся з твару, пачуўшы гэта, і, адставіўшы талерку, нахіліўся да Януша.

— Значыць, я не падыходжу ў зяці князю-гетману, бо толькі каралеўскі брат, а не сам кароль? — злосна вымавіў ён. — Ці не занадта вялікай думкі вы, Радзівілы, пра сябе?

Яна Казіміра не любілі ў Польшчы прыкладна гэтак жа, як любілі караля. Каралевіч плаціў землякам той жа манетай, сцвярджаючы, што лепш глядзець на сабаку, чым на паляка. Януш быў не выключэннем і каралеўскага брата трываць не мог, хоць і спрабаваў хаваць свае пачуцці. Але сёння хмель усё ж развязаў яму язык.

вернуться

50

Альтмаркскае перамір’е паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай было падпісана 26 верасня 1629 года тэрмінам на 6 гадоў і паклала канец вайне 1600–1629 гадоў.

вернуться

51

Лівонія (Ліфляндыя; Інфлянты) — гістарычная вобласць на поўначы Прыбалтыкі. Лівонскія валоданні Рэчы Паспалітай звычайна называлі польскімі Інфлянтамі (ад скажонага ням. Livland).