— Бачыш, пан Пуцята, ты дарма хваляваўся, — падсумаваў Радзівіл, калі вандроўнікі, абачліва паклаўшы побач зброю, леглі спаць. — Шведы зусім не людаеды.
Пан Пуцята не змог запярэчыць, аднак падумаў, што засне спакойна толькі ў Галандыі, а яшчэ лепш — у Літве. І заснуў адразу ж як паклаў галаву на сядло. Юнакі — следам. Захроп нават Цадроўскі, што да гэтага часу не стамляўся праклінаць дзень, калі д’ябал падбіў яго паступіць на радзівілаўскую службу. Прыгоды ўжо нават пачалі яму падабацца — не такія яны, у рэшце рэшт, былі і страшныя…
Аднак надоўга забыцца ў абдымках Марфея падарожнікам не ўдалося. Яшчэ стаяла глухая ноч, як іх абудзілі поўныя жаху крыкі, страляніна, а трывожны голас трубы нават перакрываў бой баявых барабанаў. Зразумеўшы, што здарылася бяда, усе ўскочылі на ногі і, схапіўшы зброю, выскачылі навонкі, дзе панаваў хаос. Заспетыя знянацку сонныя людзі і коні мітусіліся ў гэтым пекле, шукаючы выратавання ці хаця б нейкага парадку. Жаўнеры шукалі камандзіраў, тыя клікалі сваіх воінаў, але іх немагчыма было пачуць у гэтым бязладдзі, бо кожны займаўся сваім лёсам і не меў часу думаць пра іншых. Спрабуючы зразумець, што адбываецца, Багуслаў схапіў за каўнер першага жаўнера, які трапіўся пад руку. Той пачаў вырывацца, спрабуючы вызваліцца.
— Was ist los? — крыкнуў князь яму ў твар. — Sag es doch![78]
— Osterrikarna! — спалохана піскнуў той. — Det var rena infernot![79]
Ён паказаў рукой туды, адкуль даносіўся скрыгат зброі, і, вырваўшыся, пабег далей.
Князь уцяміў, што адбываецца, не са слоў, якіх не зразумеў, а па страху на твары шведа. Яго падазрэнне пацвердзіў і малады Урангель, што, лаючыся, выскачыў з намёта. Да драгунаў палкоўніка далучыліся і літвіны. Хутка нацягнуўшы баявыя даспехі, ускочылі на коней і панесліся з усіх ног на трывожны грукат барабанаў, які прыспешваў усіх рыхтавацца да бою…
Багуслаў, што з дзяцінства марыў аб ваеннай кар’еры, часта ўяўляў сабе, якім будзе першы ў яго жыцці бой. Уяўлялася яму, як пагодлівым сонечным днём ён садзіцца на белага, як снег, каня, і ляціць проста на варожыя шэрагі, што, як вясновая вада, расступаюцца перад ім. А ён крышыць ворагаў шабляй да поўнай перамогі. Князь не чакаў, што прымаць баявое хрышчэнне яму давядзецца ў поўным хаосе сярод тых самых шведаў, з якімі ён нядаўна збіраўся ваяваць, а тым больш у тым незайздросным становішчы, калі даводзіцца думаць не пра рыцарскую доблесць, а пра выратаванне жыцця. Усё адбывалася як у тумане. Стрэліўшы з пістоля ў твар нейкаму харвацкаму кавалерысту, Багуслаў краем вока паспеў убачыць, як вораг, абліўшыся крывавай юшкай, паваліўся на зямлю. Сам князь сышоўся ў двубоі з іншым імперцам, і праз імгненне яго шабля, са злавесным свістам разрэзаўшы паветра, прагна ўпілася ворагу ў грудзі. Храбусценне чалавечай плоці і пакутлівы праклён душы, якая развітвалася з целам, працялі сэрца юнака нібы нажом, а чырвоныя кроплі пралітай крыві запырскалі яму не толькі адзенне, але і душу. Першая пралітая кроў, першая смерць… Сціснуўшы зубы, Багуслаў прагнаў з вачэй крывавую заслону і ўмела адбіў удар наступнага ворага, які імкнуўся забраць яго жыццё, але замест таго знайшоў сваю пагібель…
Бой цягнуўся нядоўга. Мужная абарона шведскай кавалерыі не змагла стрымаць шалёную атаку краатаў[80], што заслужана лічыліся ўпрыгожаннем аўстрыйскага войска. Яны былі незамянімыя для вось такіх раптоўных нападаў, калі трэба было пасеяць паніку ў шэрагах праціўніка. Вокамгненна раскідаўшы слабую абарону, яны з крыкамі «Jesus, Marija»[81] кінуліся граміць бязладныя шэрагі пяхоты, чый зладжаны роў «Gott mit uns»[82] хутка захлынуўся ў пакутлівым стогне параненых. Калі раніца абвясціла пра сябе халодным восеньскім святлом, хрыплы напружаны голас трубы скамандаваў адступленне…
Захапіўшы Трыбзес і ўзяўшы ў аблогу Грэйфсвальд, аўстрыйцы пачалі пераследваць шведскія войскі, якія хутка адыходзілі да Штральзунда. Аднак у іх не хапіла сіл, каб развіць свой поспех. Толькі дабраўшыся да горада, князь з таварыствам нарэшце змаглі перавесці дух і, успомніўшы мінулае, пагаварыць і пра будучыню. Некалькі воінаў з аховы Радзівіла загінулі ў баі, аднак для астатніх гэтая гісторыя шчасліва скончылася, хіба што Стаброўскі атрымаў драпіну, а пад панам Пуцятам забілі каня.