Убачыўшы, што Гасеўскі ўхапіўся за шаблю, да іх кінуўся каронны маршалак Апалінскі.
— Яснавяльможныя, гэта пасяджэнне сената, а не святочны баль! — закрычаў ён. — Калі хто хоча прамаўляць, вазьміце слова…
— Хай дакладвае князь-канцлер Радзівіл! — аднагалосна зараўлі літвіны. — Закон і традыцыя так загадваюць!
— Я сказаў, што дакладваць будзе біскуп Гэмбіцкі! — страціў цярпенне Уладзіслаў.
Князь Альбрэхт пакрыўдзіўся, але змаўчаў. А віленскі біскуп маўчаць не стаў.
— Божа міласэрны! — працягнуў ён рукі да неба. — Палякі зусім сумленне страцілі, што нам, літвінам, ва ўласным доме раты затыкаюць. А хай гром нябесны ўпадзе на вашыя галовы!
Да Абрахама Войны кінуўся Гэмбіцкі і яшчэ сёй-той з палякаў. Пасля ўмяшання духавенства пасяджэнне сената канчаткова ператварылася ў гармідар.
— Палякі хочуць зрабіць з Літвы польскае ваяводства! — крычалі адны.
— Ды не дачакаюцца таго! — раўлі іншыя.
— Цішэй, панове! — надрываўся Апалінскі, пляскаючы ў ладкі, нібы вядзьмак, які разганяе злых духаў. — Я, як маршалак, патрабую цішыні!
— То я прашу слова! — так гучна гаркнуў князь Крыштаф, што перакрычаў усіх пратэстуючых разам.
Апалінскі азірнуўся на караля. Уладзіслаў паціснуў плячыма і, баючыся, што маршалак не так зразумее яго знак, хуценька дадаў:
— Не давай яму слова, шаноўны пане, бо Радзівіл з Гасеўскім як счэпяцца, іх потым усё каралеўства мірыць будзе і не памірыць.
І адразу махнуў слугам, каб неслі яго ў касцёл святога Казіміра, дзе меўся адбыцца ўрачысты малебен за яго шчаслівае вяртанне ў Варшаву. Кароль не мог стаць на хворыя ногі, бо пакутаваў ад падагры. Пан Апалінскі абвясціў, што пасяджэнне закрытае, і сваім умяшаннем толькі дадаў жару. Князь Крыштаф, які не заўважыў каралеўскіх знакаў, смяротна пакрыўдзіўся за такую непавагу.
— Калі кароль не рассудзіць, я пакажу, як затыкаць рот віленскаму ваяводу! — загрымеў ён. — Дык вось як нас, літвінаў, у самой Літве палякі паважаюць! Не Радзівіл з Апалінскім, а ваявода з маршалкам хоча рассудзіцца. Хай сарвецца — і не раз — сойм, але даб’емся сенатарскай павагі, будзем пры вольнасцях, бо дэспатычнаму панаванню Літва не скорыцца!
Маршалак, што пайшоў за каралеўскімі насілкамі, таксама агрызнуўся ў адказ. І, так пералайваючыся, урачыстая працэсія рушыла ў касцёл. Па дарозе да яе далучыўся і Януш, што чакаў бацьку. Выпітае на балі віно дало ў галаву маладому князю, і, пачуўшы, што адбылося, ён так абурыўся несправядлівасцю ў дачыненні да бацькі і дзядзькі, што гучна абвясціў вайну палякам, і перш за ўсё — Апалінскаму з Гэмбіцкім.
— Такой знявагі не можа знесці народ літоўскі! — крычаў ён, не звяртаючы ўвагі на сяброў, якія спрабавалі яго супакоіць. — О, прыйдзе такі час, калі палякі і ў дзверы не трапяць, праз вокны іх будзем выкідаць![68]
Гэтыя бурныя прамовы суправаджалі караля да самага касцёла. Пераступаць парог каталіцкага храма дысідэнты не сталі — павярнулі назад, скардзячыся на сваю бяздольнасць. За іх усіх, у рэшце рэшт, адплаціў віленскі біскуп, які асабіста служыў імшу і ці то наўмысна, ці сп’яну зацягнуў «Te Deum»[69]. Пакрыўджаны Уладзіслаў, які ўспрыняў гэты недарэчны спеў як выказванне радасці з нагоды яго ад’езду, неадкладна пакінуў і касцёл, і Вільню.
Аднак з ад’ездам караля гэтая справа не скончылася. Пакрыўджаныя падканцлер і маршалак шумелі на ўвесь двор, патрабуючы для дысідэнтаў суровай кары, і даказвалі, што іх словы сведчылі аб злачынным намеры разарваць унію[70].
— Гэта былі толькі п’яныя размовы, — даводзіў князь Альбрэхт, гэтым разам стаўшы на абарону пратэстанцкіх сваякоў. — Хіба варта разумным людзям звяртаць на іх увагу?
— Не кажы, князь, — сказаў Апалінскі. — Што ў цвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку…
Маршалак паспрабаваў выставіць гэтую справу як абразу караля. Уладзіслаў, не жадаючы сваркі з Радзівіламі, палічыў за лепшае заплюшчыць вочы на ўсё, што адбылося, але, каб сцішыць злосць каронных ураднікаў, забараніў Янушу з’яўляцца на каралеўскі двор. Малады князь напляваў на гэтыя забароны і, дагнаўшы караля па дарозе ў Варшаву, папрасіў прабачэння, патлумачыўшы, што ягоны выступ не тычыўся караля, а быў накіраваны толькі супраць «неразумных сенатараў». «Неразумныя сенатары», аднак, патрабавалі выбачэнняў ад абодвух Радзівілаў, на што ніхто з іх, вядома, не хацеў пагадзіцца. Князь Крыштаф якраз захварэў, абвясціўшы, што нават здаровы не прасіў бы прабачэння. Януш даказваў, што яго ўжо пакаралі адлучэннем ад двара. У рэшце рэшт кароль, незадаволены празмерным розгаласам гэтай справы, якая пагражала грамадзянскай вайной, загадаў перадаць літоўскаму падкамораму, што не злуецца, і калі б гэты выпадак закранаў толькі яго, «не толькі дазволіў бы Радзівілу вярнуцца да двара, але і таго жа вечара з ім напіўся б». Князь пагадзіўся прыняць публічную натацыю, але такую, якая б не закранула яго гонару. «Такою трагедыяй, — потым скардзіўся бацьку Януш, — гэтая камедыя і скончылася», але рэзкія словы маладога князя надоўга захаваліся ў памяці палякаў.
68
Намёк на чэшскае паўстанне 1618–1620 гадоў, з якога пачалася Трыццацігадовая вайна 1618–1648 гадоў. Паўстанне было выклікана наступам Габсбургаў на палітычныя і рэлігійныя правы насельніцтва Чэхіі, якая яшчэ захоўвала некаторую самастойнасць у складзе Габсбургскай імперыі. 23 мая 1618 года чэшскія патрыёты паказальна выкінулі з акна Пражскага граду габсбургскіх «намеснікаў» у Чэхіі — каталікоў Я. Марцініца і В. Славату.
70
Люблінская унія (1 ліпеня 1569 года) — пагадненне паміж Польскім каралеўствам і Вялікім Княствам Літоўскім, паводле якога яны аб’ядноўваліся ў адзіную дзяржаву Рэч Паспалітую.