Выбрать главу

Цяпер нішто не перашкаджала Багуславу сесці за кнігі. Так ён і зрабіў, прыбыўшы ў Гронінген, каб паступіць у мясцовы ўніверсітэт. Пан Пуцята, які не скора прыйшоў у сябе пасля падарожжа і не пераставаў славіць бога за тое, што яно шчасліва скончылася, быў сам не свой ад радасці.

Раздзел З

КАТАРЫНА ПАТОЦКАЯ

Варшава

(жнівень — лістапад 1637 года)

Пакуль кузэн падарожнічаў па Еўропе, Януш жыў пры каралеўскім двары ў Варшаве, дзе пра віленскую сутычку ўжо ніхто не згадваў. Аднак у фартуны хлопца быў такі ж бурлівы нораў, як і ў яе падапечнага, і новых клопатаў доўга чакаць не прыйшлося.

Скандал выбухнуў на абедзе ў каралеўскага ўлюбёнца Казаноўскага, дзе сярод каронных паноў быў і літоўскі падкаморы[84]. Пазнанскі біскуп прычапіўся да яго з гарачымі папрокамі, што адпраўляе ў сваім палацы ерэтычную службу і прымае кальвіністаў.

— Калі ты, князь, сам не выганіш з Варшавы свайго пастыра, я табе ў гэтым дапамагу, — казаў ён. — Бо не будзе польская сталіца ерэтычным гняздом!

Януш загарэўся ад гневу.

— Бяру ў сведкі ўсіх прысутных, што ніякіх сустрэч я не склікаю і мае дзверы адчыненыя для кожнага. Хто прыйдзе — не выпхну, — адрэзаў ён, і ўсё ж не стрымаўся: — Але калі б з такімі намерамі прыйшоў біскуп, не ведаю, ці патрапіў бы ён у дзверы.

Госці, што былі ўжо нападпітку, паўскоквалі і ўзнялі крык пра абразу веры. Больш за ўсіх стараўся гаспадар, які нават пакляўся асабіста ўстаць на абарону Касцёла і адпомсціць Радзівілу. Януш, які ніколі за словам у кішэню не лез, тут жа выклікаў Казаноўскага на паядынак.

Наступнай раніцай Радзівіл і яго таварыш Мікалай Абрахамовіч, старадубскі староста, прыбылі на месца паядынку. Ужо і сонца пачало прыпякаць, а адважны абаронца каталіцкай веры так і не з’явіўся. Праклінаючы Казаноўскага, Януш, які ўжо сёмым потам умыўся, напісаў крыўдзіцелю запіску, дзе ветліва нагадаў пра справу гонару, і адправіў яе з пасланнікам.

Каронны падкаморы толькі прачнуўся і, трымаючыся за галаву, якая аж трашчала ад выпітага ўчора мёду, прайшоў у вітальню. Там яго чакала перапалоханая жонка, якая атрымала пасланне ад Януша.

— Чалавеча! — аж ускрыкнула яна, заліваючыся слязьмі. — Ты напіўся або розум згубіў, што сабраўся біцца з гэтым шалёным Радзівілам?

Перапалоханы Казаноўскі ўмомант працверазеў. Разам з хмелем знікла і рыцарская адвага.

— Найсвяцейшая Дзева, — усхліпнуў ён, успомніўшы ўчарашнюю аказію. — Хай згарыць у пякельным агні пракляты біскуп, давёў мяне да граху. Што ж цяпер рабіць?

Уздыхаючы, пан Адам меркаваў, як бы адгаварыцца ад паядынку, ды так нічога і не змог прыдумаць. Аднак Найсвяцейшая Дзева ўсё ж дапамагла яму, бо ў гэты час на парозе з’явіўся пасланец каралевіча Яна Казіміра. Той запрашаў найяснейшага пана да сябе ў госці: сам кароль Уладзіслаў, якому ўжо расказалі пра ўчорашнюю сварку, папрасіў брата памірыць праціўнікаў. Славячы бога, Казаноўскі неадкладна адправіўся з пасланнікам каралевіча, баючыся, што разгневаны Радзівіл з’явіцца шукаць яго дома.

Між тым князь Януш, злы і галодны, і праўда сабраўся ў госці да саперніка. Яны з панам Абрахамовічам ужо ўскочылі на коней, калі заўважылі літоўскага маршалка пана Весялоўскага, які з усіх сіл імчаўся да іх.

Павіталіся. Спачатку злосны Януш нічога і слухаць не захацеў аб прымірэнні, але ўсё ж пагадзіўся наведаць Яна Казіміра, дзе яго ўжо чакаў няўдалы дуэлянт. Каралевічу нават не давялося моцна старацца, каб прымірыць сапернікаў: пан Казаноўскі, ледзьве ўбачыўшы нядаўняга ворага, кінуўся яго абдымаць і прасіць прабачэння…

Князь жа Крыштаф, калі яму далажылі аб гэтай падзеі, толькі ўздыхнуў.

— Калі дзіця капрызіць, трэба яго жаніць, — вырашыў ён і загадаў Янушу пачаць пошукі нявесты.

Сын, аднак, зусім не гарэў жаданнем развітацца са свабодным жыццём. У Варшаве хапала амурных забаў, і вясёлае халасцякаванне, ды яшчэ і ўдалечыні ад бацькавых вачэй, яшчэ не страціла для маладога князя прывабнасці. Ён з усіх сіл стараўся адтэрмінаваць гэтую справу. Да каралеўскага вяселля яму гэта яшчэ неяк удавалася, але пасля таго, як князь Крыштаф асабіста наведаў Варшаву, каб узяць удзел у вясельных урачыстасцях, маладому Радзівілу давялося заняцца асабістым жыццём. Хоць бацька і саступіў яму некалькі маёнткаў, прыбыткаў ад іх не хапала на раздольнае жыццё. А літоўскі гетман, дадаючы астатнія неабходныя сродкі, пагражаў спыніць аплату сынавых вэксаляў, калі той не возьмецца за розум і не парупіцца пра спадкаемца. Паколькі кароль ажаніўся з аўстрыйкай, князь Крыштаф перастаў настойваць на кандыдатуры нямецкай прынцэсы, а пагадзіўся з меркаваннем сына, што нявесту можна знайсці і ў Рэчы Паспалітай. Параіўшы Янушу ўзяць за жонку адну з дзвюх самых багатых нявест — або князёўну Ганну Вішнявецкую, або ваяводзінку люблінскую Тэнчынскую, — князь Крыштаф адбыў у Вялікае Княства.

вернуться

84

Прыдворная пасада Януша Радзівіла, якую той займаў у 1633–1643 гадах.