— Як твой добры сябар я, найяснейшы князь, раіў бы табе перш пагаварыць з князем-канцлерам. Бо не варта мне раней за яго языком малоць… Але не спяшайся! — крыкнуў ён услед Янушу, бо той ужо павярнуўся да дзвярэй. — Пачакай, пакуль на вуліцы добра развіднее…
Радзівіл вярнуўся дадому не на жарт устрывожаны і доўга блукаў палацам, як той прывід, раз-пораз пазіраючы на гадзіннік, што ніяк не жадаў паказваць прыстойны для візітаў час. Так працягвалася, пакуль не прачнуўся пан Абрахамовіч, які на правах прыяцеля жыў у княжым доме. Выйшаўшы ў пакой, ён заўважыў, што з Янушам робіцца нешта дзіўнае.
— Што з табой, князь? — занепакоіўся ён. — Ты з твару змяніўся!
— Сам не ведаю, — нацягнута ўсміхнуўся Януш, але ўсё ж распавёў таварышу пра свае клопаты.
— Гэта цябе любоўная фебра[86], князь, так трасе, — з веданнем справы абвясціў той. — Аднак, я табе раіў бы не чакаць князя-канцлера, а самому ехаць да яго. Так хутчэй пра ўсё даведаешся.
— Праўду кажаш, — сказаў літоўскі падкаморы, якога сцены ўласнага дома душылі, нібы пятля — шыбеніка. — А ты, як мой таварыш, паедзеш са мной.
Пан староста, што не чакаў такога гонару, трохі здзівіўся, але з радасцю пагадзіўся дапамагчы Радзівілу. Разам яны выправіліся ў палац літоўскага канцлера.
Нягледзячы на раннюю гадзіну, князя Альбрэхта ўжо дома не было — маліўся ў касцёле. Януш, якога калаціла любоўная ліхаманка, накіраваўся проста туды. Прыбыў як раз своечасова, каб перахапіць князя-канцлера, які, памаліўшыся, з выглядам святошы пакідаў храм.
— Ну, што, дзядзька? — дрыжучы ад хвалявання, спытаў ён. — Як там мая справа?
Князь Альбрэхт цяжка ўздыхнуў і ўзняў вочы да неба.
— Ці бачыш, дарагі пляменнік, — асцярожна сказаў ён. — Яшчэ ўчора я пільна стараўся дзеля тваёй справы, але сёння ноччу з’явілася да мяне Найсвяцейшая Дзева і загадала ўзяць тваю панну сабе ў жонкі. Не трымай на мяне за гэта зла ў сэрцы, бо тое, што мне бог наказаў, я павінен выконваць.
Пры гэтых словах у літоўскага падкаморага і мову адабрала. Пан Абрахамовіч таксама замёр, пачуўшы такое. А князь-канцлер, набожна перахрысціўшыся на святы крыж, які вянчаў касцёл, рушыў сабе дадому.
Раздзел 4
РАДЗІВІЛ СУПРАЦЬ РАДЗІВІЛА
Варшава
(лістапад 1637 года)
Пан Абрахамовіч падышоў да Януша. Той як стаяў, так і аслупянеў бы мармуровая статуя, і невідушчым позіркам глядзеў услед князю Альбрэхту. Абрахамовіч лёгенька патрос яго за плячо.
— Што ты цяпер, князь, думаеш рабіць?
Януш быццам прачнуўся ад сну.
— Я? — страшна бліснуў ён вачыма, намацваючы шаблю на баку. — Я зараз пакажу гэтаму божаму чалавеку, дзе ракі зімуюць!
Калі князь-падкаморы злаваўся, дык ужо не памятаў сябе. Хацеў дагнаць хлуслівага дзядзьку і па-рыцарску разлічыцца з ім за падступнасць, але старадубскі староста, заўважыўшы гэта, абхапіў таварыша за плечы.
— Тут не шабляй махаць трэба, князь, а дзяўчыну здабываць! — крыкнуў ён. — Яшчэ ж сватаўства не было і не будзе, калі ты галавы не страціш.
Нейкі час Януш моўчкі змагаўся з ім, але хутка зразумеў, што пан староста мае рацыю.
— Праўду кажаш, — цяжка дыхаючы, сказаў ён. — Ох, калі б мой дарагі дзядзька не быў Радзівілам, ужо б не аб шлюбе думаў, а сабе магілу капаў! Але не ўбачыць ён маёй Касенькі як сваіх маладых гадоў… Зараз паедзем да Казаноўскага, бо не хачу я ў такой справе мець ворагам яшчэ і каралеўскага ўлюбёнца, а затым — і да ваяводзінай.
Казаноўскага Януш заспеў яшчэ ў ложку. Пасля ўчорашняга балю пан Адам адчуваў сябе не найлепшым чынам, але, так-сяк прадзёршы вочы, абвясціў князю, што гатовы яго слухаць. Калі Радзівіл распавёў пра сваю бяду, Казаноўскі папракнуў яго:
— Ці не казаў я табе, князь, што не варта перабягаць дарогу майму сваяку?
— Ды хто ж яму дарогу перабягае, — сказаў Януш, бо, прадбачыўшы такое пытанне, загадзя прыдумаў адказ. — У ваяводзіны дзве дачкі, хай бярэ сабе малодшую і будзе мне мілым сваяком.
Як мудра прадбачыў Януш, пан Казаноўскі не выстаяў перад спакусай парадніцца не толькі з Патоцкімі, але і з Радзівіламі.
— І тое праўда, — узрадаваўся ён. — Ну, калі Госпад прызначыў табе панну Катарыну, дык няхай споўніцца яго воля.
— То, можа, ты, пане-браце, узяў бы на сябе клопат замовіць за мяне слоўца перад ваяводзінай? — папрасіў Януш, убачыўшы, што яго парада прыйшлася кароннаму падкамораму да душы.