Выбрать главу

— Дык у мяне ж, мой дарагі ваяводзіч, дочкамі поле не засеяна, — смяялася Марыя. — А ад жаніхоў і качаргой не адаб’ешся. Выпхнеш у дзверы — у вокны зазіраюць, прычыніш акно — праз комін у дом лезуць. Што, не праўду кажу, пане Грудзінскі?

Пакуль расчырванелы ваяводзіч апраўдваўся, Януш, пачуўшы, што музыкі зайгралі гальярду[85], падышоў да Катарыны і, па-рыцарску стаўшы на калена, запрасіў на танец. Пан каронны пісар, не жадаючы адставаць ад Радзівіла, падаў руку Ганне Патоцкай. Яшчэ некалькі кавалераў, што хацелі танцаваць, адшукалі сабе пару і выйшлі на сярэдзіну залы.

Радзівіл добра ведаў, што робіць. Пры каралеўскім двары ён быў першым у танцах, а ў гэтым невялікім таварыстве тым больш не меў сабе роўных. Калі музыка скончылася, Катарына ўжо была ў захапленні ад кавалера. Хоць яна сарамліва маўчала, палкі погляд светла-карых вачэй быў красамоўнейшы за любыя словы.

Калі Януш вярнуўся на месца, пан Астрарог якраз усхваляў танцавальнае майстэрства князя і казаў, звяртаючыся да каралеўскага сакратара, які, хоць і быў духоўнай асобай, але і свецкіх размоваў не цураўся:

— У жыцці не бачыў такой прыгожай пары. Калі б Госпад спараваў, добрыя б дзеткі нарадзіліся ў гэтым шлюбе.

Ксёндз слухаў і ўхвальна ківаў, не забываючы, аднак, зазіраць у чарку.

— Без мяне ўжо мяне ажанілі, — абурыўся Радзівіл, пастанавіўшы абавязкова пазнаёміцца з паннай Тэнчынскай.

Падумаўшы так, ён гучна кашлянуў, паведамляючы пра сваю прысутнасць. Пан каронны падчашы, аднак, зусім не збянтэжыўся:

— А ты, князь, што скажаш? Ці ж спадабалася табе панна Патоцкая? — гучна спытаў ён.

— Як можа такая прыгажуня не спадабацца, — усё ж ўсміхнуўся Януш, заўважыўшы, што Катарына глядзіць на яго.

Дзяўчына пачырванела і апусціла вочы. Задаволены адказам, пан Астрарог па-панібрацку паляпаў Радзівіла па плячы і зашаптаў яму на вуха:

— Дык бяры яе, твая міласць. Бяры і не думай. Дзе ты лепшую знойдзеш? Прыгожая, добрая, разумная, а яшчэ ціхая і ветлая, як вясновае сонейка! Адно тваё слова — і я сам буду тваім сватам.

— І я, — прашамкаў пан каралеўскі сакратар, што якраз уграз зубамі ў свіной назе.

— Вялікі дзякуй за ласку, панове, — ледзь стрымліваючы гнеў, пакланіўся Януш. — Але ў такой важнай справе спяшацца не можна. Маё шанаванне, яснавяльможныя!

Сказаўшы так, Радзівіл накіраваўся да дзвярэй, праклінаючы ў думках Грудзінскага з яго танцамі і вячэрай. Але хоць князю хацелася як найхутчэй выбрацца адсюль, нельга было пакінуць дом, не падзякаваўшы гаспадарам за пачастунак. Пані ваяводзіна была трохі расчараваная, што ганаровы госць так хутка сыходзіць. Настойлівая жанчына не захацела адпускаць яго, пакуль Радзівіл не даў слова, што заўтра абавязкова прыбудзе да яе на абед.

Раздражнёны Януш пакінуў аж занадта гасцінны дом, сам сабе абяцаючы, што паслязаўтра ўжо абавязкова паедзе ў Кракаў.

х х х

Абед прайшоў спакайней за вячэру. З гасцей быў толькі пан каралеўскі сакратар, які больш піў, чым гаварыў. Маладыя Патоцкія, якія яшчэ не прывыклі да пышных гулянак, сядзелі з драўлянымі абліччамі. Дзяўчаты сарамліва маўчалі, а пані ваяводзіна гаварыла за ўсіх і змоўкла толькі тады, калі перамыла костачкі ўсім знаёмым, а на дварэ ўжо стаяла глыбокая ноч. Януш, які старанна рабіў выгляд, што слухае яе балбатню, азіраўся навокал. А потым наткнуўся позіркам на Катарыну і ўжо не зводзіў з яе вачэй.

— Ці можам прасіць вашу княжацкую міласць заўтра зноў да нас у госці? — пяшчотным галаском прамовіла Катарына, калі Янушу ўжо надышоў час вяртацца дадому.

Радзівіл хацеў рассыпацца ў выбачэннях, але тут заўважыў, што залатая зашпілька, якая ўвесь вечар цнатліва трымала тонкія карункі на грудзях дзяўчыны, расшпіленая. Князь адразу ж зазірнуў у вузкі прасвет, з усіх сіл імкнучыся разгледзець, якое ж багацце там схаванае, і так захапіўся гэтай справай, што нечакана для сябе сказаў: «Так».

На двор Януш выйшаў у суправаджэнні пана каралеўскага сакратара, які, хоць і моцна выпіў, але ўпэўнена трымаўся на нагах.

— Я бачу, вашай княжацкай міласці спадабалася панна Патоцкая? — хутчэй сцвярджаючы, чым пытаючыся, сказаў ён.

— Добрая дзяўчына, — асцярожна адказаў літоўскі падкаморы. — Але яшчэ не ведаю, ці яна для мяне, і ці я для яе…

— Ну, — ікнуў ксёндз, — гэта ты сам, твая міласць, павінен вырашыць, і ніхто іншы. Ці другая на сэрцы ёсць? — хітра спытаў ён, спрабуючы зазірнуць у твар Янушу.

Ноччу гэта было вельмі няпроста, тым больш, што князь быў на цэлую галаву вышэйшы за святога айца.

вернуться

85

Гальярда (ад італ. «весела») — вясёлы прыдворны танец раманскага паходжання XVI–XVII стагоддзяў, выкананне якога патрабавала ад кавалераў лёгкасці і спрыту. На балях падчас выканання гальярды танцоры часта спаборнічалі паміж сабой у майстэрстве.