— Што там было? — не вытрымаў Багуслаў. — Напрамілы бог, кажы, шаноўны пане!
— Мембраны,[63] — слабым голасам паведаміў Кахлеўскі.
— Што? — не зразумеў Багуслаў і азірнуўся на Саковіча, чыё бледнае аблічча аж пазелянела ад такой весткі.
— І… колькі? — замест адказу глуха спытаў той у кейданскага старосты.
— Я ў князя-гетмана прынамсі два дзясяткі прасіў, бо канцылярыя заваленая неадкладнымі гаспадарчымі справамі, якія б не дачакаліся свайго канца, калі б паперы адсылаліся на подпіс князю-гетману…
Каб стрымаць роспач, што пакутлівым крыкам рвалася вонкі, Саковіч моцна прыкусіў сабе палец.
— Дык нехта растлумачыць мне, што гэта за «мембраны»? — з націскам сказаў Багуслаў, бо не прывык, каб яго пытанні заставаліся без адказу.
— Чыстыя аркушы паперы, завераныя асабістым подпісам яго княжацкай міласці, — растлумачыў кейданскі староста, утаропіўшыся каменным поглядам у віленскага падваяводу, які і без таго ўжо амаль рваў на сабе валасы.
Такая праява найвялікшага даверу, які толькі мог засведчыць патрон свайму слугу, зрабіла на Багуслава вялікае ўражанне.
— Як жа можна… як можна давяраць такое… хоць бы і чалавеку, які варты даверу, — прашаптаў ён. — Гэта… гэта ж…
— Гатовая змова супраць дзяржавы або яго вялікасці, калі гэтыя лісты ў злыя рукі патрапяць, — змрочна скончыў пан падваявода. — А так яно і ёсць, бо добрыя рукі красці не будуць!
На шчасце Саковіча, Невяроўскі і Стаброўскі не чулі гэтай размовы. Інакш ім цяжка было б утрымацца ад спакусы цалкам знішчыць свайго ворага, схаваўшы або спаліўшы скрадзенае. Бо князь Крыштаф наўрад ці мог бы і далей давяраць чалавеку, праз нядбальства якога яго становішча і нават жыццё маглі аказацца ў вялікай небяспецы. На наступны дзень пакет з лістамі знайшоўся ў княжацкай стайні, недалёка ад ясляў Буцафала, а дурнаваты конюх, які перадаў яго пану Пуцяту, менш за ўсё быў падобны да чалавека, якога хтосьці захацеў бы падкупіць.
Пан маршалак грэбліва ўзяў заляпаную гноем знаходку і імгненна напусціўся на Саковіча, бо быў злы на яго за нядбальства, а яшчэ больш за тое, што ноч не мог заснуць, клянучы сябе, што правароніў варожага агента.
— Напішу князю-гетману, хай ведае, які ў яго слуга, — крычаў ён.
Багуслаў нічога не сказаў, але па яго насупленым твары было відаць, што ён цалкам падзяляе абурэнне выхавацеля.
Адам маўчаў, пра нешта засяроджана разважаючы. Потым пільна агледзеў прысутных. Абыякава слізнуў позіркам па знерваваным Набароўскім і злосным Радзівіле, па каменным абліччы пана Кахлеўскага, трохі больш уважліва прыгледзеўся да раз’юшанага маршалка і нарэшце спыніўся на Невяроўскім і Стаброўскім, якія прыбеглі на шум. Самуль так упіваўся перамогай, што не заўважаў нічога навокал. А вось Невяроўскі, які не зводзіў вінаватых вачэй з пана падваяводы, нават здрыгануўся, заўважыўшы яго драпежны выскал, які, падавалася, больш пасаваў зверу, чым чалавеку. Выскал так рэзка сказіў прывабныя рысы аблічча Адама, што ад прыгажосці не засталося і следу. Злое, падступнае, яно аж гарэла лютасцю, але ўжо праз імгненне зноў прыняло свой звычайны выгляд, і здзіўлены гэтым нечаканым ператварэннем, Ян аж вачыма залыпаў, перакананы, што яшчэ хвіліну таму бачыў самога д’ябла, які вызірнуў з чалавечага цела. Злавесныя чуткі аб ашмянскім буяне разам вынырнулі ў памяці хлопца. Бледны, перапалоханы, ён настойліва тузануў Стаброўскага за рукаў, а калі той адмахнуўся, сілай пацягнуў таварыша прэч з пакоя.
— Ну, чаго табе? — буркнуў Самуль, незадаволены, што прыяцель перашкодзіў яму нацешыцца сваёй трыумфам.
Даведаўшыся прычыну трывогі, толькі легкадумна махнуў рукой: «Ну і што? Няхай думае, што хоча, але нічога даказаць не зможа».
Ян трохі супакоіўся, але і за абедам, і за вячэрай падсвядома чакаў ад Саковіча якога-небудзь паскудства. Аднак дзень прайшоў на дзіва спакойна. Адам, здавалася, вырашыў, што сапраўды сам згубіў княжацкія лісты, быў маўклівейшы, чым звычайна, напэўна, у думках дакараючы сябе за няўважлівасць. У Невяроўскага трохі нядобра было на душы, бо пан Пуцята не толькі падрабязна распісаў князю-гетману гэты прыкры выпадак, але і даклаў аб дзеўцы, якую калісьці злавіў у пакоях Багуслава, а завяршыў сваё пасланне слёзнымі просьбамі, каб князь Крыштаф неадкладна пазбавіў пляменніка таварыства нявартага прыяцеля. Аднак пачуцце віны хутка прайшло, бо княжыч, даведаўшыся пра падступны ўчынак выхавацеля, адразу ж дараваў Адаму выпадак з лістамі і абвясціў абуранаму пану Самуэлю, што папросіць за Саковіча ў дзядзькі.