— І яшчэ адно. Януш… ён гарачы і запальчывы вельмі. Ты больш разважлівым будзеш. Прашу цябе, што б у жыцці ні здарылася, абяцай мне, што брата падтрымаеш і крыўды паміж вамі не будзе.
— Клянуся.
— Тады з богам!
Князь яшчэ раз абняў пляменніка, ускочыў на каня і, не азіраючыся, паімчаў назад у Вільню.
Правёўшы дзядзьку поглядам, Багуслаў сеў у карэту, дзе яго з нецярпеннем чакалі Стаброўскі з Невяроўскім, і дастаў загадзя прыгатаваны мех віна і вузел з ласункамі.
— Ну што, панове, — абвясціў ён, перадаючы прыпасы таварыству, якое сустрэла гэты шчодры жэст апладысментамі. — За выдатную і вясёлую будучыню!
Раздзел 2
ПРЫГОДЫ ПАЧЫНАЮЦЦА
Гданьск — Шчэцін — Трыбзес — Штральзунд — Гронінген
(жнівень — лістапад 1637 года)
Добры ад’езд — яшчэ не зарука шчаслівай дарогі. У справядлівасці гэтага сцвярджэння Багуслаў і яго спадарожнікі пераканалася ўжо ў Гданьску. Адтуль вандроўнікі меркавалі адплыць гандлёвым суднам да Любека, а там ехаць па сушы ў Нідэрланды, наведаўшы дарогай нямецкіх сваякоў князя. Але калатнеча з выплатай гандлёвага мыта паміж гданьцамі і каралеўскімі ўраднікамі прывяла да таго, што купецкія караблі баяліся заходзіць у порт, а тыя адчаюгі, што рашаліся выпрабаваць лёс, рабіліся закладнікамі. Падарожнікі два месяцы нудзіліся ў горадзе, чакаючы прыдатнага судна. А калі такое нарэшце знайшлося і выйшла ў мора, дык трапіла ў моцны шторм, які насіў іх па хвалях аж восем дзён. Ветразі былі безнадзейна сапсаваныя, і капітан аддаў загад вяртацца ў Гданьск. Праклінаючы ўсё на свеце, Радзівіл з таварышамі сышлі на бераг, ледзь трымаючыся на нагах.
— Я думаў, што канец прыйшоў, — мармытаў Стаброўскі і хутка вывернуў сабе пад ногі ўсё змесціва страўніка, запырскаўшы боты Невяроўскаму, за што і атрымаў добрага штурхаля ад зялёнага як трава Яна.
Пан Пуцята хацеў спыніць сварку, але млоснасць, што падступіла да горла, перашкодзіла, ды і ў змучаных юнакоў не было сіл біцца далей.
— Не, морам я больш не паплыву, — заявіў Багуслаў, які таксама трымаўся за жывот.
— А вашай княжацкай міласці гэта і не ўдасца, — трохі аддыхаўшыся, паведаміў Пуцята. — Капітан кажа, што карабель патрабуе доўгага рамонту…
Няшчасныя вандроўнікі таксама мелі патрэбу ў адпачынку і некалькі дзён прыходзілі ў сябе, а потым зноў паўстала пытанне, як падарожнічаць далей. У мірныя часы прасцей, вядома, было сушай, аднак цяпер падарожжа праз ахопленую вайной Памеранію, праз шведскія і аўстрыйскія войскі, здавалася самагубствам. І ўсё ж князь, стаміўшыся сядзець на месцы, гатовы быў рашыцца і на гэты адчайны крок.
— Я, пан Пуцята, так разумею наша становішча, — зазначыў Багуслаў, — што трэба альбо любой цаной рухацца наперад, або вяртацца з ганьбай дадому, на што я пагадзіцца не магу, — рашуча падкрэсліў ён, заўважыўшы, што выхавацель сабраўся пратэставаць. — Я напішу шведскаму губернатару Шчэціна і атрымаю ў яго пашпарт для далейшага падарожжа.
— Як можна? — спалохаўся пан Самуэль. — Да Шчэціна ж тры сотні міль, і дзе ж гэта бачана, каб з такой колькасцю людзей і рэчаў лезці проста ваўку ў пашчу! Не дай бог, яшчэ на марадзёраў нарвемся. Для разбойнікаў і шведскім пашпартам, і каралеўскім рэкамендацыям — адна цана… А выдаткі?! Ды такое падарожжа будзе каштаваць дзесяць з паловай талераў[74] з асобы! І гэта яшчэ без аплаты аховы, якую, з улікам небяспекі, трэба будзе павялічыць удвая!
— Я вазьму з сабой толькі тых людзей, якія добра трымаюць зброю і захочуць са мной жыццём рызыкнуць, — адрэзаў князь. — А з рэчаў — толькі самыя неабходныя. Паедзем у паштовых карэтах, калі трэба, дык і інкогніта, каб дарма не траціцца на ганаровыя бразготкі. А хто не прыме маю прапанову, няхай вяртаецца дадому. Гэта ўсё.
Шляхціцы, аднак, усе як адзін пагадзіліся ехаць далей. Пан Пуцята, зразумеўшы, што апошняя агаворка тычыцца і яго, пакінуў свае адгаворы, молячы неба, каб губернатар падарожную не даслаў. Неба было на баку Багуслава, таму, атрымаўшы чаканы пашпарт, ён адправіў вялікую частку рэчаў і некаторых са слуг дадому, а сам, наняўшы дзве паштовыя карэты і дадатковы ваенны эскорт для аховы ды заклікаўшы бога на дапамогу, адправіўся ў дарогу…
Нягледзячы на ўсе асцярогі пана Пуцяты, у Шчэцін яны прыбылі без прыгод. Адтуль князь, не губляючы часу, паспяшаўся ў Любек, спадзеючыся неяк праскочыць міма шведскіх і аўстрыйскіх войск, якія набліжаліся да горада. Але дзе там…
— Што я пачуў! — засопшыся, выдыхнуў Цадроўскі, што як віхор заляцеў у прыдарожную карчму, дзе начавалі нашы вандроўнікі.
74
Назва срэбных манет, якія былі ў абароце на тэрыторыі Свяшчэннай Рымскай імперыі. Талеры ўтрымлівалі ў сярэднім 29,5 г срэбра. Няцяжка падлічыць, што падарожжа Радзівіла каштавала нямала.