Аднак такой драбязой ніхто не пераймаўся. Выхавацель радаваўся, што Багуслаў застаўся цэлы і здаровы, а Самуля хвалявала зусім іншае.
— Хто б мог падумаць, што я калі-небудзь буду ў шведскім войску ваяваць! Што дома скажуць? — бедаваў ён.
— Супакой сумленне тым, што змагаўся на баку пратэстантаў і супраць каталікоў, — параіў Невяроўскі. — А дома трымай язык за зубамі.
— Выбіраць не даводзіцца, калі пра ўласнае жыццё ідзе гаворка, — справядліва заўважыў Радзівіл. — Але мой дом мае да шведаў занадта вялікі рахунак за спустошаныя ў мінулай вайне ўладанні, каб я мог ганарыцца гэтым боем…
Ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але змоўк, заўважыўшы смяротна бледны твар Цадроўскага, які, хоць і сядзеў сярод таварышаў, аднак так паглыбіўся ў свае думкі, што нікога не заўважаў.
— Што з табой, Ян? — занепакоіўся князь.
Шляхціц не адказаў, і пан Пуцята, які лепш за Багуслава зразумеў, што адбываецца з юнаком, падаў яму поўны келіх гарэлкі.
— Да дна, — строга загадаў ён, калі Цадроўскі паспрабаваў адмовіцца.
І шляхціц, падпарадкаваўшыся, выпіў.
Гаючы напой падзейнічаў адразу — прынамсі развязаў язык, і Ян пачаў выказваць усё, што было ў яго на сэрцы.
— Я застрэліў аднаго, потым біўся на шаблях… Ударыў, і галава саперніка трэснула як гарбуз, і раскалолася напалам… Усё было як у тумане. Я памятаю, як ударыў другога, а затым сышоў з каня і назіраў, як у яго вачах згасала жыццё. Вакол свісталі кулі, і мяне толькі цудам не закранула… Я забіў не яго, а сваю душу…
— Ну і дурань жа ты! — перапыніў Невяроўскі. — Лепш забіваць самому, чым дазволіць нейкаму паганаму аўстрыяку забіць сябе.
— Усё ж ты нядрэнна трымаўся, — парадаваў Цадроўскага Стаброўскі. — А я думаў, ты памрэш з перапуду, як толькі ворага ўбачыш.
Яны з Янам пераглянуліся і насмешліва зарагаталі.
— Замаўчыце абодва, — абарваў іх Радзівіл, бо перад яго вачыма таксама праляцелі жахі гэтага дня.
Ён павярнуўся да маршалка, і той, падбадзёрвальна ўсміхнуўшыся, напоўніў келіх і для яго. Адчуўшы, як пякучая вадкасць апаліла горла, князь пакінуў верадзіць душу і міжволі паморшчыўся:
— Якая брыдота! Пан Пуцята, здаецца, мы мелі з сабой яшчэ цэлы мех вугорскага?
— Ён загінуў разам з добрай паловай рэчаў вашай княжацкай міласці, калі крааты дагналі наш абоз, — адазваўся выхавацель.
Нягледзячы на дрэнную навіну, ён усміхаўся. Радзівіл спадылба зірнуў на яго і нечакана для сябе засмяяўся ў адказ. Пераглянуўшыся, засмяяліся і шляхціцы. Смяяліся ад шчасця, што выстаялі ў баі — нават не з праціўнікам, а з самімі сабой. Пралітая сёння кроў уразіла юныя душы і загартавала сэрцы. Усе адчувалі сябе бывалымі ваярамі: іх дзяцінства палегла на полі бою.
А Ян Цадроўскі першы і апошні раз у жыцці напіўся так, што мала богу душу не аддаў. Назаўтра яго выварочвала доўга і цяжка, аднак Багуслаў нават словам яго не папракнуў, толькі пахваліў за мужнасць.
Назаўтра паўстала пытанне, што рабіць далей. Штральзунд быў магутнай крэпасцю, аб якую нядаўна абламаў зубы сам Валенштэйн[83]. Можна было бяспечна жыць пад аховай яго ўмацаванняў, пакуль не знойдзецца магчымасць пакінуць горад морам. І пан Пуцята горача адстойваў гэты самы нудны, хаця і самы бяспечны спосаб падарожжа. Але Багуслаў, махнуўшы рукой на ўсе засцярогі выхавацеля, скарыстаўся сваім тытулам прынца Свяшчэннай Рымскай імперыі і з невялікім канвоем наведаў галоўны аўстрыйскі лагер, дзе засведчыў сваю пашану прынцу Медычы. Назіраючы, якія высокія ўшанаванні імперскія галоўнакамандуючыя аддаюць іх юнаму князю, выхаваныя па польскіх звычаях Невяроўскі і Стаброўскі, якія суправаджалі Радзівіла ў гэтай паездцы, зусім разгубіліся. І было чаго! У Рэчы Паспалітай княжацкія тытулы, не падмацаваныя пасадамі і значнымі прыбыткамі, не каштавалі нічога, і Радзівілы мелі дома вялікую вагу не дзякуючы імені, а праз свае значныя дзяржаўныя пасады. Аднак аказалася, што за межамі іх Айчыны тытулы, якімі так пагарджала шляхецкая брація, абараняючы пастулаты «залатой вольнасці», адчынялі любыя дзверы і забяспечвалі вялікую павагу з боку моцных гэтага свету.
Нягледзячы на цёплую сустрэчу, князь не стаў затрымлівацца ў гасцінных аўстрыйцаў, а працягнуў шлях у Гамбург і Брэмен. Нарэшце адкрылася прычына такой спешнасці — Багуслаў хацеў узяць удзел у грандыёзнай аблозе Брэды, якую ўжо некалькі месяцаў ладзіў галандскі штатгальтар Фрыдрых Генрых Аранскі. Але, прыбыўшы ў Дэлфзейл, князь з велізарным расчараваннем даведаўся, што аблога ўжо скончылася капітуляцыяй іспанцаў.
83
Альбрэхт Венцэль Айзебіус фон Вальдштэйн, больш вядомы як Валенштэйн (1583–1634) — герцаг Фрыдландскі і Мекленбургскі, князь Саганскі, генералісімус, адзін з галоўнакамандуючых войскаў Свяшчэннай Рымскай імперыі падчас Трыццацігадовай вайны.