Выбрать главу

— Мяркуючы па тым, як ты спяшаўся мяне наведаць, дык не вельмі. І ніякіх вестак пра сябе за ўвесь гэты час не прыслаў…

— Не злуйся, Богусь, — папрасіў пан падваявода. — Прыбыць раней ніяк не мог, гаспадаркай трэба было заняцца. Лістоў не пісаў, бо шабляй лепш, чым пяром, валодаю. І вестак добрых не было, каб цябе пацешыць, а пісаць пра дрэннае не хацеў… Мая ж Мар’яся дзіцяня нарадзіла, толькі не зажылося яно на свеце…

Радзівіл спачувальна паглядзеў на яго:

— Я не ведаў…

— Не сушы сабе сэрца, мон прэнс, — Адам махнуў рукой, не жадаючы псаваць ні сабе, ні князю задавальнення ад сустрэчы. — Што было — мінула, а над працягам роду я ўжо добра папрацаваў. Словам, цяпер я ўвесь да паслуг тваёй княжацкай міласці.

Ён змоўк, бо павінен быў адказаць на прывітанне месье дзю Берта, а таксама Невяроўскага і Стаброўскага, якія сустрэлі пана падваяводу кіслымі ўсмешкамі. Аднак гэтым разам Саковіч не збіраўся прабачаць ім такую непачцівасць. Скарыстаўшыся з таго, што Багуслаў адвярнуўся, каб прылашчыць Буцафала, Адам нахіліўся да хлопцаў:

— У вас, хлопцы, што, зубы баляць, калі вочы ў мой бок глядзяць? — з’едліва пацікавіўся ён.

— А хаця б і так, — з выклікам сказаў Ян. — Ты, пан падваявода, лічыш, што можаш беспакарана здзекавацца са шляхціцаў… вушы ім абрываць?

Саковіч крыва ўсміхнуўся.

— Здаецца, ужо час абрываць языкі, — адзначыў ён. — Бо такія выраслі, што ў ратах не трымаюцца.

І перш, чым абураныя хлопцы знайшліся, што адказаць, ён схапіў іх за кудлы і з сілай стукнуў ілбамі, аж у няшчасных іскры з вачэй пасыпаліся. А пакуль тыя цёрлі выцятыя месцы, пан падваявода ўскочыў у сядло і адправіўся ў замак услед за Багуславам, які нічога не заўважыў. Праклінаючы Саковіча, Ян і Самуль селі на коней і паехалі следам.

х х х

У княжацкім палацы ашмянскага падкаморага сустрэлі няветліва. Пан Пуцята строга папярэдзіў Адама, каб і духу яго не было каля Багуслава, але павінен быў прыкусіць язык, пачуўшы, што на тое была воля князя-гетмана. Таму змірыўся, але яшчэ доўга бурчэў пад нос, маўляў, ён гэтага так проста не пакіне. Пан Набароўскі падаваўся больш прыязным: ён хоць і нахмурыў бровы, убачыўшы Саковіча, але зрабіў гэта хутчэй для парадку, чым ад сэрца. А калі пан падваявода перадаў яму вітанні ад паноў Мірскага і Цадроўскага, з якімі паэт сябраваў, змрочныя зморшчыны на яго ілбе разгладзіліся, і ён ужо зусім шчыра запрасіў Адама да стала.

За абедам настаў час падрабязных роспытаў.

— Ты, Адам, з Зембіна сюды прыбыў? — спытаў Багуслаў, падсоўваючы прыяцелю збан старога грэцкага віна з запасаў князя Крыштафа.

— Ад князя-гетмана, — паправіў Саковіч і, нахіліўшы келіх, знакам паказаў, што віно яму падабаецца. — Ёсць ад яго лісты для тваёй міласці, для паноў Набароўскага і Пуцяты (ён злёгку пакланіўся ў бок выхавацеляў), а таксама сёе-тое для пана Кахлеўскага…

Саковіч звыкла запусціў руку за пазуху, але ўспомніў, што пакінуў пакет у гасцявым пакоі, калі перадзяваўся да абеду.

— Потым аддасі, — спыніў яго Багуслаў, убачыўшы, што Адам збіраецца ўстаць з-за стала. — Калі, вядома, там няма тэрміновых рэчаў.

— Здаецца, нічога такога, з-за чаго варта было б кідаць абед, — адказаў Саковіч, аддаючы належнае добра падсмажанай гусі.

Пану Пуцяту таксама хацелася паслухаць навіны каралеўскага двара, ён падтрымаў прапанову княжыча пачаць чытанне лістоў пасля трапезы і пачаў распытваць Саковіча пра новую вайну са Швецыяй, да якой рыхтаваўся князь Крыштаф.

— Гэта будзе менавіта вайна, а не новы мір? — падскочыў княжыч, пачуўшы гэта. — А як жа перамовы?

— Ёсць надзея, што англійскім ды галандскім паслам, а таксама месье д’Аво[61] і кардыналу Рышэлье, якія хочуць зноў скіраваць шведскую моц на Габсбургаў[62], усё ж удасца дамагчыся міру, — кіўнуў Адам. — Але хто ведае, чым усё скончыцца. Князь-гетман жадае шведскія Інфлянты Літве вярнуць, а наш кароль марыць аб шведскай кароне.

— Ды хай яна застаецца ў яго марах! — крыкнуў пан Пуцята. — Уволю ўжо пакармілі падлаедаў рыцарскімі целамі і напаілі зямлю чалавечай крывёю!

Скарыстаўшыся тым, што размовы аб новай вайне захапілі ўсіх прысутных, Багуслаў нахіліўся да Адама і прытворна абыякава спытаў:

— А дзе кароль?

— У Гданьску, а затым адправіцца ў Каралявец, — Саковіч узяў са срэбнага падноса чырванабокі яблык і смачна ім захрабусцеў, усім сваім выглядам дэманструючы, наколькі яму абыякавыя і мір, і вайна. — Жадае заручыцца падтрымкай прускіх гарадоў, тым больш, што вайна, у рэшце рэшт, тычыцца і іх… Князь Януш, хоць і прасіўся ваяваць, але, скарыўшыся бацькавай волі, таксама з каралём паехаў.

вернуться

61

Клод д’Аво — французскі дыпламат, у 1634–1636 гадах знаходзіўся пры польскім двары.

вернуться

62

Іспанска-аўстрыйская каралеўская дынастыя.