Але на гэтым, здавалася, цноты пана Пуцяты і скончыліся. Да сваіх абавязкаў ён ставіўся залішне старанна, прыдзіркамі даводзіў слуг да слёз, усюды сунуў нос, а яшчэ (адзіны з усіх радзівілаўскіх слуг) атрымаў ад князя-гетмана права прызначаць пакаранне свайму выхаванцу.
Перш-наперш пан Самуэль знайшоў княжычу настаўніка — пастара Дземітровіча. Гэты выбар ухваліў і князь Крыштаф, які, нягледзячы на неверагодную занятасць, хацеў асабіста сачыць за выхаваннем пляменніка. Пад пільным наглядам пастара Богусь сеў за кнігі. Навукі даваліся яму лёгка — на вялікае дзядзькава здзіўленне, бо ні ён сам, ні ягоны сын не мелі да вучэння вялікай ахвоты. Назіраючы, як пляменнік упарта штудзіруе катэхізіс, літоўскі гетман, што ўсім сэрцам прыкіпеў да малога, мармытаў сам сабе:
— Нямецкая кроў, чорт яе бяры… Ці гэта ад Астрожскіх?[17] Тыя таксама любілі сляпіць вочы над прамудрымі фаліянтамі. Чуе маё сэрца, як вырасце, дык будзе яшчэ большы мудрэц за князя-канцлера Альбрэхта.
Але, скончыўшы ўрок, малы спрытна ўскокваў на падоранага дзядзькам поні ды выхопліваў з похваў цацачную шаблю або, узброіўшыся лукам, ладзіў паляванне на крумкачоў, што абсядалі радзівілаўскі дом у Даляцічах, куды княжацкі двор пераехаў з бурлівай Вільні. І гетман, пільным ваярскім вокам згледзеўшы ў пляменніку выдатныя рыцарскія здольнасці, усцешана вымаўляў:
— Радзівіл, хай там хоць што хочуць кажуць… Радзівіл!
А бяда тут як тут: у канцы 1629 года пры родах памерла княгіня Сафія Лізавета, пакінуўшы сіротамі Багуслава з сёстрамі і іх зводнага гадавалага брата Франца Германа.
Раней Багуслаў лічыў дні, пакуль зможа паехаць у Саксонію і наведаць родных. Але, пачуўшы страшную навіну, зачыніўся ў спальні, не выходзіў адтуль і не адгукаўся, нягледзячы на ўсе заклікі разгубленых слуг. На другія суткі занепакоены пан Пуцята прыдумаў залезці ў пакой праз акно, што і зрабіў, махнуўшы рукой на цырымоніі і пашану да статусу. Акно было занадта цеснае, і сытае чэрава выхавацеля засела ў ім, як добра падагнаны корак у бочцы з віном. У дадатак лесвіца, па якой пан маршалак узлез, звалілася ўніз. Спалоханы чалавек завіс паміж небам і зямлёй, учапіўшыся рукамі ў раму, якая ўжо пагрозліва трашчала.
Богусь падышоў да акна, крадком выціраючы вочы рукавом кашулі. Схапіўшы за руку пана Самуэля, хлопец з вялікай цяжкасцю ўцягнуў яго ў пакой.
— Чаму ты не даеш мне спакою, пан Пуцята? — спытаў ён, калі абодва трохі аддыхаліся. — Яж сказаў, што хачу пабыць у адзіноце.
— Не цяпер, — сказаў той. — Ваша княжацкая міласць ужо прапусцілі ўчорашнія абед і вячэру. Сёння прапусціце і сняданак, а я не магу дазволіць, каб вы зноў засталіся галодным.
Не звяртаючы ўвагі на пратэсты прынца, ён падышоў да дзвярэй, адчыніў іх і загадаў слугам неадкладна накрываць на стол.
Багуслаў паеў, але без ахвоты. Чорная меланхолія апанавала заўсёды вясёлага ды гаваркога хлопца і паглынала яго знутры, нібы полымя — сухія дровы ў шматлікіх камінах княжацкага палаца. Пан Пуцята глядзеў на гэта і ціха ўздыхаў.
— Не тое каб я асуджаў князя-гетмана, але кепска ён прыдумаў, калі асіраціў пляменніка пры жывой матцы, — сказаў ён пану Набароўскаму. — А калі збіраўся так зрабіць, дык трэба было браць яго ў Літву яшчэ немаўляткам, а не тады, калі нямецкае выхаванне дзіцяці ўжо ў душу ўрэзалася, а разлука з роднымі сэрца разбіла.
— Гэта не дзіця, а міласцівы князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, — усміхнуўшыся, запярэчыў пан Даніэль.
— Вось і растлумач зараз «міласціваму князю», што гэтыя гучныя замежныя тытулы, перад якімі схіляецца Еўропа, тут, у Рэчы Паспалітай, нічога не вартыя, — адрэзаў Пуцята. — І што ён такі ж падданы нашага караля, як ты, я і сам князь-гетман, бо толькі з каралеўскай волі булаву ў руцэ трымае… Мы, вядома, можам навучыць нашага «міласцівага князя» польскай мове, але паляка з яго ніколі не зробім.
Пан Самуэль любіў пабурчэць, але, кажучы так, ён усё ж не перашкаджаў пастару лячыць зраненую душу выхаванца гаючымі казанямі. А калі слова Божае чаканай палёгкі так і не прынесла, пан маршалак узяўся за справу сам. Не даючы княжычу ні хвіліны для суму, Пуцята займаў увесь яго час рыцарскімі забавамі і муштрой. Зразумела, што Радзівілу было не да весялосці і ўсе забавы праходзілі без патрэбнага запалу і жадання, але выхавацель не адступаўся. Прыходзіў да хлопца на досвітку, быў з ім цэлы дзень, прыдумляючы новыя і новыя заняткі, і сыходзіў, калі Богусь быў такі знясілены ад стомы, што адразу ж засынаў, ледзь галава краналася падушкі…
17
Маці бацькі Багуслава, князя Януша Радзівіла, была Кацярына Астрожская, дачка «некаранаванага караля Русі», князя Канстанціна Васіля Астрожнага (1526–1608).