Выбрать главу
х х х

У той пагодны вераснёўскі дзень Вільня дыхала святам. Пакуль каралеўская чэлядзь сканчала складаць на вазы каралеўскія рэчы, якіх, з улікам працяглага перабывання Уладзіслава ў літоўскай сталіцы, назбіралася нямала, ніхто не адмаўляў сабе ў задавальненні выпіць за здароўе караля і за яго шчаслівае падарожжа ў Польшчу. Мёд-піва ў шынках лілося ракой! Спектаклі вулічных пацешнікаў на гарадскіх плошчах збіралі натоўпы. Разявакі, чакаючы каралеўскі поезд, бавілі час, назіраючы за выкрутамі канатаходцаў, якія, рызыкуючы жыццём, хадзілі па нацягнутых над вуліцай вяроўках. Вулічныя камедыянты, паважна шпацыруючы на хадулях сярод здзіўленага іх адвагай натоўпу, жанглявалі запаленымі паходнямі, а затым, стаўшы нагамі на зямлю, весела змагаліся з вучонымі мядзведзямі. Разумныя звяры падскоквалі пад гукі самаробных дудак, а пасля прадстаўлення на задніх лапах абыходзілі гледачоў, збіраючы з іх плату на вячэру сабе і сваім гаспадарам. Ва ўмелых руках вандроўных акцёраў-батлейшчыкаў ажывалі лялькі, весялілі натоўп падрабязнасцямі жыцця каралеўскага двара. Хоць гэтыя прадстаўленні і закраналі годнасць манарха, бо тычыліся яго амураў з Ядвігай Лушкоўскай, ніхто з гарадскіх ураднікаў не збіраўся бараніць каралеўскі гонар, «калі сам кароль пра яго не клапоціцца». Святкаваў не толькі просты люд — літоўскія паны адзін перад адным спяшаліся даць урачыстыя развітальныя абеды для высокіх гасцей. Самым шчодрым быў літоўскі рэферэндарый[67] Марцыян Трызна, у якога за сталом гулялі і князь Крыштаф з сынам Янушам, і біскуп віленскі Абрахам Война, і яшчэ два дзясяткі яснавяльможных гасцей.

Баляванне было ў разгары, калі прыскакаў каралеўскі ганец з паведамленнем, што прыбыў ліст з Масквы, і кароль жадае разгледзець яго з сенатарамі да свайго ад’езду. Праклінаючы няветлівасць маскавітаў, што няўчасна сапсавалі добры абед, яснавяльможныя паны адставілі чаркі і звілістым ланцужком пацягнуліся да каралеўскага палаца.

Кароль сустрэў паноў сенатараў у таварыстве князя Альбрэхта Радзівіла і Лукаша Апалінскага, якія з самай раніцы былі ў яго вялікасці, таму, вядома, ні кроплі віна, ні крошкі ў роце не мелі і незадаволена скрывіліся, убачыўшы залішне бліскучыя вочы і расчырванелыя твары больш шчаслівых калег.

— Дакладай, мабыць, ты, пан ойча Гэмбіцкі, — звярнуўся Уладзіслаў да кароннага падканцлера, калі сенатары занялі свае месцы і падрыхтаваліся слухаць.

Падканцлер раскрыў рот, каб пачаць, але яго спыніў віленскі біскуп Война.

— Я прашу прабачэння ў вашай вялікасці, але дакладваць павінен літоўскі міністр, — заявіў ён. — Мы, як-ніяк, у Літве сядзім.

Усе літвіны як адзін ухвальна загулі.

— Яго правялебнасць праўду кажа, — падтрымаў Абрахама Войну і князь Крыштаф. — Да таго ж, абмяркоўваць маем адносіны з Масквой, якія Літвы больш за ўсё тычацца…

— Як ты, княжа, можаш дакладваць, калі мы з табой за адным сталом елі і пілі і аб маскоўскім лісце нічога не ведаем? — умяшаўся смаленскі ваявода Гасеўскі.

У яго з літоўскім гетманам даўно склаліся вострыя адносіны, якія падчас Смаленскай вайны перараслі ў адкрытую варожасць.

— Я не пра сябе кажу, а пра князя-канцлера! — тут жа ўспыхнуў Крыштаф. — А ты, ваявода, калі налізаўся да свінога рохкання, дык сядзі сабе ціха і не баламуць людзей!

вернуться

67

Рэферэндарый — службовая асоба ў Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. Рэферэндарый займаўся прыёмам скаргаў ад прыватных асоб і даводзіў іх да ведама канцлера, які, у сваю чаргу, знаёміў з іх зместам караля і вялікага князя. Пасля вынясення рашэння рэферэндарый абвяшчаў яго зацікаўленай асобе.