Выбрать главу

— Similia similibus curentur[52], — мудра падумаў Радзівіл і вырашыў абысці ўвесь Львоў, але знайсці для манарха не менш спакуслівую прыгажуню.

Князь не паспеў ажыццявіць свой намер, бо нечакана захварэў. Гэта была воспа, што замест войскаў заняла Львоў, як толькі сухія пагодныя дні змяніліся халоднай восеньскай імжою. Захварэў і Ян Казімір, ды так цяжка, што ўжо развітваўся з жыццём. Ён ачуняў, але воспа моцна папсавала яго твар — і без таго не вельмі прыгожы. Але горш за ўсё было тое, што яго малодшы брат і агульны ўлюбёнец каралевіч Аляксандр, наведаўшы хворага, падчапіў хваробу і за некалькі дзён згас у страшных пакутах. А праз некалькі тыдняў згарэў ад воспы і каралевіч Ян Альбрэхт, біскуп кракаўскі. Sic transit gloria mundi![53]

Пакуль Януш адужваў пасля цяжкай хваробы, кароль з чароўнаю львавянкай шчасліва прыбыў у Варшаву. Іх каханню мог бы перашкодзіць князь Альбрэхт, які скоса глядзеў на «львоўскую шлёндру», аднак гэтага Радзівіла не пасвячалі ў велічныя задумы князя Крыштафа, вось і ён вырашыў не сунуць свой нос туды, дзе яму не радыя. Тым больш, каралеўскі двор з-за смерці каралевічаў убраўся ў жалобу, і Уладзіслаў меў патрэбу ў суцяшэнні ды шукаў яго ў абдымках Ядвігі Лушкоўскай, якая штоночы наведвала каралеўскія пакоі.

Так, нягледзячы на шыпенне зайздроснікаў і карканне лжэпрарокаў, львоўскае каханне працягвала жыць і на варшаўскіх прасторах.

Раздзел 7

КАХАННЕ КАРАЛЯ І ПАДДАНАЙ

Варшава

(сакавік 1635 года)

У сакавіку 1635 года ў Варшаве меўся пачацца сойм. На яго прыбыў і князь Крыштаф у суправаджэнні пышнай світы са сваіх самых значных кліентаў і паважаных літоўскіх ураднікаў, а таксама ўласнай гусарскай харугвы, якая падкрэслівала моц яго дому. Князь меў намер нарэшце ўзяць у рукі вялікую гетманскую булаву. У карэце побач з князем сядзела і Катарына, якую бацька рашыўся паказаць на каралеўскія вочы. З’яўленне рудавалосай прыгажуні выклікала вялікае хваляванне сярод вяльможнага панства, асабліва сярод тых кавалераў, што стаміліся халасцякаваць. Князёўна, дзякуючы свайму багаццю і прыгажосці, была ці не самай выгаднай і жаданай нявестай ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Яшчэ не паспела княжацкая карэта завярнуць у двор варшаўскага палаца князя-гетмана, як пад яго шчыльна прычыненыя вокны пацягнуліся хлопцы ў спадзяванні хоць мільгам пабачыць пяшчотны дзявочы твар ці паспрабаваць знайсці супольную мову з якой-небудзь з прыслужніц Радзівілаўны, каб лягчэй пратаптаць сцежку да сэрца князёўны. Але ўсіх іх спасцігла няўдача: Катарыны яны так і не ўбачылі, а прыслужніцы, настрашаныя князем Крыштафам, цураліся ўсіх прыхільнікаў гаспадыні, не спакушаючыся ні падарункамі, ні ласкавымі словамі. У гэтым натоўпе стаяў і Юрый Караль Глябовіч — анікштынскі і радашковіцкі староста, сын нябожчыка смаленскага ваяводы і віленскага кашталяна Мікалая Глябовіча. Усе Глябовічы былі прыгажуны, і Юрый таксама не быў выключэннем. У свае дваццаць гадоў ён лічыўся адным з самых стройных кавалераў пры каралеўскім двары. Па яго нябесна-сініх вачах сохла сэрца не адной дзяўчыны, але сам прыгажун не спяшаўся пакідаць свайго сэрца нідзе. Пад вокны гетманскай дачкі яго прывёў прыкры выпадак: князь Януш, якога кароль у той дзень затрымаў у сябе, так спяшаўся сустрэць бацьку і сястру, што, не знайшоўшы сваёй карэты на перапоўненым каралеўскім двары, скарыстаўся карэтай свайго сябра Глябовіча. Юрый, выявіўшы прапажу, усё ж адшукаў карэту князя і прыехаў у ёй да палаца Радзівілаў, спадзеючыся атрымаць назад сваю ўласнасць. Але аказалася, што Януш, вярнуўшыся дадому, адразу ж адаслаў пазычаную карэту назад да гаспадара, а княжацкі фурман не жадаў везці Глябовіча дамоў, не атрымаўшы на гэта дазволу Радзівіла. Пачуўшы такі адказ, пан Юрый прайшоў у палац і загадаў слугам далажыць князю Янушу пра сябе. Але тыя не адважыліся, бо князь-гетман строга папярэдзіў, каб іх з сынам не турбавалі. Праклінаючы радзівілаўскую бесцырымоннасць, пан Юрый ужо вырашыў вяртацца дадому пешкі, як раптам адчыніліся бакавыя дзверы і з іх выйшла князёўна Катарына. Кінуўшы зацікаўлены погляд на госця, яна прайшла ў бацькавы пакоі, а Глябовіч быў так зачараваны яе прыгажосцю, што забыў і пра карэту, і пра ўсё на свеце. Як у тумане ён выйшаў з палаца і далучыўся да натоўпу прыхільнікаў, каб разам з імі да самай цемры бяздумна глядзець на зачыненыя вокны…

вернуться

52

Лячы падобнае падобным (лац.).

вернуться

53

Так праходзіць зямная слава! (лац.)