Кароль не чакаў ад просьбітаў нічога добрага і не памыліўся. Выслухоўваючы звыклыя скаргі на вераадступнікаў, якія «непазбежна навядуць на Рэч Паспалітую гнеў Гасподні», і перш за ўсё на тое, што аддаў вялікую булаву ерэтыку Радзівілу, Уладзіслаў скрушна хітаў галавой. І адначасова забаўляў сябе, назіраючы за жоўтай канарэйкай, якая весела спявала ў клетцы. Птушачку ён хацеў падарыць Ядвізе Лушкоўскай, але з таго часу, як у яго жыццё бы вясновы вецер уварвалася залатакосая Радзівілаўна, звонкагалосая шчабятуха так і жыла ў яго пакоях. Але віск польскага прымаса заглушыў яе спеў, і Уладзіслаў засцерагальна ўзняў руку, папярэджваючы Вэнжыка, каб сачыў за выразамі.
— Булаву я аддаў не ерэтыку, а таленавітаму палкаводцу, паслуг якога ў блізкай вайне са шведамі Рэч Паспалітая вельмі патрабуе, — заявіў ён. — Больш тут казаць няма пра што.
— А можа, будучаму цесцю? — умяшаўся Ян Казімір.
Пасля гэтых слоў прадстаўнікі духавенства так і ўпіліся вачыма ў караля. Той нахмурыўся.
— Я яшчэ не вырашыў…
— Вырашаць і без цябе.
Сказаўшы так, каралевіч працягнуў каралю старажытны памфлет, дзе апісваліся асаблівасці заключэння шлюбу Барбары Радзівілаўны з каралём Жыгімонтам Аўгустам. Уладзіслаў узяў яго і пачаў услых чытаць:
— «…у рэшце рэшт, Радзівілы, пераканаўшыся, што залатая птушка цяпер у іх руках, запатрабавалі ў караля прысягу, што ён адступіцца ад іх сястры і не зганьбіць гонар іх Дому. Калі Жыгімонт, забыўшыся пра абяцанне, усё ж наведаў Барбару, Руды і Чорны Мікалаі[54] гвалтам уварваліся ў сястрынскі пакой і, пагражаючы свайму Пану, сталі патрабаваць у яго адказу, чаму той не стрымаў свайго каралеўскага слова. Тут з’явіўся і ксёндз, у прысутнасці якога Жыгімонт мусіў ажаніцца з вялікай блудніцай…»
Уладзіслаў гнеўна скамячыў памфлет і раздражнёна павярнуўся да брата.
— Гэта што за брыдота?
У сэрцах хацеў кінуць паперку ў агонь, але невядома чаму перадумаў і, заціснуўшы ў руцэ, стаў нервова размахваць ёю ва ўсе бакі.
— Ваша вялікасць павінен разумець, што амуры з дачкой Радзівіла могуць дорага абысціся Кароне, — пачаў казаць Вісконці. — Князь-гетман ужо ўголас кажа пра тое, што яго дачка будзе каралевай Польшчы. Вымушаны папярэдзіць вашу вялікасць, што Папа не дасць блаславення на гэты шлюб.
— Князь Крыштаф — добры чалавек, але веры злой, — падтрымаў яго Вэнжык. — І наверх не сам пойдзе, а ўсё сваё ерэтычнае кодла за сабой пацягне…
Уладзіслаў іх не слухаў. Задраўшы галаву ўверх, ён разглядаў размаляваную столь. Там, на верхнім паверсе, былі пакоі Ядвігі Лушкоўскай. Ужо некалькі разоў ён парываўся выбрацца з учэпістых абдымкаў Катарыны, каб наведаць палюбоўніцу, але спакуслівая ўсмешка прыгажуні князёўны і яе прывабнае цела, якім ён яшчэ не паспеў насыціцца, стрымлівалі. У гэты момант каралю так захацелася апынуцца ў гарачых абдымках Ядвігі, дзе не было месца ні брудным інтрыгам, ні палітыцы, што ён з цяжкасцю стрымаў сябе і зараз жа краем вуха пачуў злое шыпенне ў сябе за спінай:
— Ці ж яна цябе любіць? Або тую карону, якую хоча надзець?
Гэта сказаў Ян Казімір. Уладзіслаў міжволі задумаўся. Канарэйка, што да гэтага часу весела скакала ў клетцы, нечакана застыла і, пільна зірнуўшы на манарха бліскучымі чорнымі вочкамі, цырыкнула, нібы кажучы: «Мяне злыя людзі супраць маёй волі злавілі і пасадзілі за краты. А ты, дурань, сам у пастку лезеш?»
— Добра, — сказаў кароль нейкім чужым голасам. — Я падумаю…
Пакуль у каралеўскіх пакоях ішла гэтая нарада, Ядвіга Лушкоўская са служанкай перабірала свае рэчы.
— Дурніца! Ну і дурніца безгаловая! — у сэрцах напусцілася яна на дзяўчыну, якая прыдумала запхнуць брудную бялізну паміж свежых кашуль з тонкага галандскага палатна. — Пайшла прэч, гультайка!
Дзяўчына пакорліва пайшла да дзвярэй, але на паўдарозе спынілася.
— Можа, прыбраць у вас, пані? — нясмела спытала яна. — Раптам кароль зойдзе…
Ёй не трэба было нагадваць знерваванай жанчыне пра няшчасце, таму што Ядвіга, ускочыўшы на ногі, шпурнула ёй у твар жмут брудных рэчаў.
— Прэч! І забяры гэта…
Схапіўшы вузел, дзяўчына выскачыла за дзверы, а Лушкоўская ўслых зарыдала.
«Што са мной адбываецца? — адчайна падумала яна. — Прыбрацца? Чаму б і не… Калі кароль з’явіцца, каб прагнаць мяне з палаца, як ужо выгнаў са свайго сэрца, хай лепш застане мяне прыгажуняй…»
54
Мікалай Радзівіл па мянушцы Руды (1512–1584) — брат каралевы Барбары Радзівіл, падчашы літоўскі ў 1544–1551 гадах, лоўчы літоўскі ў 1546–1554 гадах, ваявода троцкі ў 1550–1566 гадах і віленскі ў 1566–1584 гадах, вялікі гетман літоўскі ў 1553–1566 гадах і з 1577 года, вялікі канцлер літоўскі ў 1566–1584 гадах. Яго стрыечны брат Мікалай Крыштаф Радзівіл па мяшушцы Чорны (1515–1565) быў маршалкам, вялікім канцлерам літоўскім, віленскім ваяводам.