— Пад нагамі блытацца не будзеце, — сказаў на гэта пан падваявода і падміргнуў чалядзіну.
Той падштурхнуў хлопцаў да краю ямы.
— Не-е-е! — крыкнуў Ян, нарэшце вызваліўшыся ад пут, і ўжо праз імгненне страціў раўнавагу і паляцеў проста ў абдымкі смерці.
Вяроўка зацягнулася на шыі, у вачах пацямнела. Жудасны крык Стаброўскага яшчэ паспеў даляцець да яго свядомасці, але тут яе паглынула цемра.
Ачуняў ён ад нясцерпнага болю. Доўга адкашліваўся, трымаючыся за горла, а калі цалкам ачуняў, убачыў проста перад сабой брыдкага тоўстага чарвяка. Спалохана падскочыў, але хутка зваліўся на зямлю, вострая боль працяла яго нагу як нажом. Думкі ў галаве спляліся ў заблытаны клубок, але шчаслівая здагадка, што вяроўка абарвалася і ён застаўся жывы, перакрэсліла ўсе сумневы адносна ўваскрасення.
«А Самуль?» — спалохана згадаў ён.
Стаброўскі быў тут: цэлы і здаровы, ён сустракаў сваё другое нараджэнне гучным плачам. Пераканаўшыся, што з таварышам усё ў парадку, Ян падняў галаву і ўбачыў проста перад сабой зласлівы твар Саковіча. Шляхціц сціскаў у руцэ шаблю, якой, відавочна, перасек вяроўкі.
— Як бачыце, мае галубочкі, я таксама жартаваць умею, — ён драпежна бліснуў вачыма. — Добра запомніце гэты дзень, таму што яшчэ адзін жарт — і я вам такі зладжу вяселле з кашчавай!
І, памаўчаўшы, дадаў:
— Як даберацеся да палаца, распавядзіце Багуславу аб вашым «жарце» з лістамі. А пра гэтае здарэнне — ні слова! Ясна?
Хлопцы моўчкі заківалі, яны не маглі паверыць, што засталіся жывыя.
— Тады бывайце здаровы, — крыва ўсміхнуўся пан падваявода. — Ды не расседжвайцеся тут доўга, вечарэе, а тутэйшыя ваўкі ахвотна пакаштуюць свежай чалавечыны.
Ён павярнуўся, каб сысці, але яго спыніў спалоханы крык Невяроўскага:
— Пачакай! Як я дабяруся да палаца, калі на нагу стаць не магу?
— А гэта ўжо не мой клопат, — абыякава кінуў Саковіч, адыходзячы. — Захочаш жыць — дапаўзеш!
На гэтым беды хлопцаў не скончыліся. Калі яны, нацярпеўшыся страху ў дарозе, вярнуліся ў палац і прызналіся, што знікненне гетманскіх лістоў — іх рук справа, над іх галовамі сабраліся грозныя хмары. Абураны Багуслаў загадаў сябрам не трапляць яму на вочы, а раз’юшаны пан Пуцята спачатку хацеў адправіць жартаўнікоў дадому, але потым загадаў усыпаць кожнаму па некалькі дзясяткаў розаг. Невяроўскага ад пакарання выратавала зламаная нага, а вось Самулю дасталася. Але ні заслужаная кара, ні жорсткая помста Саковіча не змаглі суняць яго бурлівы нораў: пакрыўджаная душа прагнула помсты, а разгарачаны розум ужо шукаў сродкі для гэтага.
— Забіць нас падваявода ўсё роўна не наважыўся б, хацеў толькі папалохаць, — паўтараў Стаброўскі Яну, які ляжаў у ложку, чакаючы, калі зрастуцца косткі. — Лягчэй за ўсё было б падрэзаць папругі ў яго каня, каб пан Адам скруціў сабе шыю, як на яго сядзе. Але да гэтага звяругі Буцафала не падступіцца!
— Ці падсыпаць атруты ў віно, — з’едліва дадаў Невяроўскі.
— Так! — загарэўся Самуль, не заўважыўшы іроніі. — А ты ведаеш, дзе яе дастаць?
— Слухай, прыяцель, — не вытрымаў Ян. — Я на тваю адвагу ўжо ўчора нагледзеўся і цяпер проста табе кажу: пакінь Саковіча ў спакоі. Досыць і таго, што Багуслаў збіраецца ехаць на вайну, а я праз твае выхадкі дома застануся.
Стаброўскі насупіўся.
— Кожнаму сваё, сябар Ян, — сказаў злосна. — Не хвалюйся ты так. Даю слова, што як князь-гетман дазволіць Багуславу ехаць у лагер, дык паеду з ім і падстрэлю там пару шведаў замест цябе.
— Я цябе сам падстрэлю, як толькі ўстану на ногі, — паабяцаў Ян, ледзь не плачучы ад прыкрасці.
Слушныя словы Яна не пераканалі Стаброўскага, але помсту ўсё ж прыйшлося адкласці: скарга пана Набароўскага мела поспех, хоць і зусім не такі, як разлічваў пан Даніэль. Князь Крыштаф даслаў ліст, дзе строга аблаяў выхавальнікаў за тое, што не могуць справіцца з хлапчукамі і адцягваюць свайго патрона ад ваенных спраў такімі глупствамі. Саковіча выклікаў да сябе, але толькі таму, што ў ваеннай кампаніі не мог без яго абысціся. А на Багуслава нечакана звалілася шчасце:
«Калі ты ўжо такі ваяка дый да дзевак дападаеш, — пісаў пляменніку князь-гетман, — дык едзь з панам падваяводам у Інфлянты, панюхай пораху».
Зрэшты, гэта было сказана хутчэй для прыгожага слоўца, гетман прызначыў і сыну, і пляменніку месца ў абозе, і хутчэй склаў бы булаву, чым дазволіў бы некаму з іх рызыкаваць жыццём на полі бітвы. Багуслаў адбыў у ваенны лагер з цвёрдым намерам прымусіць дзядзьку змяніць рашэнне, але паваяваць так і не выйшла: польскія і французскія дыпламаты дамовіліся са шведамі. Рэч Паспалітая атрымала жаданы мір[64], і ў дзяржаве нарэшце запанаваў «залаты спакой».
64
Штумсдорфскі мір тэрмінам на 26,5 гадоў быў заключаны 12 верасня 1635 года паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай каля вёскі Штумсдорф у Прусіі.