Выбрать главу

Таварыства снедала, ляніва рухаючы яшчэ соннымі сківіцамі, бо ўсе прачнуліся на досвітку, каб хутчэй адправіцца ў дарогу: надоўга спыняцца ў гэтых ахопленых вайной краях было б вельмі неразумна.

— Ян, за табой шведы гоняцца або, можа, а-а-аўстрыйцы? — пазяхнуў Багуслаў, адгрызаючы кавалак смажанай каўбасы. — Што здарылася?

— Урангель…[75] Урангель ноччу стаў лагерам пад Грэйфсвальдам, — хутка загаварыў шляхціц. — Калі паедзем далей, праз тры-чатыры гадзіны трапім яму ў рукі! А напярэймы шведам з-пад Макленбургу ідзе велізарнае аўстрыйскае войска! Мяне пра гэта адзін купец папярэдзіў, які ехаў па справах і наткнуўся на ўрангелевых жаўнераў. Усё, што было, у небаракі забралі, добра, што хоць жывога пусцілі. Трэба вяртацца ў Шчэцін, бо і з намі тое самае будзе!

Пачуўшы гэта, усе прысутныя падхапіліся на ногі.

— Я так і ведаў, што апынёмся паміж двух агнёў! — не змаўчаў пан Пуцята, кінуўшы выразны погляд на Багуслава, які па-ранейшаму сядзеў. — Што ж цяпер рабіць?

Радзівіл нядоўга разважаў.

— Я думаю, нам бяспечней падарожнічаць пад шведскай аховай, — вырашыў ён і не стрымаў усмешкі, гледзячы на свой спалоханы почат.

— Пан Цадроўскі, сядзь і падсілкуйся трохі, я не ведаю, якімі стравамі нас Урангель пачастуе.

Ян так і сеў, дзе стаяў. Яго таварышы засталіся стаяць, не зводзячы вачэй з Радзівіла. Стаброўскі нервова рагатнуў, думаючы, што князь жартуе. Але той і не думаў смяяцца.

— Што ваша міласць хоча гэтым сказаць? — закаціў вочы выхавацель.

— Наведаем старога Урангеля і ўбачым, ці сапраўды ён такі добры ваяка, як пра яго кажуць, — патлумачыў сваю задуму Багуслаў. — Не бойся, пане Пуцята, — засмяяўся ён, бо рука выхавацеля пацягнулася да сэрца. — Хіба я не Радзівіл? Хіба не князь Свяшчэннай Рымскай імперыі? Ды шведскі фельдмаршал ад радасці скакаць будзе, для яго гэта гонар… Да таго ж, дзядзька раіў мне наведаць гэтага старога ваўка, калі будзе нагода, — дадаў ён. — І, шчыра кажучы, нам нічога больш не застаецца, як толькі выканаць яго пажаданне.

Імя князя Крыштафа зрабіла сваю справу, і пан Пуцята без лішніх слоў прыняў план Радзівіла, у глыбіні душы спадзеючыся, што купец нешта наблытаў і сустрэчы са шведскім войскам удасца пазбегнуць. Вандроўнікі паехалі далей, і ўжо пад Трыбзесам іх спыніў шведскі раз’езд. Камандзір зрабіў знак выйсці з карэты, пан Пуцята і шляхціцы так і зрабілі, а Багуслаў нават не зварухнуўся.

— Та mig fan![76] Я загадаў выйсці з карэты! — вылаяўся афіцэр, зазіраючы ўсярэдзіну.

— Ветлівей, ты не з роўняй гаворыш, — перасцярог яго Радзівіл.

Наткнуўшыся на цвёрды погляд юнага князя, афіцэр прыкусіў язык і павярнуўся да таварыша, які размаўляў з панам Пуцятам.

— Хто такія? — спытаў ён.

Пан Самуэль моўчкі працягнуў яму дарожны пашпарт ад каменданта Шчэціна. Глянуўшы ў яго, швед гучна свіснуў і азірнуўся на Багуслава.

— Прашу вашу светласць мне выбачыць, — злёгку пакланіўся і развёў рукамі: — Вайна!

Афіцэр сам узяўся суправаджаць падарожнікаў у шведскі лагер. Як і меркаваў Багуслаў, зірнуць на высокага госця сабралася ўсё шведскае камандаванне. Славуты фельдмаршал Герман Урангель аказаўся грубым пяцідзесяцігадовым мужчынам, а яго брутальныя звычкі сведчылі пра дрэннае выхаванне. Але Радзівіла ён сустрэў прыязна, адпусціўшы некалькі кампліментаў і самому князю, і яго сваякам, асабліва князю Крыштафу, з якім яму давялося сустракацца і на полі бою, і на дыпламатычнай ніве, падпісваючы мір у Штумсдорфе, а потым і пры святочным стале з гэтай нагоды.

— Добра, добра прыціснуў нас князь-гетман у Інфлянтах, — зычліва гудзеў ён, частуючы вячэрай нечаканых гасцей. — Калі б вайна доўжылася яшчэ трохі, Швецыя б і Рыгі не ўтрымала, бо радзівілаўскай… то бок літоўскай стала б…

Гэта была шчырая праўда, і літвіны пачалі горда падкручваць вусы, а пан Рэйнольд, якому моцнае піва ўдарыла ў галаву, нават адкрыў рот, каб шчыра абурыцца і круцельствам французскіх ды шведскіх дыпламатаў, якія давялі да падпісання нявыгаднага для Вялікага Княства мірнага пагаднення, і глупствам палякаў, якія пагадзіліся на іх умовы. Але Багуслаў моцна сціснуў яму руку пад сталом. Юнаму князю хапіла мудрасці не звяртаць увагі на зачэпкі шведаў і згладжваць іх узважанымі жартамі і заслужанымі кампліментамі шведскаму войску і яго адважным генералам.

Пазнаёміўся Багуслаў і з сынам фельдмаршала — маладым капітанам кавалерыі Карлам Густавам[77]. Той узяўся паказаць дапытліваму госцю шведскі лагер, а пасля вячэры зладзіў князю і яго почату начлег у прыстойным намёце. Такая гасціннасць, зрэшты, была тыповай для таго часу, выхадцы з радавітых сем’яў, жадаючы паспрабаваць ваеннай удачы, часта наведвалі той ці іншы ваенны лагер, каб паваяваць пад рукой вядомага палкаводца.

вернуться

75

Герман Урангель (1587–1643) — шведскі фельдмаршал, генерал-губернатар шведскіх Інфлянтаў.

вернуться

76

Чорт пабірай! (швед.)

вернуться

77

Граф Карл-Густаў Урангель (1613–1676) — знакаміты шведскі адмірал і фельдмаршал, удзельнік і пераможца шэрагу бітваў часоў Трыццацігадовай вайны і польскага «Патопу», генерал-губернатар шведскай Памераніі (1648).