Пакуль кузэн «ваяваў» з палякамі, Багуслаў як добры гаспадар прыбіраў да рук сваю велізарную спадчыну: Слуцкае і Капыльскае княства з сямю гарадамі і трыма дзясяткамі маёнткаў, значныя зямельныя ўладанні паблізу Менска, Наваградка і Ліды, а таксама багатыя маёнткі ў Кароне і на Падляшшы. Князь Крыштаф быў выдатным адміністратарам і вярнуў пляменніку маёнткі ў бездакорным стане, за што Багуслаў не пераставаў яму дзякаваць. Цяпер юны Радзівіл стаў адным з найбуйнейшых землеўласнікаў Рэчы Паспалітай. Мяняць у сваіх уладаннях князь нічога не жадаў, толькі пацвердзіў сваёй воляй дзядзькавы загады і, пакінуўшы на месцах раней пастаўленых князем Крыштафам ураднікаў, папрасіў гетмана па-ранейшаму прыглядаць за імі, на што той даў згоду. Да маладога патрона адзін за адным пацягнуліся радзівілаўскія кліенты, каб засведчыць яму вернасць і гатоўнасць служыць. Больш за ўсіх запомніўся Багуславу віленскі падстолій[71] Ян Сасноўскі — волат з чырвоным суровым тварам і непрыгожымі вачыма ў чырвоных пражылках, якога князь-гетман рэкамендаваў пляменніку як адважнага афіцэра і карыснага ўрадніка, а пан Саковіч характарызаваў як чалавека, які ўмее з карысцю для сябе абыходзіць усе божыя запаветы. Той так настойліва прапаноўваў патрону свае паслугі, што Радзівіл, каб пазбавіцца залішне заўзятага слугі, хутка даў яму асаблівае даручэнне.
— Калісьці пан Саковіч распавядаў мне пра адзін звычай, які, можа, і дзіўны для нашых краёў, але зусім не кепскі. Хачу ўвесці яго і ў сваіх уладаннях, — пачаў гаварыць князь, але, убачыўшы, што пан Сасноўскі ўсім сваім выглядам дэманструе гатоўнасць да службы, пакінуў цырымоніі. — То, пане падстолій, абяры сярод маіх падданых ладных хлопцаў, якія хацелі б служыць у маім войску і сваім сынам той жа долі жадалі б, і ад майго імя абяцай ім, што за гэта я кожнаму дам надзел зямлі і назаўсёды вызвалю ад усіх павіннасцей, акрамя вайсковай. Падбяры ім дзевак для агледзін — здаровых і моцных, — а калі з добрай волі якую нейкі хлопец абярэ, то пасаг ёй зрабі з маіх уласных сродкаў. Ты ўсё зразумеў?
— Вядома, найяснейшы князь, — запэўніў пан Ян, які, як і належала добраму слугу, нічым не выдаў здзіўлення. — Усё зраблю як трэба… Слава богу, што гетманская булава рана ці позна апынецца ў годных руках! — лісліва сказаў ён і нізка пакланіўся.
Да вялікага здзіўлення пана Сасноўскага, яго заўвага не зрабіла належнага ўражання на Радзівіла, які ўжо стаміўся ад салодкіх слоў.
— Што ж, тады ідзі і выконвай… Я буду памятаць пра цябе, — паабяцаў князь, падумаўшы, што забыць гэтага чырвоначубага здаравяка сапраўды будзе цяжка.
Акрамя залішне руплівых слуг, хапала і шляхецкіх просьбітаў. Адзін з іх — паважаны радзівілаўскі кліент пан Цадроўскі — вельмі прасіў Багуслава ўзяць аднаго з яго сыноў у свой почат.
— Колькі іх у цябе, шаноўны пане? — асуджана ўздыхнуў Радзівіл, бо зразумеў, што абавязкі патрона не такія вясёлыя.
— Двое, прасветлы князь, — азваўся шляхціц. — Ян і Стэфан.
— Магу і абодвух узяць, калі спадабаюцца, — сказаў князь, бо меў патрэбу ў добрых слугах.
— Не, ваша княжацкая міласць, абодвух ніяк нельга, — спалохаўся Цадроўскі. — Аднаго мне трэба дома пакінуць.
— Кліч, — вырашыў Багуслаў. — Я сам выберу.
Задаволены шляхціц вызірнуў за дзверы, і праз імгненне на парозе ўсталі двое яго сыноў-блізнят. Ім было гадоў па дваццаць. Зірнуўшы на аднолькавыя твары маладых шляхціцаў, Радзівіл не змог стрымаць усмешкі.
— Ну, хто з вас Ян? — весела спытаў ён.
Адзін са шляхціцаў, пакланіўшыся, выступіў наперад.
— Значыць, ты — Стэфан? — кіўнуў іншаму Багуслаў.
Стэфан таксама пакланіўся.
— Дзе вучыліся?
— У Каралявецкім універсітэце, а затым у Кракаўскай акадэміі, — за дваіх адказаў Ян.
— Sprechen Sie Deutsch?[72]
— Ja, sage ich,[73] — зноў азваўся Ян.
— Добра… Ну, каму з вас яшчэ вучоба не надакучыла? Я ў такіх людзях маю патрэбу, што са мной і на вучнёўскую лаву сядуць, і ў бой пойдуць, калі прыйдзецца.
71
У Вялікім Княстве Літоўскім — ганаровая прыдворная пасада, вядомая з сярэдзіны XV стагоддзя. Стольнік, які кіраваў сервіроўкай стала і абслугоўваннем трапезы вялікага князя, меў падначаленых — падстоліяў. Пазней пасады стольніка і падстолія сталі намінальнымі, гэта значыць не звязанымі з выкананнем пэўных абавязкаў.