Выбрать главу

Дабраўшыся дадому, дзяўчына зайшла ў спальню і, упаўшы на ложак, затуліла твар рукамі. Слёз ужо не было. Толькі шчокі палалі агнём.

— Сястра?

Януш, якому паведамілі пра вяртанне князёўны, сэрцам адчуўшы бяду, кінуўся да яе ложка. Прысеўшы побач, спалохана дакрануўся да яе ілба.

— Ты захварэла?

Катарына моўчкі хітнула галавой — ці то запярэчваючы, ці то праганяючы брата. Не хацела нікога бачыць, не хацела ні з кім гаварыць. Князь, чыя галава была занятая амбітнымі намерамі, вядома, гэтага не зразумеў.

— Чаму не засталася ў палацы… з каралём?

Князёўна рэзка паднялася.

— Я здаровая, — холадна паведаміла яна. — А з каралём не засталася, бо ён загадаў мне паехаць дамоў… клапаціўся пра мой гонар. Спахапіўся!

Яна голасна засмяялася, але ўжо праз імгненне рогат абарваўся жаласным хліпаннем.

— Дачушка?

Убачыўшы бацьку, Катарына працягнула да яго руку, як ахвяра, якая кідае выклік кату.

— Не хачу цябе бачыць! — крыкнула яна. — Гэта ўсё ты… ты… Карону мне абяцаў!

Ад рыданняў ужо не магла гаварыць і, схаваўшы твар між падушак, затрэслася, як у ліхаманцы. Князь Крыштаф стаяў, як удараны громам. Апамятаўшыся, загадаў слугам прынесці вады і прымусіў дачку зрабіць глыток. Хацеў абняць, але яна вырвалася і, забіўшыся ў кут, як загнаны звярок, так паглядзела на яго, што гетман апусціў вочы.

— Касенька, — Януш адсунуў князя і, узяўшы сястру за дрыготкія плечы, сілай прыціснуў яе да грудзей, спрабуючы супакоіць. — Клянуся, я казаў бацьку, што яго задума дрэнна скончыцца, але хіба ён паслухаецца…

Януш з неапісальным дакорам паглядзеў на князя Крыштафа.

— Уся Варшава… увесь белы свет… — усхліпвала князёўна. — Такая ганьба…

Гетман працягваў адмоўчвацца. Катарына патроху супакойвалася, але яшчэ дрыжала ад перажытага няшчасця і прыніжэння.

— Можа, лекара? — асцярожна прапанаваў Януш.

— Лекара? — князь Крыштаф цяжка ўздыхнуў і, з сумневам зірнуўшы на дачку, сказаў: — А лекара… пакліч. Толькі не майго, а каралеўскага! Хай слугі скажуць у палацы, што князёўна захварэла.

— Гэта нічога не зменіць, — адгукнулася Катарына. — Калі каралю не патрэбна я сама, то да маёй «хваробы» яму тым больш справы няма!

Але бацька ведаў, што рабіў. Мацей Ворбек-Летаў, якога князь Крыштаф парэкамендаваў на каралеўскую службу, раней ледзь не дванаццаць гадоў быў яго асабістым лекарам, а цяпер служыў радзівілаўскім агентам пры каралеўскім двары, дакладваючы гетману падрабязнасці жыцця караля.

Мацей з’явіўся вельмі хутка. Такое стараннае выкананне гетманскіх даручэнняў добра сведчыла аб тым, хто быў яго сапраўдным гаспадаром. Занепакоена прыклаўшы вуха да грудзей князёўны, паслухаў сэрца і, адпусціўшы яе бледную, аж празрыстую руку, дзе роўна чуўся пульс, аўтарытэтна сказаў:

— Hysterica…[55] Я зраблю ятную настойку, каб цалкам супакоілася, і макавы адвар, каб салодка спала. Заўтра і следу не застанецца ад гэтай хваробы!

Пакуль лекар мітусіўся каля Катарыны, князь Крыштаф не перашкаджаў яму рабіць сваю справу, але калі дачка супакоілася, паклікаў у вітальню і зладзіў суровы допыт.

— Якая муха ўкусіла караля? — спытаў ён. — 3 кім сёння бачыўся, пра што гаварыў?

— Раніцай у яго былі прымас з папскім легатам, — паведаміў лекар. — Пра што гаварылі, не ведаю…

— Затое я ведаю, — князь Крыштаф нервова захадзіў па пакоі. — Адгаворвалі ад шлюбу з ерэтычкай… І такі ўгаварылі! Беднае маё дзіця…

Ён змоўк, абхапіўшы галаву. Лекар крыху пачакаў, пакуль гетман супакоіцца, а потым асцярожна дадаў:

— Потым кароль пайшоў да той львоўскай шлёндры і заставаўся ў яе пакоях да вечара…

Гэтага не варта было казаць, таму што Радзівіл, абражаны тым, што Уладзіслаў прамяняў яго дачку на нейкую мяшчанку, разышоўся не на жарт. Забыўшыся пра асцярожнасць, так лаяў караля і Лушкоўскую, што нават звыклы да моцнага слоўца Ворбек-Летаў чырванеў, як дзяўчына. Спыніўся князь толькі тады, калі ў грудзях па-здрадніцку кальнула. Убачыўшы, як скрывіўся ад болю твар высакароднага пацыента, лекар заклапочана схапіў пад руку гетмана, што, сагнуўшыся ў тры пагібелі, трымаўся за грудзі, і асцярожна падвёў да крэсла.

— Хіба так можна, найяснейшы князь, — выгаворваў ён Радзівілу. — Здароўе адно, яго трэба берагчы. А што да помсты…

Гетман апамятаўся і цярпліва чакаў, пакуль лекар, які хутка падбег да сваёй скрыні, адмерыць яму патрэбную дозу валяр’янавага экстракту.

— Якая там помста, — уздыхнуў ён, глытаючы лекі. — Калі вайна са шведам на носе…

вернуться

55

Нервовая хвароба (лац.).