ЧАСТКА 2
ІМПЕРСКІ ПРЫНЦ
Раздзел 1
ВАЙНА З ПАЛЯКАМІ
Вільня — Торунь — Варшава — Вільня
(чэрвень 1636 года — май 1637 года)
25 чэрвеня 1636 года на сойме, што праходзіў у сталіцы Вялікага Княства, князь Крыштаф перад каралём і панамі-дэпутатамі ўрачыста абвясціў пра паўналецце пляменніка. Багуслаў ад гэтага часу рабіўся паўнапраўным валадаром у сваіх маёнтках і самастойнай палітычнай фігурай, з якой павінны былі лічыцца і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Еўропе.
— Віншую, — урачыста сказаў Саковіч, калі, горды і шчаслівы Багуслаў наведаў яго пасля гэтай знамянальнай падзеі. — Цяпер ты, мон прэнс, сам сабе гаспадар. Страшна і сказаць: мой Богусь — князь і паўнапраўны ўладальнік Біржаў, Дубінак, Слуцка і Капыля! Ну, як цяпер пачуваецца твая княжацкая міласць?
— Мая княжацкая міласць зараз дасць пану падваяводу добрага штурхаля, калі той не змоўкне, — весела прыгразіў «найяснейшы князь».
Добра вымуштраваныя слугі пана Адама, убачыўшы Радзівіла, імгненна заставілі дубовы стол прысмакамі і напоямі, але ад радаснага ўзбуджэння ежа не лезла Багуславу ў горла. Узняўшы куфаль за здароўе гаспадара дома, ён адсунуў убок вялікую срэбную талерку і, не памятаючы сябе ад радасці, сказаў:
— Дзядзька настаяў, каб я прыняў справаздачу аб апецы. Літасцівы божа, у мяне пад трыста тысяч гадавога прыбытку!
Саковіч здзіўлена свіснуў:
— Я побач з табой, князь, зусім жабраком пачуваюся. І сумняюся, што нават кароль цяпер можа пахваліцца такімі прыбыткамі…
Багуслаў усміхнуўся.
— Паедзеш са мной і дзядзькам у Торунь?[65] — спытаў ён.
Легкадумны настрой у гэты святочны дзень, якога Адам чакаў з вялікім нецярпеннем, сыграў з панам падваяводаю злы жарт, і на прапанову князя ён адказаў звыклай крывой усмешкай.
— Няўжо ты, прасветлы князь, мяне ў сваю веру навярнуць хочаш? — спытаў ён, так добра паказаўшы спалох, што пазайздросцілі б нават акцёры каралеўскага тэатра. — Што каталіку рабіць сярод пратэстантаў?
Радзівіл, які чакаў не такога адказу, нахмурыўся, і яго чорныя бровы напружана выгнуліся.
— Хіба я табе пастар, каб у сваю веру навяртаць? — пасля доўгага маўчання сказаў ён. — Ды вер сабе, пан падваявода, хоць у Алаха, толькі будзь мне добрым сябрам і слугой!
Зразумеўшы недарэчнасць жарту, Адам паспрабаваў выправіцца.
— Паехаць не змагу, але не праз веру, а таму, што не варта віленскаму падваяводу пакідаць Вільню, калі там ёсць кароль, а сам ваявода ў ад’ездзе, — прымірэнча сказаў ён, жадаючы як мага выразней растлумачыць адмову. — А што буду служыць табе, мон прэнс, верай і праўдай, дык і на распяцці прысягну, паклянуся выратаваннем душы, толькі вось сам не веру ў тое, што ёй у райскую браму калісьці ўдасца зайсці.
З такімі рэчамі тым больш не варта было жартаваць, але Саковіч, які міжволі пасеяў у княжым сэрцы сумнеў у сваёй вернасці радзівілаўскім інтарэсам, зразумеў гэта занадта позна: Багуслаў, які ніколі не адмаўляў сабе ў задавальненні пасмяяцца разам з прыяцелем, нават не ўсміхнуўся, хоць прыроджаная дасціпнасць яму не здрадзіла і цяпер.
