Выбрать главу

На наступны дзень выехалі паляваць на качак. Вядома, яшчэ быў не час для такой справы, ды і надвор’е трымалася не найлепшае, але князь Крыштаф загадаў паляваць і ў непагадзь, каб пляменнік, што марыў аб вайсковай кар’еры, паступова прывыкаў да непазбежных у лагерным жыцці цяжкасцей. Месье паспрабаваў пратэставаць, але калі пан Пуцята сунуў яму пад нос загад князя-гетмана, змірыўся з непазбежным.

Калі выехалі далёка за горад, дождж, што раніцай толькі церусіў, паліў на поўную моц.

— Як будзем вяртацца, дарога зусім размокне, — бурчаў Стаброўскі. — Вось дождж ужо і вочы залівае.

— І якая дурная птушка захоча лётаць у такое надвор’е? — услых падумаў Невяроўскі, з надзеяй гледзячы на Радзівіла.

Багуслаў прамаўчаў, але яго сокал ухвальна кігікнуў, незадаволена абтрасаючы мокрае пер’е. Двое чалядзінцаў, якія суправаджалі невялікі атрад, нібы змовіўшыся, гучна чхнулі.

— Сама бы не захацела, але голад прымусіць, — сказаў француз, які, аднак, зухавата трымаўся на сваёй гнядой кабыле. — Зараз павернем да ракі, і вецер нас ззаду падгоніць.

— Вялікая радасць, — фыркнуў Стаброўскі.

Так перакідваючыся кпінамі, яны даехалі да ракі. У пагодны дзень там хапала дзікай птушкі, але сёння плёс быў зусім парожні.

— Ну і дзе твае качкі? — Самуль працягваў чапляцца да француза, бо бачыў, што Радзівілу таксама не падабаецца гэтая выправа.

Замест адказу месье зняў з пляча стрэльбу і гучна пальнуў у чарот, адкуль імгненна выпырхнулі спалоханыя птушкі, якія хаваліся ад непагадзі. Маладыя людзі тут жа выпусцілі сваіх птушак, і тыя радасна паляцелі ўслед за здабычай, аднак ніводзін нічога не злавіў.

— C’est Ia vie,[58] — суцяшаў француз засмучаных шляхціцаў. — Нават дасведчаныя птушкі часта прамахваюцца, не кажучы пра пачаткоўцаў.

Ад’ехалі далей, пусцілі зноў — і зноў дарма… На пяты раз сокал Стаброўскага ўсё ж злавіў качку, але перадумаў вяртацца да свайго гаспадара і знік, прыхапіўшы здабычу.

— Такое таксама часта здараецца, — француз заспакойліва паляпаў па плячы раздражнёнага Самуля. — Гэта вольныя птушкі, прага свабоды ў іх у крыві сядзіць.

— І ў мяне таксама, — не вытрымаў Багуслаў. — Я хачу ўласнымі сіламі трафеі набываць, а не чакаць літасці ад зняволенай істоты.

Княжыч пагладзіў сокала, які нерухома сядзеў на ягонай руцэ, і нечакана падкінуў яго ўверх:

— Ляці! — крыкнуў ён, і птушка, расправіўшы крылы, паляцела насустрач свабодзе.

Ян Невяроўскі, рагочучы, адпусціў і свайго сокала.

— О, mon Dieu![59] — заламаў рукі месье. — Што ж ваша светласць будзе рабіць, калі кароль запросіць вас на паляванне?

— Нудзіцца, — весела адказаў Багуслаў, даючы шпоры каню. — Але лепш гэта рабіць потым, чым цяпер. Suivez-moi, Messieurs![60] — крыкнуў ён шляхціцам. — Вось пан Сыцінскі з рагацінай на мядзведзя палюе, то я яму скажу, каб і нас павучыў. Бо то забава для рыцараў, а гэта — для дзяўчат ці баязліўцаў.

Усмешку Невяроўскага як карова языком злізала.

— Гэта ён жартуе, праўда? — трывожна спытаў ён Стаброўскага.

— Баюся, што не, — змрочна адказаў той.

Пасля няўдалага палявання не даводзілася чакаць чагосьці добрага ад гэтага дня, таму Радзівіл са сваімі людзьмі павярнуў дадому. Дождж ужо зусім сцішыўся, і на яшчэ змрочным небе нечакана з’явілася вялізная вясёлка. Яна лягла каляровым мастком ад далягляду да новаўзведзенага бастыёна, які ахоўваў подступы да замка. Здалёк здавалася, што ўвесь горад апынуўся пад абаронай нябеснай аркі, і паляўнічыя мімаволі спыніліся, каб палюбавацца гэтым цудам.

«Добры знак», — падумаў Багуслаў і заўважыў дзіўнага снежна-белага каня, які асцярожна прабіраўся яму насустрач размоклым шляхам. І конь, і вершнік на яго спіне здаліся княжычу да болю знаёмымі, але, не верачы сваім вачам, ён яшчэ нейкае імгненне ўважліва глядзеў на знаёмую постаць.

— Саковіч, — радасна вымавіў Радзівіл, калі сумневаў больш не засталося, і, падняўшыся ў страмёнах, з усіх сіл крыкнуў: — Гэй, Адам!

Вершнік, пазнаўшы князя, сарваў з галавы шапку і шырока замахаў ёю са шчаслівым крыкам:

— Мон прэнс!

Радзівіл памахаў у адказ і, прышпорыўшы каня, хутка трапіў у жалезныя абдымкі прыяцеля. Пасля доўгіх і шчырых вітанняў Саковіч агледзеў зграбную фігуру юнага князя і захоплена паляпаў яго па моцным і зусім ужо не дзіцячым плячы:

— Як жа вырас, узмужнеў… Ды і сілы прыбыло… Ох, як жа я засумаваў па табе, князь!

Прыгожы твар Адама свяціўся радасцю, але Багуслаў, хоць таксама сумаваў па ашмянскім буяну, недаверліва скрывіўся:

вернуться

58

Гэта жыццё (фр.).

вернуться

59

Божа мой! (фр.)

вернуться

60

За мной, панове! (фр.)