— Ты прысягай, не пераймайся, — холадна супакоіў ён Адама. — Я ў любыя клятвы веру яшчэ менш, чым ты ў ласку Госпада, ад якога наша выратаванне залежыць. Бо праўда за справамі, а не за словамі стаіць.
Зноў запанавала няёмкая цішыня. Саковіч у думках праклінаў свой язык і ўжо баяўся раскрыць рот, каб зноў не нагаварыць лішняга. Нарэшце, зразумеўшы, што за княжацкай настойлівасцю адносна паездкі стаіць нешта большае, чым звычайнае нежаданне надоўга расставацца з прыяцелем, і ўспомніўшы, што Багуславу час ехаць на вучобу ў Галандыю, — пра гэта ўжо даўно балбаталі на княжым двары — ён расхваляваўся.
— Я спадзяюся, ты ў Еўропу не з Торуні паедзеш?
— Не, — супакоіў яго князь. — Я хачу паехаць на сойм. Мабыць, ад ашмянскага староства — вядома, калі мясцовая шляхта дэлегуе маю высокую асобу. Паспрыяеш, пан ашмянскі падкаморы?
— Яшчэ пытаешся, — з палёгкай усміхнуўся Адам.
— Загадваю, — падміргнуў яму Радзівіл.
На гэты раз Саковіч ужо не стаў практыкавацца ў дасціпнасці і моўчкі пакланіўся. Але было позна: паміж гаспадаром і слугой нечакана пралягла расколіна — яшчэ ледзьве прыкметная, але ўжо небяспечная.
Паездка ў Торунь, дзе княжыч пазнаёміўся з уплывовымі пратэстантамі Рэчы Паспалітай і Прусіі, не забрала шмат часу. Урачыста пахаваўшы цётку Уладзіслава, лютэранку, якая праз супраціў каталікоў адзінаццаць гадоў пасля смерці чакала месца свайго апошняга спачынку, Багуслаў разам з дзядзькам вярнуўся ў Вільню. Князь Крыштаф меў намер узяць удзел у апошніх пасяджэннях сената, на якім вырашалася пытанне аб шлюбе караля. Зрэшты, толку ад такой спешкі было няшмат. Паколькі евангелічка Лізавета, інтарэсы якой рашуча абараняў літоўскі гетман, адмовілася пераходзіць у каталіцтва, а Папа не захацеў даваць дазвол на шлюб караля з ерэтычкай, сенатары ахвотна адкінулі яе кандыдатуру. Яны падзяліліся на два лагеры вакол аўстрыйскага і французскага паслоў, якія спаборнічалі ў шчодрасці, агітуючы яснавяльможных паноў адпаведна за дачку аўстрыйскага імператара Фердынанда ІІ Цэцылію Рэнату і Марыю Луізу Ганзага, што выхоўвалася пры французскім двары. Ці то аўстрыяк быў шчадрэйшы, ці то выйшлі вонкі інтрыгі Рышэлье, які, жадаючы ўдзелу Рэчы Паспалітай у Трыццацігадовай вайне на баку каталіцкага лагера, уцягнуў яе ў апошнюю вайну з Масквой і амаль нацкаваў на палякаў турэцкага султана[66], але пасля бурных абмеркаванняў перамагла аўстрыйская прынцэса. Кароль мог спакойна вяртацца дадому, і загадаў рыхтавацца да ад’езду…
65
Гаворка ідзе аб пахаванні лютэранскай цёткі караля Уладзіслава Ганны Вазы (1568–1625), якое зладзіў князь Крыштаф, ператварыўшы гэтую падзею ў з’езд пратэстантаў Рэчы Паспалітай, Прусіі і нямецкіх княстваў.